Масштабные торжества Ушачского района в преддверии Дня Победы

Общество

Кветкі, сцягі, бутаньеркі, парадныя кіцелі з медалямі, матывы ваенных песень… Калі б хтосьці недасведчаны трапіў у чацвер у наш райцэнтр, напэўна б, моцна здзівіўся: да 9 Мая яшчэ некалькі дзён, а ўсе яго атрыбуты ўжо перад вачыма! Але па-святочнаму апранутыя людзі, што запоўнілі цэнтральныя вуліцы, добра ведалі, што ў гэты майскі дзень Ушаччына адзначае асаблівую дату: 78 год таму брыгады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны здзейснілі легендарны прарыў варожай блакады. У гонар гэтага подзвігу ў нашым гераічным раёне вось ужо сёмы раз ладзіцца маштабная ўрачыстасць. Сёлета праграма абласнога свята атрымалася асабліва насычанай і сабрала вялікую колькасць гасцей не толькі з усіх куточкаў Прыдзвіння, а і з суседніх абласцей Расійскай Федэрацыі.

Ганаровыя госці свята А.Субоцін, У.Андрэйчанка, У.Цярэнцьеў, А.Ліневіч, С.Садоўскі адкрываюць музей народнай славы імя У.Е.Лабанка пасля рамонту.

Усе дарогі вялі на “Прарыў”

Здаецца, хапае прасторы на нашым велічным мемарыяльным комплексе, але 5 мая верхняя пляцоўка ледзь умясціла ўсіх тых, хто пажадаў далучыцца да ўрачыстага мітынгу, прысвечанага гадавіне прарыву. Прыбылі на свята Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, старшыні Віцебскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Мікалаевіч Субоцін і Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Канстанцінавіч Ліневіч, старшыня рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Іван Аркадзьевіч Гардзейчык, першы намеснік губернатара Пскоўскай вобласці Вера Васільеўна Емяльянава і іншыя ганаровыя госці. Прыехалі на Ушаччыну дэлегацыі раёнаў вобласці на чале з іх кіраўнікамі, грамадскіх арганізацый, духавенства, далучыліся да свята работнікі ўшацкіх прадпрыемстваў і ўстаноў, вельмі шмат тут было моладзі. Адразу трапіў у прыцэл тэлекамер ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня – кожны журналіст хацеў запісаць успаміны адзінага непасрэднага ўдзельніка падзей, што разгортваліся на гэтым месцы жудаснай майскай ноччу 44-га.

Д.Крупеня (у цэнтры) падчас мітынгу на “Прарыве”.

Захаваць гістарычную праўду, памятаць і ўшаноўваць подзвіг герояў, дастойна супрацьстаяць выклікам сучаснасці – наш свяшчэнны абавязак: гэтая думка стала лейтматывам прамоў, гучаўшых на мітынгу. “Мы – духоўныя наследнікі пакалення пераможцаў”, – падкрэсліў У.Андрэйчанка і выказаў упэўненасць, што ў Беларусі цудоўнае будучае. “Гэта акцыя – крок у новую культуру памяці”, – такую высокую ацэнку мерапрыемству даў А.Субоцін. Пра тое, як рупліва нашы землякі захоўваюць гераічную спадчыну, казаў старшыня Ушацкага райвыканкама С.Садоўскі. Радкамі знакамітага верша “Памятайце!” савецкага паэта Р.Раждзественскага аздобіла сваю прамову В.Емяльянава. Важную місію выканалі на ўрачыстасці яе землякі, навучэнцы з пасёлка Ідрыца Пскоўскай вобласці, якія вынеслі на пляцоўку мемарыяла копію Сцяга Перамогі. Менавіта ў 150-й Ідрыцкай стралковай дывізіі служыў напрыканцы вайны былы ўдзельнік ушацкага прарыву Міхаіл Ягораў, які разам з Мелітонам Кантарыя ўзняў над Рэйхстагам чырвоны сцяг. Сімвалічна, што прадстаўнікі яшчэ адной расійскай дэлегацыі – смаленскай, прывезлі на свята капсулу з зямлёй з магілы Ягорава. Герой вайны нарадзіўся ў Руднянскім раёне, а пахаваны ў Смаленску. С.Садоўскі і старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Н.Марковіч з удзячнасцю прынялі рэліквію, каб перадаць яе ў наш музей. Да слова, яшчэ адным падарункам установе стала карціна ветэрана Д.Крупені.

Вялікую групу ўдзельнікаў дэлегавалі на свята беларускія праваахоўнікі: міліцыянеры з усіх рэгіёнаў ладзілі аўтапрабег “У імя Перамогі”, фінальнай кропкай якога стаў наш комплекс.

С.Садоўскі з гасцямі са Смаленшчыны.

Шчымлівым момантам урачыстасці была акцыя, падчас якой лідары ўсіх райкамаў БРСМ Віцебшчыны прынеслі да Вечнага агню запаленыя лампадкі. Удзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі да мемарыяльных пліт вянкі і кветкі. Узнёслых эмоцый дадалі выступленні кадэтаў, харэаграфічныя і вакальныя пастаноўкі, а завяршыўся мітынг прыгожым нумарам у выкананні юных выхаванцаў Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў – і ўсім вядомая песня пра бусла на даху адлюстравала агульнае жаданне, каб вайна больш ніколі не прыйшла на нашу зямлю.

Калі ж пасля мітынгу на комплексе разгарнулася рэканструкцыя бою партызан з гітлераўцамі, гледачы сачылі за дзействам затаіўшы дыханне. Акцёры і піратэхніка настолькі натуральна перадавалі ваенны антураж, што стаяўшая побач з намі дзяўчынка Аня журботна пыталася ў бабулі, што здарылася з партызанамі, і супакоілася толькі калі “забітыя” і “параненыя” ўзняліся з зямлі, каб прыняць шчодрыя апладысменты публікі.

У.Андрэйчанка праводзіць урок памяці.

Увогуле ж дзяцей на комплексе было нямала. Так, навапалачане Вольга і Андрэй Зубок прыбылі на свята з сынам і дачушкай: “Вельмі марылі ўсёй сям’ёй паўдзельнічаць у аўтапрабегу – і сёння гэта атрымалася! Лічым, што патрыятызм трэба прывіваць дзецям з маленства, таму шмат падарожнічаем разам па гераічных месцах Беларусі і нават здымаем відэа для ўласнага ютуб-канала”. Калі незнаёмы хлопчык падбег да бравага мужчыны ў прыгожым чорным кіцелі і папрасіў дазволу сфатаграфавацца з ім, Віктар Васільевіч Прыходзька падхапіў малога на рукі. Здымак атрымаўся атмасферны! А капітан ІІ рангу, які праходзіў службу на атамных падводных лодках Паўночнага флоту, зазначыў, што проста не мог не прыехаць ва Ушачы з суседняга Шуміліна. Дарэчы, былы падводнік арганізаваў Саюз ваенных маракоў, у які зараз уваходзіць ужо каля паўсотні чалавек з некалькіх раёнаў і гарадоў Віцебшчыны. Праўда, ушацкіх прадстаўнікоў у ім пакуль няма, таму В.Прыходзька, карыстаючыся выпадкам, запрасіў нашых землякоў далучыцца да ветэранскай суполкі.

Кветкі – да вечнага агню.

Тут жа, на “Прарыве”, і што сімвалічна, менавіта ў Лясной школе для старшакласнікаў з Ушач урок памяці “Нам гэты свет завешчана берагчы!” правёў У.Андрэйчанка. Юнакі і дзяўчаты пацікавіліся, які след у гісторыі яго сям’і пакінула вайна, хто з’яўляўся прыкладам і як у сваёй дзейнасці старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ён абараняе інтарэсы Беларусі. Уладзімір Паўлавіч расказаў, што ў яго сям’і ваявалі дзед, дзядзька і бацька – толькі апошні вярнуўся жывым. Падзяліўся, што выхоўваўся на ўспамінах удзельнікаў Вялікай Айчыннай, якіх яшчэ шмат было ў пасляваенныя гады, на кнігах і фільмах пра вайну.

Рэканструкцыя бою.

“Нас загартоўвала жыццё. Мы даглядалі магілкі загінуўшых, бачылі, як цяжка прыходзіцца бацькам, суседзям, як людзі жылі ў дамах з землянымі падлогамі і часам разам з жывёлай, бо яе няма куды было ставіць… А таму цяперашняй моладзі варта цаніць усе тыя даброты, што мы маем!” – зазначыў Уладзімір Паўлавіч.

Экспазіцыя ўжо працуе!

“Ці можна сёння наведаць музей? Вы ўжо адчыніліся?” – пыталіся ўшачане і госці пасёлка. І нават у шэсць гадзін вечара былі жадаючыя паглядзець абноўленую экспазіцыю. А супрацоўнікі музея народнай славы імя У.Е.Лабанка правялі 5 мая 36 групавых экскурсій. У ліку першых наведвальнікаў былі, канечне, ганаровыя госці раёна.

“Раней было шмат жывых сведак, ад іх чулі праўду пра вайну. Зараз застаюцца дакументы, фотаздымкі, экспанаты. І гэта цудоўна, што на Ушаччыне ёсць такі музей, дзе ўсё гэта захавана”, – казаў У.Андрэйчанка, які пакінуў у кнізе водгукаў вялікі запіс з пажаданнямі. Ён добра ведае гісторыю партызанскага руху, і па ходзе экскурсіі задаваў пытанні пра тое, дзе пахаваны камбрыг А.Данукалаў, якія кінастужкі ёсць у музеі. Наогул па заканчэнні знаёмства з экспазіцыяй у карціннай галерэі адбылася ажыўленая дыскусія наконт таго, як прывіваць патрыятызм моладзі. “Успрыманне павінна быць эмацыянальным, кранаць за жывое, – казаў А.Субоцін, які прыгадаў свой нядаўні візіт у Брэсцкую крэпасць. – У канцы экскурсіі плакалі і супрацоўнік музея, і дзеці. Яны, безумоўна, запомняць усё, што бачылі”. А У.Цярэнцьеў звярнуў увагу прысутных на змест дзіцячых малюнкаў і “Карту памяці” генацыду жыхароў Віцебшчыны. Спецыяльна да гэтага дня былі зроблены “фотакарціны”: усе раёны вылучылі свае знакавыя месцы – помнікі закатаваным, знішчаным карнікамі мірным жыхарам. І гэтая “Карта” таксама будзе захоўвацца ў нашым музеі.

У абноўленым музеі.

“Матэрыялаў па генацыдзе ў музеях пакуль нямнога, звесткі пра ўшацкія спаленыя вёскі мы бралі ў вашым. А яшчэ ёсць сайт, дзе таксама можна адшукаць паказанні сведак з працэсаў, якія вяліся пасля вайны, спісы расстраляных”, – казаў захавальнік фондаў абласнога музея Міная Шмырова, які прэзентаваў перасоўную экспазіцыю, прысвечаную гэтай тэме.

Акрамя групавых экскурсій 5 мая музей прыняў і каля сарака індывідуальных наведвальнікаў. Для госця са Смалявічаў гэты дзень будзе вельмі памятным. Ён спускаўся па прыступках і плакаў, паколькі нарэшце адшукаў свайго дзеда. Калі ехаў на Ушаччыну, нічога не ведаў ні пра адкрыццё музея, ні пра свята. Яму пашанцавала. З сям’ёй прачыталі ўсе подпісы пад здымкамі на экспазіцыі, але не знайшлі роднае імя. Так, у залах памясціліся здымкі не ўсіх герояў, але ёсць фонды, ёсць электронная база даных, у якой дырэктар музея С.К.Турло і знайшла партызана І Антыфашысцкай брыгады Івана Іванавіча Зарэмбу. З Ушач смалявіцкія госці адразу паехалі на “Прарыў” – пасля доўгіх пошукаў нарэшце ведалі, куды ўскласці кветкі. Ганарыцца легендарным продкам і старшыня райкама БРСМ Дзіяна Калбасава, якая на адкрыцці музея шчымліва расказала пра свайго прадзеда-камбрыга, Героя Савецкага Саюза Фёдара Фаміча Дуброўскага.

З гонарам распавядае пра сваіх гераічных землякоў, пра пошукавую работу, якую праводзіць як камандзір узвода грамадскага патрыятычнага аб’яднання, дзесяцікласніца Паліна Палітаева. На Ушаччыну дзяўчына ў складзе дэлегацыі Пскоўскай вобласці ехала як на сваю малую радзіму: бабуля жыве ў Баравухе, таму і лічыць Беларусь роднай.

Было што паглядзець і на вуліцы. Нямала знайшлося жадаючых наведаць экспазіцыю стылізаваных зямлянак, партызанскага побыту, разгорнутую ў школьных аўтобусах непадалёк, паўдзельнічаць у акцыі “Ліст ветэрану”. Грунтоўна рыхтаваліся да візіту на Ушаччыну настаўнікі школ, якія прывезлі ў гэты дзень “Музеі на колах”. У вобразах салдат, санітараў, з гармонікамі, яны спявалі са сваімі дэлегацыямі ваенныя песні, расказвалі ўшацкім дзецям урыўкі з патрыятычных твораў. На свята многія прыязджалі спецыяльна, як Наталля Жаўнерык са Слуцка. Сувенір на памяць яна выбірала з выявай музея Васіля Быкава, творы якога любіць і чытае толькі на беларускай мове.

На экспазіцыі партызанскага побыту.

“У нас двайное свята, – казала ў канцы дня ужо падсеўшым голасам Святлана Канстанцінаўна Турло. – У ноч з 4 на 5 мая адбыўся прарыў, і сёння дзень адкрыцця музея пасля маштабнай рэканструкцыі”. Так, у будынку, што служыць з 1985 года, не засталося кутка, які не быў адрамантаваны. Тры гады працягваўся рамонт, увесь гэты час супрацоўнікі працавалі ў нязручных умовах. Аднак рабілі выставы, працягвалі збор і алічбаванне матэрыялаў, прыходзілі з музеем у чамадане да школьнікаў. Зараз зноў усе ідуць да іх.

Старшыні маладзёжных палат пры раённых Саветах дэпутатаў і першыя сакратары тэрытарыяльных камітэтаў БРСМ заклалі ля музею Алею памяці. “Падзеі мінулага стагоддзя адыходзяць далей у гісторыю… Наш абавязак – шанаваць памяць загінуўшых салдат, атуліць клопатам ветэранаў”, – адзначыў першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ У.Бабічаў.

Ад заняткаў фізкультурай – да вялікіх перамог

Яркай падзеяй акцыі “Прарыў Перамогі” стала ўрачыстае адкрыццё абноўленага стадыёна Ушацкай сярэдняй школы. На яго капрамонт і мадэрнізацыю Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця было выдаткавана 260 тысяч еўра. Работа над праектам заняла два гады, непасрэдна ж будаўніцтва ішло з красавіка 2021-га.

А.Субоцін распачынае матч.

Новыя бегавыя дарожкі, пляцоўкі для валейбола, баскетбола, міні-футбола, навесы для пераапранання – стадыён змяніўся да непазнавальнасці, і зараз школьнікі з задавальненнем займаюцца на ім фізкультурай. Адразу ж пасля адкрыцця тут прайшоў дзіцячы турнір па міні-футболе, прысвечаны 78-й гадавіне прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. Права ж першага ўдару па мячы прадаставілі А.Субоціну.

Парад юных спартсменаў.

Як адзначыў на ўрачыстасці А.Ліневіч, развіццё спорту ў рэгіёнах – адна з асноўных задач дзяржавы і ўлады на месцах. “Сучасныя школы даўно выйшлі за рамкі адукацыйнага працэсу. Сёння яны з’яўляюцца шматфункцыянальнымі комплексамі для людзей, якія жывуць у райцэнтрах, аб’ядноўваюць бацькоў, дзяцей, педагогаў, старэйшыя пакаленні, якія збіраюцца разам, каб правесці час з карысцю для здароўя. Гэты стадыён – прыклад аб’екта, пабудаванага па новых тэхналогіях. Упэўнены, што тут вырастуць спартсмены, якія будуць з гонарам прадстаўляць нашу краіну на спаборніцтвах рознага ўзроўню”, – падкрэсліў памочнік Прэзідэнта.

Шоу на новым стадыёне.

Прадстаўнікі адміністрацыі школы дадалі, што новы стадыён у будучым стане цэнтрам здароўя, гарманічнага духоўнага і фізічнага развіцця дзяцей і падлеткаў, а для кагосьці і першым крокам да алімпійскіх медалёў. Тут будуць праводзіць раённыя спаборніцтвы па розных відах спорту. А на Ушаччыне сярод дзяцей і дарослых культывуюцца футбол, баскетбол, лёгкая атлетыка, кулявая стральба, самба і дзюдо, плаванне і біятлон – каманды юных прадстаўнікоў гэтых відаў спорту з гонарам прайшлі па прыгожых дарожках аб’екта.

Відовішчна і масава

Сярод арганізатараў урачыстасці традыцыйна былі прадстаўнікі ДТСААФ, якія прымаюць актыўны ўдзел у справе ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны, не раз ладзілі аўтапрабегі дарогамі вызваліцеляў. Ад 150-тысячнага саставу таварыства на цэнтральнай плошчы г.п.Ушачы прысутных вітаў старшыня Віцебскай арганізацыйнай структуры, наш зямляк В.Корабаў, які цікава расказаў пра тэхнічныя віды спорту. Нікога не пакінулі раўнадушнымі паказальныя заезды картынгістаў і мотакрасменаў. Нават не верылася, што так па-майстэрску манеўруюць на высокіх хуткасцях зусім юныя спартсмены.

Урачыстасці ў райцэнтры працягнуліся спектаклем “Не пакідай мяне” паводле п’есы А.Дударава ў пастаноўцы заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага тэатра “Пілігрым”. Спадабаліся гледачам святочныя канцэрты Пскоўскай абласной філармоніі і Лепельскага гарадскога цэнтра культуры. На розных пляцоўках акцыі стваралі святочны настрой ушацкія культработнікі. І яшчэ больш велічным і ўражваючым у вячэрніх агнях падсветкі здаваўся наш “Прарыў”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ,
Вольга КАРАЛЕНКА, Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *