Учитель по классу цимбал Ушачской ДШИ Ирина Коршун заряжает учеников волшебной магией инструмента

Общество

Адпаведна журналісцкім канонам, на ідэальным вытворчым здымку выкладчыка музыкі апроч яго самога павінны прысутнічаць інструменты і пара вучняў. Гэта мы з настаўнікам па класе цымбалаў Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў Ірынай Васільеўнай Коршун агаварылі загадзя. Калі ж пачалі размову, дзверы пахвілінна пачалі адчыняцца – і хутка памяшканне напоўнілася добрым дзясяткам хлопчыкаў і дзяўчынак. Аказалася, што сфатаграфавацца ў газету разам з любімым выкладчыкам захацелі ўсе вучні. Так наш ідэальны здымак стаў групавым.

А здаецца, зусім нядаўна і сама Ірына бегла з нотамі ў школу. Музычнай дзяўчынка была ад прыроды: перадаліся гены па мамінай лініі. Прыгадвае, як у дзяцінстве кожнае лета ездзіла да бабулі ва Украіну, а там песні ў хаце гучалі пастаянна, нават канцэрты па вечарах на вуліцы разам з суседзямі ладзілі. Калі ж Іры было 8, аднойчы вечарам да іх на дом завітала выкладчык харавога аддзялення – спецыялісты “музыкалкі” актыўна “вербавалі” пачаткоўцаў, наводзячы спраўкі пра іх таленты ў школьных настаўнікаў. “Мне тут расказалі, што ты любіш пець. Хочаш гэтаму яшчэ лепш навучыцца?”. Ёй хацелася, але сказаць “так” дзяўчынка чамусьці не адважылася. А праз пару год яе лёс вырашыла сяброўка, якая хадзіла на цымбалы. Аднойчы за кампанію на ўрок да Людмілы Аляксееўны Цыунчык зазірнула і Іра. Так і закруціўся яе прыгожы раман з гэтым інструментам.

“Навучанне давалася лёгка, і пасля 9 класаў я вырашыла пайсці ў музычны каледж, – расказвае Ірына. – Бацькі не адгаворвалі: давяралі майму выбару. А потым зразумела, што хачу развіваць музычны кругагляд, і паступіла ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Ужо на другім курсе пачала працаваць у сталічнай школе з эстэтычным ухілам. Пры жаданні змагла б застацца ў горадзе, але выйшла замуж за свайго земляка і, атрымаўшы дыплом, вярнулася ва Ушачы”.

Першым часам вакансіі ў музычнай школе не было, і Ірына згадзілася стаць загадчыкам аўтаклуба РДК. Гэта быў няпросты, але цікавы вопыт. Маладую цымбалістку падтрымаў баяніст Юрый Канстанцінаў: склаўся нечаканы творчы дуэт, без нумароў якога не абыходзіўся ніводны канцэрт. А як горача прымалі артыстаў у вёсках, дзе выступленні часам ладзіліся на вуліцы ці ў дамах старэйшын. Дзеля такой справы Ірыне давялося нават вывучыць прыпеўкі – хоць і прызнаецца, што адчувала сябе ў гэтым амплуа не надта арганічна.

А пасля дэкрэтнага водпуску з’явілася магчымасць займацца тым, да чаго ляжала душа – вучыць дзяцей. Прычым яе адразу прызначылі загадчыкам народнага струннага аддзялення – атрымоўвалася, што ў падпарадкаванні нядаўняй вучаніцы аказаліся куды больш вопытныя калегі. Гэта быў няпросты маральны бар’ер, але тактоўнасць, узаемаразуменне і падтрымка калектыву дапамаглі яго пераадолець. Так сталася, што Ірына працягнула справу сваей былой выкладчыцы Людмілы Аляксееўны і нават першыя вучні дасталіся ёй “у спадчыну”. І якія вучні! Аліна Герцык, Насця Гарыслаўка – абедзьве паступілі потым у музычны каледж. Летась жа гэты спіс папоўніла і Ульяна Хвошч. А колькі за гэты час у падапечных маладога педагога было конкурсных поспехаў! На іх рахунку не адзін дзясятак дыпломаў, у тым ліку такіх прэстыжных форумаў, як конкурс імя Жыновіча, фестываль “Перазвоны”. Напэўна, сакрэт у тым, што выкладчыца ўмее зараджаць вучняў сваім шчырым захапленнем інструментам, любоў да якога, як яна прызнаецца, з цягам часу толькі мацнее.

Але многія ўшачане ведаюць Ірыну як адну з удзельніц нашага народнага вакальнага квартэта “Натхненне”. Далучэнню ж у склад брэндавага калектыву папярэднічаў візіт да яе на дом Жанны Віктараўны Савіцкай. “Прапанова была надзвычай пачэснай і, канечне, я вельмі хацела арганічна ўліцца ў квартэт. Часу ж на гэта было адведзена нямнога. Мы старанна рыхтаваліся да міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі, які мусіў адбыцца ў Мінску з нагоды святкавання 1025-годдзя Хрышчэння Русі. Мой дэбютны выхад на сталічную сцэну быў вельмі хвалюючым, але я не падвяла славуты калектыў і рада, што здолела стаць яго часткай”, – прызнаецца І.Коршун.

Хоць яна аднолькава ярка выглядае і ў лірычных, і ў жартоўных нумарах, менавіта духоўны рэпертуар ёй асабліва блізкі, бо Ірына з’яўляецца пеўчай царкоўнага хору, дапамагае арганізоўваць мерапрыемствы для дзяцей нядзельнай школы. Нягледзячы на занятасць, напружаную педагагічную і творчую дзейнасць, стараецца на ўсё знайсці час і, канечне, вылучыць яго для мужа і дачушкі, якая ўжо таксама выходзіць на канцэртную сцэну.

…Пасля фотасесіі разыходзіцца ніхто з юных музыкантаў не хацеў. Косця Сіманаў, умудроны ўжо амаль гадавым стажам асваення інструмента, ахвотна паказваў, як правільна трымаць малаточкі. Злата Клімашэўская і Даша Дрозд захоплена шчабяталі пра тое, што выбралі цымбалы, бо яны не толькі гучаць, а і выглядаюць прыгожа. А “аксакалы” Мікіта Крыжэўскі і Іван Драгун віртуозна наігрывалі на народным інструменце хіты “Металікі” і “Нірваны”. Аб’ядноўвала ж гэтую разнамасную кампанію чароўная магія цымбалаў. І недарэмна так шануюць яны педагога, што навучыў іх вымаць з гэтай чароўнай скрынкі са струнамі заліхвацкія трэлі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *