В последнее воскресенье октября в Республике Беларусь отмечается День автомобилиста и дорожника

Общество

У Ідуту ісці не давядзецца!

“У аўтапарку вакансія намячаецца. Пойдзешь да нас? Толькі адразу папярэджваю: у мяне ўсе ПРАЦУЮЦЬ!” – менавіта з гэтай “пагрозлівай” прапановы тагачаснага начальніка філіяла АТП №6 Мікалая Васільевіча Храмёнка пачалася ў 2003-м годзе кар’ера вадзіцеля аўтобуса Канстанціна Каваленкі. Зрэшты, вельмі хутка кіраўнік зразумеў, што яго “рэмарка” была залішняй: малады чалавек адразу зарэкамендаваў сябе старанным і талковым работнікам.

Месяц працы “на варотах” (так у парку называюць пасаду кантралёра па выпуску), некалькі стажыровачных рэйсаў побач з Уладзімірам Пчолкам – і ПАЗ калегі, які пакідаў філіял, перайшоў да навічка. У калектыве ў той час было каля 30 вадзіцеляў – усе дружныя, добразычлівыя, старанныя, так што начальнік сапраўды меў рацыю. Вялікім аўтарытэтам карыстаўся Генадзь Журко, які выконваў абавязкі брыгадзіра. З любым пытаннем можна было звярнуцца да Мікалая Рубіса, Уладзіміра Чульбы, ахвотна дапамагалі і іншыя вопытныя калегі. Больш складана было адаптавацца да ранніх пад’ёмаў – на першыя рэйсы ўставаць даводзіцца ў 4.20. Да слова, некалькі цяперашніх навічкоў менавіта гэту прычыну называлі ключавой у тым, што не здолелі замацавацца ў АТП. Працаўнікі ж больш сталага пакалення такія нюансы пераадольваюць за кошт самадысцыпліны. Ну а беражліва ставіцца да тэхнікі, цярпліва і паважліва адносіцца да людзей – гэта ўжо прафесійныя рысы, без якіх у пасажырскіх перавозках проста не абысціся.

За амаль 20 год працы Канстанцін не толькі на памяць вывучыў усе дарогі, а і ведае у твар большасць пасажыраў. “Канечне, у пачатку кар’еры гэта было складана. Аўтобусы хадзілі перапоўненымі: бывала, што ў ранішні рэйс з Пуцілкавіч у райцэнтр народу набіралася столькі, што Ідуту, Старынку ды Наваселле мы праязджалі без прыпынкаў. Цяпер жа на гэтым маршруце ездзіць па 4-5 чалавек, і нядзіўна, што кожнага пазнаеш нават са спіны – па паходцы ці шапцы”, – разважае вадзіцель.

Здараліся, канечне, і пазаштатныя сітуацыі – людзі ж у дарозе трапляюцца розныя. Аднаго разу ў Полацку сеў мужчына, які выглядаў вельмі шчаслівым і так расслабіўся ва ўтульнай абстаноўцы, што нават закурыў. “Я ж толькі што з турмы выйшаў!” – аргументаваў ён свае фрывольныя паводзіны, калі вадзіцель з дапамогай другога пасажыра са словамі: “Ну, а зараз выйдзеш у Варонічах!” этапіраваў яго на бліжэйшы прыпынак.

Жарты – жартамі, але нядбалых адносін сфера пасажырскіх перавозак не церпіць, бо, як ні банальна гэта гучыць, людзі давяраюць вадзіцелю сваё жыццё. А таму перад рэйсам работнікі дасканала ўсё правяраюць, тым больш што многія аўтобусы зусім немаладыя. “Вельмі адказна ставіцца да выпуску тэхнікі на лінію Мікалай Падсаднік, з любой паломкай аператыўна спраўляецца наш слесар Васіль Лабэцкі – калі трэба, прыбудзе ў майстэрню і ў выхадны. Вельмі хварэе за справу Раман Рудзёнак, які паспявае выконваць функцыі кіраўніка ўчастка і механіка, умудраецца тэрмінова здабываць запчасткі, каб аўтобусы па графіку выйшлі ў рэйс”, – расказвае К.Каваленка. А яшчэ просіць абавязкова прыгадаць прадстаўніц прыгожай паловы калектыву: Алену Крысёнак, Алену Барздзей, Наталлю Клачок, Ірыну Лапёнак, Вольгу Махонька, шчыра адданых роднаму прадпрыемству.

Калі на рабоце знаходзішся ў пастаянным псіхалагічным напружанні, вельмі важна мець спакойны дамашні тыл. Герою нашага аповеду з гэтым пашчасціла: жонка Ірына, якая навучае ўшацкіх дзяцей матэматыцы, заўсёды падтрымае і нават можа раздзяліць любімыя захапленні мужа – напрыклад, паехаць з ім на зімовую рыбалку. Падставы для гонару даюць бацьку і двое сыноў. Імя старэйшага ў свой час проста не сыходзіла са старонак нашай газеты – у юнацкія гады Яўген Каваленка быў адным з лепшых армрэстлераў свету. Радуе Канстанціна і Ірыну Ілья, які зараз вучыцца ў БНТУ.

Жыць у згодзе з усім навакольным светам і са сваім сумленнем, бездакорна выконваць справы, за якія ўзяўся, – напэўна, менавіта так можна коратка абазначыць жыццёвае крэда чалавека, пра якога мы сёння вам расказалі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 

Самы правільны след – нябачны

“Цябе і ў водпуску адшукалі?” – пыталіся калегі ў Сяргея Віктаравіча Аўдошкі, калі мы завіталі на базу ДРБУ-105 для вытворчага здымка. Хто проста жартаваў, хто, ведаючы пра захапленне мужчыны рыбалкай, цікавіўся пра ўлоў, ну а з Мікалаем Коўшалем распачалася “вытворчая планёрка”. Сяргей Віктаравіч пацікавіўся, куды напарніка накіравалі сёння, і ажывіўся, пачаўшы разглядаць здымкі дарогі, якую ўчора “не ўзяў” яго грэйдар.

Такім чынам са здзіўленнем даведалася, што нават тэхніцы, якая “лечыць” дарогі, паддаюцца не ўсе гравійкі, а ў яе кіроўцаў як і ў простых вадзіцеляў ёсць нелюбімыя трасы. “Калі дождж прайшоў, а палатно мяккае, там нічога не зробіш, хіба што стане яшчэ горш. Людзі гэтага не разумеюць. Лепш захоўваюцца лясныя гравійкі, а на адкрытых участках, дзе вецер здзімае пясчаны слой, ды яшчэ і аснова цвёрдая – гора. Не люблю ездзіць на Пліна, бо кожны раз усё большыя валуны вылазяць. Да Матырына дарога падобная. Ну а ў Красным нават пыталіся ў мясцовых жыхароў, ці не было там брукаванкі – суцэльнае каменне ў аснове. А іх жа зямля штогод выціскае, як і на палях. Калі б былі сродкі на падсыпку, падтрыманне дарог… Грэйдарам усяго не выправіш”, – механізатар не скардзіўся, проста расказваў пра свой любімы, хоць і маркотны від работ – асобныя ўчасткі і ў тры сляды даводзіцца праходзіць.

Ну а паколькі Сяргей Віктаравіч універсал, умее кіраваць ўсімі відамі трактароў, то і задзейнічаны на розных работах. За дзень, бывае, некалькі разоў перачэпліваецца: мяняе грэйдар на трал і перавозіць каткі, а потым зноў прафілюе дарогі. Нядаўна ў Наваполацку, дзе асфальтавалі вуліцы, падвозіў і раўняў матэрыял на Амкадоры. Ну а першай спецыфічна дарожнай тэхнікай, што асвойваў дваццаць год таму – быў укатчык. Майстар І.Д.Смальніцкі тады вучыў навічка “бясследна” хадзіць па гарачым асфальце.

“Раней “свяціўся”, калі па “сваёй” дарозе праязджаў, – прыгадвае С.Аўдошка першую гравійку з яго ўдзелам – на Пораўна. – Зараз жа яны ўсе твае, ведаю кожную пясчаную і нават з’езды да вадаёмаў, якія таксама расчышчаю для такіх як і сам рыбакоў”.

На нязручны графік работы не пачула ад Сяргея Віктаравіча ніякіх заўваг. Абмовіўся, праўда, што і ў 2 гадзіны ночы будзяць. І тут жа спакойна прадоўжыў, што звычайна, каб расчышчаць снежныя завеі, падымаецца ў 3. Не заўсёды працуюць з падменай. Былі зімы, калі ўтрох суткамі чысцілі снег, бо пакуль у адзін бок праедзеш, і следу не застаецца. Да ўрэзанага сну даўно прывык, нават у выхадны дзень у 6 ужо на нагах.

А вось вытворчы здымак давялося рабіць ля чужога трактара, паколькі яго “Беларус” яшчэ на мехдвары ў “Ільюшынскім”. Там механізатар правёў сёлета, можна сказаць, палову года. Дапамагаў аграрыям вясной на ўзворванні і падрыхтоўцы глебы, у жніво адвозіў з палёў зерне. Літаральна ўсе сельгасработы Сяргей Віктаравіч ведае дасканала, паколькі яшчэ школьнікам быў памочнікам камбайнера ў саўгасе “Ушацкі”, ад якога і атрымаў правы трактарыста. На гусенічным агрэгаце працаваў яго бацька, і Сяргей пасля ўрокаў бег з вуліцы Полацкай напрамкі пад Строкты на мехдвор. “Гэта зараз нельга малых з сабой на работу браць, ну а я з татам катаўся часта, а калі перайшоў у “Райсельгасхімію”, і свайго сына ў кабіну садзіў”.

Вось так і вырасла дынастыя выдатных механізатараў. Генетычна перадалася не толькі любоў да тэхнікі, а і адказнае стаўленне да даручанага ўчастка. Сын Сяргей таксама быў грэйдарыстам у ДРБУ-105, а летась і сёлета кіраваў адзіным у раёне Нью-Холандам, не сыходзіў з Дошкі гонару, радаваў Сяргея Віктаравіча, які ўзнагародамі таксама не абдзелены. Сёлета вось атрымлівае чарговую – Ганаровую грамату “Віцебскаблдарбуда”. Ну а яго бацька Віктар Іванавіч – наогул ардэнаносец, чыё імя занесена ў раённую кнігу “Памяць”. Пра ўсё гэта мой сціплы суразмоўца, праўда, змаўчаў.

Сёлета яго апошні дарожны сезон. Прафесійнае свята ў наступным годзе мяркуе сустракаць у статусе выключна вадзіцеля. Але не прыдзірлівага, а паблажлівага – разумее, што і грэйдару пакараюцца не ўсе дарогі.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 

На мясцовых трасах і магістралях

Сёлетні год абедзве дарожныя арганізацыі раёна называюць удалым – у параўнанні з леташнім хапала аб’ёмаў работ.

◆ Так, у ДРБУ-105 яны выраслі ўдвая: нават у зімовыя месяцы калектыў быў задзейнічаны на будаўніцтве новай лясной дарогі, многа зрабілі па бягучым рамонце гравіек, вось і да прафесійнага свята завяршаюць пад’езд на Вяркуды праз Гарбаціцу. Працяглы і спіс работнікаў, якія адзначаны рознымі ўзнагародамі. Так, акрамя асобна прыгаданых у сённяшнім нумары, Падзяку генеральнага дырэктара “Віцебскаблдарбуда” атрымалі рабочы Віталь Анатольевіч Бакан, вадзіцель пагрузчыка Вадзім Фёдаравіч Первянёнак, бухгалтар Алена Уладзіміраўна Арцем’ева. Званне “Ветэран працы” прысвоена вартаўніку Ірыне Дзмітрыеўне Шайтар.

◆ А вось спецыялісты Ушацкага ўчастка дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №37 цяпер кожны дзень накіроўваюцца ў камандзіроўку ў Лепельскі раён. Яны таксама адчулі павелічэнне фінансавання, укладалі асфальт на магістралях М-1 і М-3, а зараз “абуваюць” пешаходныя дарожкі ў Бароўцы. Звычайная практыка ДЭУ-37 – аб’ядноўваць сілы чатырох падначаленых участкаў на буйныя аб’екты.

Падзяку генеральнага дырэктара РУП “Віцебскаўтадор” атрымаў сёлета трактарыст Рыгор Захаравіч Шарамет, Ганаровую грамату – вадзіцель Андрэй Анатольевіч Ізмайловіч (на здымку).

 Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *