На базе Ушачского лесхоза прошла коллегия Витебского государственного производственного лесохозяйственного объединения

Общество

На гэтым тыдні 90 лесаводаў Прыдзвінскага краю прыехалі да нас на старце напружанага веснавога сезона, каб абмеркаваць надзённыя справы: на базе Ушацкага лясгаса прайшла калегія Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.

А.Апёнак праводзіць экскурсію ў лесапітомніку.

А чаму менавіта ў нашым раёне было вырашана распачаць серыю сёлетніх выязных мерапрыемстваў? Пра гэта мы запыталіся ў генеральнага дырэктара аб’яднання Юрыя Заблоцкага. “Сёння мы сабраліся, каб абмеркаваць гатоўнасць лясгасаў вобласці да лесакультурнага сезона і пажаранебяспечнага перыяду. Залішне казаць, наколькі гэта важныя накірункі дзейнасці, і ў папярэднія часы Ушацкі лясгас не быў па іх у ліку лідараў. Але ў апошнія год-паўтара сітуацыя кардынальна змянілася: пытанні лесааднаўлення трапілі пад асаблівую ўвагу, створана лесакультурная брыгада, зроблены вялікі крок у плане тэхнічнага аснашчэння. Тое ж можна сказаць і наконт супрацьпажарнай бяспекі: у прыватнасці, летась 6 лясгасаў вобласці набылі новыя пажарныя машыны, і ўшачане зрабілі гэта першымі. Адным словам, бачна, што кіраўніцтва лясгаса мабільнае і перажывае за будучае”, – зазначыў Юрый Іванавіч.

Станоўчую ацэнку кіраўніка аб’яднання праілюстравала наведванне аб’ектаў. Старт мерапрыемству быў дадзены ў Сарочынскім лясніцтве, якое з-за размяшчэння на перакрыжаванні бойкіх дарог вобразна называюць варотамі лясгаса і ўсяго раёна. Гасцей шчыра прывітаў дырэктар Ушацкага лясгаса Сяргей Аляксандравіч Даніловіч. Прысутныя азнаёміліся з базай, ацанілі тое, што зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторыі, задалі ляснічаму Сяргею Ільюшэвічу пытанні аб выніках леташняй работы па лесааднаўленні і шляхах яе паляпшэння.

З захапленнем удзельнікі калегіі разглядалі абноўлены будынак і тэрыторыю Ушацкага доследна-вытворчага лясніцтва. З непадробнай цікаўнасцю знаёміліся і з першымі вынікамі дзейнасці створанай мінулай вясной лесакультурнай брыгады, што займаецца доглядам маладых пасадак на тэрыторыі ўсіх лясніцтваў раёна, – пра гэта дэталёва распавёў галоўны ляснічы лясгаса Аляксей Апёнак.

Агляд лясной аховы.

Для брыгады былі закуплены два новыя трактары і спецыяльная тэхніка, і работнікі, якія з ёй працуюць, дзяліліся сваімі ўражаннямі. Напрыклад, трактарыст Андрэй Урбан па просьбе лесаводаў расказаў аб вартасцях дыскавай бараны Нізінскага, наколькі якасна яна апрацоўвае міжрадкоўі маладых пасадак, вылучыў і нюансы канструкцыі, якія варта было б удасканаліць.

Лесакультурныя брыгады пакуль маюцца не ва ўсіх лясгасах, і дэбютны год дзейнасці ўшацкага падраздзялення паказвае, што гэта эфектыўнае новаўвядзенне – да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі калегіі.

З цікаўнасцю разглядалі прысутныя прыгаданы вышэй новы пажарны аўтамабіль, зручны і ўкамплектаваны па сучасных стандартах. Ушачане ж паведамілі, што тушыць з яго дапамогай лясныя пажары, на шчасце, пакуль не давялося, аднак “боегатоўнасць” тэхнікі ўжо была праверана, калі дапамога спатрэбілася выратавальнікам.

Адметным момантам мерапрыемства стаў агляд гатоўнасці лясной аховы, які праходзіць ва ўсіх лясніцтвах перад пачаткам пажаранебяспечнага сезона. У работнікаў праверылі наяўнасць пасведчанняў і нагрудных знакаў, экіпіроўку, навыкі. Работу лясной аховы, прадстаўнікі якой раней дзяжурылі на вышках, у цяперашні час аблегчылі камеры відэаназірання. Вельмі прагрэсіўнай распрацоўкай з’яўляецца сістэма ранняга выяўлення пажараў “Лесной страж”, якой зараз аснашчаюцца беларускія лясгасы. Устаноўленыя на вышках камеры звязаны адзінай сеткай і дазваляюць хутка і дакладна вызначаць ачагі ўзгаранняў. “Лясныя вартавыя” ўжо паўсюдна паказваюць сваю эфектыўнасць у Гомельскай і Гродзенскай абласцях, рухаецца гэты працэс і ў Прыдзвінскім рэгіёне, і прыемна, што Ушацкі лясгас тут таксама сярод першапраходцаў. А прадстаўнікі кампаніі, якая ўкараняе навінку, далі практычныя парады па яе выкарыстанні.

Работнікі лесакультурнай брыгады расказваюць пра тэхніку.

Калі ж удзельнікі мерапрыемства пераехалі ў лесапітомнік, многія дасталі мабільныя тэлефоны, каб сфатаграфаваць убачанае. Агульную ўвагу прыцягнула шарэнга спецыяльнай тэхнікі, якую прадпрыемства набыло апошнім часам для пасадкі і догляду за культурамі. “Вось як павінен выглядаць тэхнічны арсенал пітомнікаў! У некаторых жа лясгасах ён складаецца з адной-дзвюх старых барон – аб якой даходнасці тут можа ісці гаворка?”, – канстатаваў галоўны ляснічы ДВЛГА Аляксандр Ізмайловіч. Увогуле за апошні год для развіцця базы ўшацкага лесапітомніка набыты трактар і некалькі адзінак спецтэхнікі, халадзільная камера, абсталявана водазаборная свідравіна, абноўлены тэхнічныя памяшканні. На тэрыторыі з’явілася пятая цяпліца – вялікая і суперсучасная, з аўтаматычнай сістэмай паліву. Як патлумачыў А.Апёнак, мантаж ужо завершаны, хутка будзе завезены грунт – сумесь торфу з аграперлітам – і ў цяпліцы пачнуць вырошчваць сеянцы сасны звычайнай і елкі еўрапейскай.

У 2021 годзе ў развіццё лесапітомніка Ушацкага лясгаса было інвесціравана 244 тысячы рублёў, яшчэ 110 тысяч пайшло на абнаўленне шышкасушылкі. Зараз у пітомніку вырошчваецца 40 відаў раслін. За мінулы год на ўласныя патрэбы рэалізавана насеннага матэрыялу на 87 тысяч рублёў, пабочным пакупнікам – на 27 тысяч.

“Канечне, укладанні ў вытворчасць зроблены вялікія, аднак толькі такім чынам можна палепшыць якасць, павялічыць аб’ёмы прадукцыі, а значыць – і даходнасць лесапітомнікаў”, – пракаменціраваў убачанае Ю.Заблоцкі. Зрэшты, гэта датычыцца і іншых напрамкаў дзейнасці лясгасаў.

* * *

Шырокае кола пытанняў было абмеркавана на пленарным пасяджэнні, якое прайшло ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Кіраўніцтва аб’яднання і ўдзельнікі калегіі адзначылі высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства, падзякавалі ўшацкім калегам за цёплы прыём.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *