Слаженная команда терапевтического отделения Ушачской ЦРБ выполняет свою работу с чуткостью и профессионализмом

Общество

Работнікам тэрапеўтычнага аддзялення Ушацкай райбальніцы спакой толькі сніцца – нават цяпер, калі колькасць “профільных” пацыентаў скарацілася. Упэўніцца ў гэтым давялося падчас падрыхтоўкі прапанаванага артыкула.

На гадзінніку – 8.30. Спецыялісты, што працуюць пазменна, ужо паспелі змяніцца. У палатах, а яны запоўнены напалову, ідэальныя чысціня і парадак. Не паспела загадчык В.А.Шлёнская вярнуцца з ранішняй пяціхвілінкі, як узнікла тэрміновая патрэба збегаць па справах у іншае аддзяленне. Тым часам з “інфекцыі” вярнулі пэўнае абсталяванне – без падказак “зверху” яго хуценька перанеслі ў вызначанае месца. Для тутэйшых пацыентаў арганізавалі сняданак. Аднаго суправадзілі ў паліклініку для праходжання абследавання, другому правялі загадзя прызначаную працэдуру.

– У такім рэжыме працуем заўсёды, – спяшаючыся па новых справах, кажуць медыкі. – А ўсё для таго, каб хворым было максімальна зручна і камфортна.

Тэрапеўтычнае аддзяленне разлічана на 50 ложкаў. Прычым, жыхары раёна праходзяць тут лячэнне не толькі ад “профільных” захворванняў: у асабліва напружаны эпідэміялагічны час, звязаны з распаўсюджаннем каранавіруса, адзін з пастоў не аднойчы перапрафіліравалі пад “інфекцыю”. Для гэтага сюды падвялі кісларод, устанавілі новыя канцэнтратары. Вядома, спраў у медыкаў у такіх умовах прыбаўлялася, аднак на гэта ніхто не скардзіўся – у тэрапіі гатовыя да любых выпрабаванняў!

Самым вопытным і паважаным спецыялістам аддзялення па праве з’яўляецца ўрач-тэрапеўт Віктар Канстанцінавіч Літвінаў, які хутка адзначыць уласнае 70-годдзе. У ліку сёлетніх юбіляраў – медыцынскія сёстры Тамара Пятроўна Хадан і Людміла Леанідаўна Хвашчэўская, малодшыя медсёстры па доглядзе за хворымі Жанна Міхайлаўна Шыць і Зінаіда Уладзіміраўна Дрозд, санітарка Алена Уладзіміраўна Карчэўская, санітаркі-буфетчыцы Надзея Іванаўна Шамук і Наталля Васільеўна Сабірава.

– Практычна кожны год да нас прыходзяць маладыя спецыялісты, якія годна спраўляюцца з усімі абавязкамі, – з гонарам зазначае В.А.Шлёнская. – І ўсё ж большая частка калектыву – прафесіяналы з багатым працоўным стажам. Сярод іх акрамя ўжо прыгаданых – старшая медыцынская сястра Вольга Паўлаўна Армонік, медсёстры Валянціна Іванаўна Басак, Наталля Пятроўна Грынкевіч, Таіса Пятроўна Ясюк, Валянціна Васільеўна Раманоўская, Ганна Уладзіміраўна Кульба, малодшыя медсёстры – Раіса Міхайлаўна Сабін, Тамара Міхайлаўна Іманава, санітаркі Тамара Генадзьеўна Хвошч, Алена Васільеўна Футарман, а таксама сястра-гаспадыня Вольга Сяргееўна Волах.

Нягледзячы на малады ўзрост, і саму Вольгу Аляксандраўну “пачаткоўцам” ніяк не назавеш – у медыцыне і на пасадзе загадчыцы яна працуе з 2013 года. За гэты час высокім прафесіяналізмам, чуласцю паспела заваяваць прыхільнасць многіх землякоў, пацвярджэнне чаму – рэгулярныя лісты падзякі ў яе адрас на старонках “Патрыёта”. Высока цэняць ўрача-тэрапеўта і ў калектыве – па выніках работы за 2021 год прозвішча гэтага спецыяліста занесена на раённую Дошку гонару. Сёлета ж да прафесійнага свята В.А.Шлёнская ўдастоена ўзнагароды міністэрскага “гатунку”.

– Калектыў аддзялення – гэта мая другая сям’я, – кажа доктар. – За кожнага перажываю, стараюся дапамагчы. Лічу, што поспех любой справы залежыць у першую чаргу ад зладжанай і моцнай каманды, ад людзей, у вачах якіх гарыць агеньчык, якія хочуць развівацца ў абраным накірунку, ахвяраваць сваім часам, прапускаць праз сябе ўсе праблемы і спадзяванні пацыентаў. З упэўненасцю магу сказаць, што нашы медыкі менавіта такія: не толькі высокія прафесіяналы, але і чулыя, спагадлівыя людзі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *