Любители спорта Ушаччины попробовали свои силы и возможности на сдаче норматива ГФОК

Cпорт

“Среднего роста, плечистый и крепкий, ходит он в белой футболке и кепке. Знак “ГТО” на груди у него. Больше не знают о нем ничего…”, – многія добра памятаюць гэты ўрывак з верша С.Маршака, у якім па названых прыкметах шукалі героя, уратаваўшага на пажары дзяўчынку. Справа, трэба сказаць, была марная – у савецкія часы большая частка хлопцаў падыходзіла пад гэта апісанне, а значок, што пацвярджаў гатоўнасць да працы і абароны, з’яўляўся адным з сімвалаў эпохі. Каб яго атрымаць, трэба было выканаць набор практыкаванняў: прабегчы стометроўку, адціснуцца ад лаўкі, скокнуць з вышкі ў ваду, кінуць гранату.

М.Хвошч выконвае нарматыў па скачкаў у даўжыню.

У 1991-м здача спартыўных нарматываў па гэтай праграме была адменена, аднак у 2008-м аднавілася ў нашай краіне пад назвай “Дзяржаўны фізкультурна-аздараўляльны комплекс Рэспублікі Беларусь” і па-ранейшаму спрыяе фізічнаму выхаванню і аздараўленню людзей. Паспрабаваць здаць нарматывы і атрымаць значок з пасведчаннем могуць дзеці і дарослыя: праграма складаецца з 6 ступеняў, якія адпавядаюць розным узроставым групам. Нядаўна такія спаборніцтвы прайшлі на базе комплексу “Юнацтва-Ушачы”.

Першымі ў справу ўступілі юныя фізкультурнікі ад 6 да 18 год, якія спаборнічалі ў лёгкаатлетычных і гімнастычных практыкаваннях. У выніку нарматывы комплексу ўдалося выканаць 12 хлопчыкам і 9 дзяўчынкам, а Савелій Раманоўскі з Ушацкай школы і Ксенія Бука з Вялікадолецкай набралі балы на “залаты” значок. Вучням, якія паказалі лепшыя вынікі, на ўрачыстай школьнай лінейцы былі ўручаны дыпломы.

Бегавыя дысцыпліны ўдзельнікі здавалі на новым школьным стадыёне і высока ацанілі яго вартасці.

А ў мінулую суботу сваё майстэрства дэманстравалі дарослыя. Трэба сказаць, што самую вялікую прагу да фізічнага ўдасканалення праявілі супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. Не выклікалі складанасці нарматывы комплексу для натрэніраванага прадстаўніка Дэпартамента аховы Віталя Жогаля. Канстанціна Тарасеню мы прывыклі сустракаць на канцэртных пляцоўках, але многія бачылі і яго піруэты на дошцы для вейкбордзінга – відавочна, што сяброўства са спортам у маладога чалавека даўняе і моцнае. Натхніўся паспяховым выступленнем на абласных “Сельскіх гульнях” Мікіта Хвошч і таксама вырашыў правесці суботні ранак на спортпляцоўцы. “Фізкультура мне добра давалася з дзяцінства, шмат трэніравалася падчас вучобы ў каледжы культуры і мастацтваў, займаюся і зараз, калі ёсць вольная хвілінка: культработніку важна трымаць сябе ў форме!” – разважае Таццяна Нарывончык. “Здача нарматываў – справа выключна добраахвотная, тут не стаіць задача быць лепшым сярод удзельнікаў, а проста можна паказаць тое, на што ты здольны, і ўбачыць, у чым можна ўдасканаліцца”, – адзначылі Дар’я Папко і Вікторыя Падгол.

І сапраўды, нехта з лёгкасцю ўзняў за мінуту 40 разоў тулава са становішча лежачы, хтосьці ўдала адціснуўся ад лаўкі, сеўшы на падлогу, спрытна “склаўся” і дацягнуўся рукамі да патрэбнай меткі. Самым, напэўна, няпростым выпрабаваннем сталі бегавыя дыстанцыі на 3000 і 1500 метраў. Выконваючы практыкаванні, удзельнікі настолькі захапіліся, што нават прасілі арганізатараў даць яшчэ адзін старт на 30-мятроўцы, каб паспрабаваць палепшыць вынік.

Хто з іх выканаў нарматывы комплексу і атрымае значок – стане вядома пазней, калі пратаколы прааналізуюць на рэспубліканскім узроўні. Тым жа прыхільнікам актыўнага ладу жыцця, якія не змаглі прыняць удзел у спаборніцтвах, засмучацца не варта – зрабіць гэта можна ў наступны раз: трэба падаць у ФСК адпаведную заяўку, і калі знойдзецца не менш 10 жадаючых, для вас арганізуюць здачу нарматываў дзяржаўнага комплексу. Хто ведае, магчыма, і ў нашы дні “фізкультурны” значок стане распаўсюджанай прыкметай.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *