Сустрэча з дэпутатам


14 студзеня раён наведаў дэпутат абласнога Савета дэпутатаў па выбарчай акрузе №26 Серафім Нікандравіч Мяцеліца. Ён сустрэўся з працоўным калектывам прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Ушацкаму раёну, дзе правёў справаздачу аб сваёй дэпутацкай дзейнасці.

С.Н.Мяцеліца падрабязна спыніўся на рабоце абласнога Савета дэпутатаў, расказаў аб пытаннях, якія абмяркоўваліся на сесіях і пасяджэннях прэзідыума Савета, аб прынятых на іх праграмных дакументах.

Далей дэпутат паведаміў аб сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці ў 2009 годзе і прагнозе на 2010 год.

Па вытворчасці прамысловай прадукцыі і спажывецкіх тавараў Віцебская вобласць займае першае месца ў рэспубліцы. У параўнанні з пачаткам пяцігодкі іх аб’ёмы павялічыліся ў 1,5 раза. У 2009 годзе прамысловыя прадпрыемствы рэгіёна працягвалі распрацоўку, укараненне і сертыфікацыю сістэм менеджмента якасці, тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасці, засваенне новых відаў прадукцыі.

Па знешнім гандлі таварамі ў 2009 годзе забяспечана станоўчае сальда ў суме 144,3 мільёна долараў (без уліку нафты і нафтапрадуктаў). Пастаўкі прадукцыі на экспарт скараціліся ў цэлым на 27,4 працэнта, аднак па тэмпах росту экспарту наша вобласць лідзіруе сярод іншых.

На спажывецкім рынку вобласці забяспечана збалансаванасць попыту і прапаноў па большасці таварных пазіцый. У рабоце па насычэнні таварамі перавага аддадзена таварам айчыннай вытворчасці. Захавана тэндэнцыя росту аб’ёмаў рэалізацыі платных і бытавых паслуг. З пачатку пяцігодкі іх прырост склаў 45,5 працэнта пры заданні 37,9 – 43,1.

Далей выступаючы расказаў аб становішчы ў сацыяльнай сферы. Паведаміў аб развіцці адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры, спорту і турызму, жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці.

Асобна спыніўся С.М.Мяцеліца на становішчы спраў у сельскай гаспадарцы. Не без гонару дэпутат паведаміў, што ў сельгаспрадпрыемствах вобласці ўзрасла рэалізацыя жывёлы і птушкі на забой, вытворчасць малака, яек. Сабрана 1 мільён 175 тысяч тон зерня, павялічана колькасць буйной рагатай жывёлы, свіней, птушкі. Не выйшлі на ўзровень 2008 года толькі па збору бульбы, кармавых караняплодаў, ільнопрадукцыі.

Захоўваецца тэндэнцыя росту аб’ёмаў інвестыцый у асноўны капітал, і ў 2010-м падведамаснымі аблвыканкаму арганізацыямі прадугледжваецца іх асвоіць на суму каля 2,8 трыльёна рублёў, увесці 750 тысяч метраў квадратных жылля. У новым годзе працягнецца далейшая работа па павышэнні эфектыўнасці гаспадарчай дзейнасці ў галінах эканомікі вобласці, эканоміі ўсіх відаў рэсурсаў.

З аб’яўленнем 2010-га Годам якасці, павысіцца значэнне гэтых паказчыкаў пры ацэнцы вынікаў дзейнасці.

Згодна разлікаў, у 2010 годзе ў цэлым па вобласці сярэднямесячная заработная плата складзецца ў памеры 1022 тысячы рублёў і павялічыцца на 15 працэнтаў.

Напрыканцы сваёй справаздачы С.Н.Мяцеліца адказаў на пытанні, падзякаваў калектыў прадстаўніцтва за добрасумленную працу, пажадаў здароўя і поспехаў.

А.ПАШКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *