В Ушачском районе стартовала вакцинация от гриппа

Здравоохранение Общество

Восеньскае пахаладанне традыцыйна прыносіць усплёск сезонных захворванняў. Ушацкія медыкі раяць рабіць упор на прафілактыку. Адзін з самых дзейсных метадаў – вакцынацыя, якая ўжо стартавала.

Прышчапіцца ад грыпу сёлета прапануецца дзвюма вакцынамі: расійскай “Грыпол Плюс” або французскай “ВаксігрыпТэтра”. Першая (яе ва Ушацкую ЦРБ паступіла ўжо звыш 700 доз) будзе выкарыстоўвацца ў тым ліку на бясплатнай аснове, другая – толькі платна.

Зрабіць пры- шчэпку ад грыпу можна ў працэдурным кабінеце паліклінікі (другі паверх), дзіцячай кансультацыі. Будуць працаваць і выязныя брыгады медыкаў – выклікаць іх у працоўныя калектывы ці на дом можна праз рэгістратуру па нумары 5-21-57.

“Прышчапіцца ў першую чаргу раім катэгорыям з павышанай рызыкай цяжкага цячэння грыпу, развіцця ўскладненняў пасля яго, – звяртае ўвагу загадчыца паліклінікі П.Г.Пугач. – Да іх ліку адносяцца дзеці ад шасці месяцаў да трох гадоў, пацыенты з хранічнымі захворваннямі і імунадэфіцытнымі станамі, цяжарныя жанчыны, асобы сталага ўзросту (65 і больш гадоў). Варта “падстрахавацца” таксама грамадзянам, якія кантактуюць з вялікай колькасцю людзей: медыкам і фармацэўтам, работнікам сферы грамадскага харчавання, гандлю, пастаяльцам устаноў з кругласутачным рэжымам знаходжання і іншым”.

Ва Ушацкім раёне ў гэтым сезоне плануецца прышчапіць ад грыпу мінімум 40 працэнтаў насельніцтва, а гэта каля 5 тысяч чалавек. Спецыяльнага абследавання або медыкаментознай падрыхтоўкі перад працэдурай не патрабуецца.

Адзінае абсалютнае супрацьпаказанне – моцная алергічная рэакцыя (напрыклад, анафілактычны шок) на папярэднюю дозу вакцыны, што сустракаецца надзвычай рэдка – 0,07 выпадка на 100 тысяч доз. Калі ж у вас цяжкае вострае захворванне ці абвастрылася хранічнае, не адмаўляйцеся ад прышчэпкі – проста адкладзіце яе. У любым выпадку ўрач прызначыць вакцынацыю толькі пасля ацэнкі вашага стану, анамнезу.

Мінулагодняя прышчэпка вас не абароніць! Па-першае, сёлета будуць цыркуляваць новыя штамы грыпу, да якіх наша імунная сістэма не гатова. Па-другое, поствакцынальны імунітэт – непрацяглы: доўжыцца ад 6 да 12 месяцаў.

Летась невакцынаваныя беларусы значна часцей хварэлі на грып, чым вакцынаваныя. Сярод асоб з лабараторна пацверджаным захворваннем – 98 працэнтаў не былі прышчэплены.

У гэты раз, як і ў папярэдні эпідсезон, вакцынацыя ад грыпу “накладваецца” на адпаведную кампанію супраць COVID-19. У гэтай сувязі медыкі нагадваюць: прышчапіцца можна ў адзін дзень ад абодвух захворванняў (пры ўмове, што выкарыстоўваюцца нежывыя вакцыны) ці прадугледзець інтэрвал.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *