Педагоги из разных городов Беларуси делились оригинальными проектами на региональном эдутоне «Ушачская волна»

Образование и молодежь

На Ушаччыне заўсёды было шмат актывістаў, якія ў любой справе шукаюць крэатыўны падыход. І невыпадкова на нашай творчай зямлі вырастаюць наватарскія праекты – да такіх, безумоўна, належыць рэгіянальны педагагічны эдутон “Ушацкая хваля”, які не так даўно ў другі раз сабраў самых па-добраму няўрымслівых педагогаў краіны з Мінска і Маладзечна, Бабруйска і Светлагорска, Варапаева і Ушач.

Год таму дэбютны ўік-энд у лагеры “Турасполле” ўразіў і натхніў прадстаўнікоў настаўніцкай эліты і стаў “лабараторыяй”, дзе нарадзілася некалькі арыгінальных праектаў, накіраваных на тое, каб адукацыйны працэс і пазашкольнае жыццё сталі больш змястоўнымі і прагрэсіўнымі. Некаторыя з іх ужо ператварыліся ў рэчаіснасць. Так, ушацкія педагогі паводле леташніх распрацовак стварылі чат-бот па медыяадукацыі, правялі трэнінгі “Настаўнік у сеціве”. Ажыццявіўся і праект каманды, якую ўзначальвала віцябчанка Г.Жукава, – экапленэр для школьнікаў “БатанікПаці”.

Ну а ўдзельнікі другой “Ушацкай хвалі” тым часам згенерыравалі чарговыя ідэі. Кожны мог прапанаваць сваю задуму ці далучыцца да цікавага праекта калег. У выніку склалася пяць каманд, актыўны ўдзел у якіх прымалі і ўшацкія настаўнікі, а нашаму мэтру педагогікі і аднаму з арганізатараў эдутона Вользе Анатольеўне Жыткай у гэты раз была даручана адказная роля ментара (дарадчыка і кансультанта). Кульмінацыяй мерапрыемства стала прэзентацыя праектаў, якія былі досыць разнастайнымі. Так, свежы погляд на вывучэнне гісторыі з акцэнтам на разгляд архіўных матэрыялаў прапанавалі аўтары распрацоўкі “Наперад у мінулае”. Яшчэ адна каманда распавяла, як бы мог выглядаць беларускамоўны летнік для дарослых, абгрунтаваўшы думку, што варыянт адпачынку з вяртаннем у юнацтва здольны знайсці многіх прыхільнікаў. Цікавымі падаліся праект для юных вандроўцаў “Падарожжа для Жорыка” і настаўніцкі клуб “Белая варона”.

Ну а найбольшую колькасць балаў і галоўны прыз атрымаў экалагічны праект “Здубавецце”, які прэзентавалі настаўнікі Ушацкай школы Алена Марозава і Уладзімір Хамёнак. “Галоўны прынцып нашай распрацоўкі – гуляй і вучыся. Вакол шмат аб’ектаў, дзе трэба прыбрацца, і мы прапаноўваем рабіць гэта праз гульнявую дзейнасць (квесты, квізы), а паралельна навучацца розным экалагічным ведам. Яркую ж назву “пазычылі” ў Рыгора Барадуліна, каб надаць ушацкага каларыту”, – коратка патлумачылі сутнасць сваёй задумы нашы настаўнікі.

“Асабіста для мяне ўдзел у эдутоне стаў адной з самых яркіх падзей года, – расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Арэхаўскай школы Алёна Кашко. – Вельмі цікавым быў творчы працэс у суполцы з калегамі, майстар-клас па беларускіх народных танцах, удзел у інтэлектуальнай забаве “Мазгабойня”, цёплым успамінам застанецца сяброўскі вечар ля вогнішча і наша настаўніцкая песня. “Ушацкая хваля” – нібы нітачка, што працягнулася паміж намі, звязала розныя пакаленні і скіравала ў неабсяжны абшар нашай цудоўнай прафесіі пад ветразем натхнення!”.

З такімі ўражаннямі развітваліся ўсе ўдзельнікі эдутона і, канечне, выказвалі спадзяванне, што і на наступны год вернуцца ў цудоўнае “Турасполле”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *