Ветэраны культуры разам


удзеня, у раённым Доме культуры сабраліся былыя работнікі культуры на сваё святочнае пасяджэнне. Гэта было першым мерапрыемствам нядаўна створанай ветэранскай арганізацыі. Узначаліла яе работніца цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Е.Я.Лось Вольга Пятроўна Полазава. Сярод запрошаных на каляднае пасяджэнне – тыя, хто нёс наведвальнікам кніжныя веды, радаваў клубнымі мерапрыемствамі, займаўся музейнай справай, развіваў рамёствы.

Начальнік аддзела культуры райвыканкама Т.М.Малак расказала, адкуль пайшла ідэя аднаўлення ветэранскіх традыцый у гэтай сферы. Былая начальнік абласнога ўпраўлення культуры Г.І.Клёсава, якой 75 гадоў і якая працягвае працаваць, захоўвае грамадскую актыўнасць, падала такую думку, што добра было б ветэранам аб’яднацца, збірацца разам…

І сапраўды нядрэнна, вырашылі ўшацкія былыя культработнікі пасля названага мерапрыемства. А яно было цёплым і шчырым. Народны клуб майстроў пры РДК наладзіў выставу карцін. І прыехаўшы на сустрэчу з Глыбачкі Д.У. Крупеня змог убачыць цікавасць іншых да яго творчасці. Разам з дырэктарам раённага Дома рамёстваў яны абмеркавалі творчыя аспекты мастакоўскай справы, бо абодва ствараюць карціны.

Рады былі пабачыцца ўсе тыя, хто некалі працаваў разам. Вядучая, мастацкі кіраўнік РДК Дзіна Пенкальская цікава правяла сустрэчу. Сваімі ўспамінамі падзяліліся Т.Ф.Казачонак, Т.М.Марковіч, Т.Ф.Крахотка, Д.У.Крупеня.

Аб сённяшніх справах у сферы культуры, у тым ліку аб развіцці культустаноў у аграгарадках, расказала ветэранам начальнік аддзела культуры райвыканкама Т.М.Малак.

Сённяшнія работнікі культуры прыклалі намаганні, каб тым, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, у час каляднай сустрэчы было весела і пазнавальна. У віхуры танцаў кружылі дзяўчаткі і хлопчыкі, якія развіваюцца ў гэтым напрамку дзякуючы харэографу РДК і выкладчыцы Ушацкай школы мастацтваў. Аб прыгожых уборах паклапаціўся ў мінулым годзе аддзел культуры райвыканкама.

Гучалі ў час сустрэчы і песні. Іх выконвалі маладыя салісты, якіх вельмі цікава было слухаць ветэранам. І ўтульнасць капітальна адрамантаванага раённага Дома культуры яны ацанілі спаўна.

Нават персанажы адыходзячых Навагодніх святаў Дзед Мароз і Снягурка віншавалі гасцей, запрасілі ў карагод вакол ёлкі. Прапаноўваліся салодкія пачастункі, сувеніры.

На заканчэнне мерапрыемства прысутныя дамовіліся, што такім чынам будуць сустракацца кожны год тры разы. Наперадзе – святочнае пасяджэнне да 8 Сакавіка, потым будзе – да Дня работнікаў культуры ў кастрычніку.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ. На здымку:

у час сустрэчы ветэранаў культуры.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *