В деревне Селище прошла уборка территории вокруг костела святой Вероники

Общество

Вельмі зладжана прайшоў суботнік па навядзенні парадку вакол касцёла святой Веранікі ў Селішчы. Галоўнай яго мэтай было выдаленне кустоўя і дрэў, якія выраслі на мураваных сценах кляштара, непасрэдна касцёла і сваімі каранямі разбуралі аб’ект, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Паколькі расліннасць укаранялася там на працягу многіх гадоў, фронт работы быў вельмі вялікі. Цяжкасць уяўляла і тое, што некаторыя сцены ўжо паўразбураныя, а дрэвы выраслі на вышыні. Нават са спецтэхнікі, што выдзеліла УП ЖКГ, можна было дастаць не ўсе расліны. Таму на верхніх узроўнях яны засталіся, але асноўныя былі ссечаны сіламі работнікаў ДРБУ-105, Плінскага лясніцтва, камунгаса. Абкосам тэрыторыі і выдаленнем пустазелля займаліся работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, музея, а таксама Кубліцкі сельвыканкам і мясцовае насельніцтва.

“Хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто прымаў удзел у раённым суботніку і шчыра працаваў на працягу спякотнага дня, – гаворыць старшыня Кубліцкага сельвыканкама Марыя Васільеўна Ярмош, якая і курыравала работы. – Лічу, што дастаткова збірацца такой сілай раз у год і падтрымліваць парадак. Вывезены не адзін прычэп кустоў, пустазелля, і касцёл святой Веранікі “пасвятлеў”. Гэта спрыяе магчымасці падысці бліжэй і нават зайсці ўнутр велічнага будынка. Але рабіць гэта небяспечна, аб чым папярэджвае ўстаноўлены намі знак. Прашу ўсіх ушачан, якія любяць фатаграфавацца на фоне касцёла, не падыходзіць блізка і не лазіць на мураванні. Тым больш што здымак на памяць атрымаецца лепш, калі ўвесь будынак застанецца за вамі ў кадры”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *