Юные футболисты Ушачского района

Cпорт

У красавіку праводзілася Віцебская абласная спартакіяда па футболе сярод ДЮСШ. Каманду Ушацкага раёна прадстаўлялі на ёй 13-14-гадовыя юнакі, якія займаюцца ў спартыўнай школе па 5-6 гадоў. За гэты перыяд заняткаў нашы выхаванцы неаднаразова ўдзельнічалі ў турнірах і міжраённых спаборніцтвах, заваёўвалі перамогі. Вось і зараз не падвялі, хоць часам матчавыя баталіі праходзілі драматычна.
У выніку папярэдніх гульняў у падгрупах і ў фінальных каманда нашых спартсменаў прапусціла наперад толькі каманды ДЮСШ Віцебска, Пастаў і Наваполацка, дзе ёсць футбольныя клубы каманд-майстроў. У нашай падгрупе спаборнічалі шэсць каманд ДЮСШ з Наваполацка, Полацка, Пастаў, Міёраў, Верхнядзвінска і Ушач. Неабходна было па кругавой сістэме згуляць з кожнай.
У першы дзень спаборніцтваў мы гулялі з моцнай камандай ДЮСШ г.Паставы. Маглі перамагчы, калі б мяч ад моцнага ўдару Аляксандра Клопава з 20 метраў ад штангі трапіў у вароты. На жаль, ён проста пракаціўся па лініі варот. На апошніх хвілінах гульні мы прапусцілі два галы і прайгралі гэтую гульню.
У другім матчы ўпэўнена перамаглі каманду ДЮСШ г.Міёры з лікам 2:1. Галы ў нас забілі Уладзіслаў Сазонаў і Алег Малецкі.
Гульня з “Нафтанам” г.Наваполацка завяршылася таксама нашай перамогай з лікам 3:2. Вызначыліся нашы Уладзіслаў Сазонаў (двойчы) і Андрэй Сакалоў.
Матч з ДЮСШ г.Верхнядзвінска быў нібыта нескладаны. Два таймы мы валодалі перавагай, аднак ніяк не маглі забіць гол. Адзіны ўдар сапернікаў у нашы вароты прынёс ім перамогу. Калі б перамога дасталася нашай камандзе, мы датэрмінова выйшлі б у фінал і гулялі за трэцяе месца.
У апошняй гульні ў падгрупе нашымі сапернікамі была моцная каманда ДЮСШ г.Полацка. Як і напярэдадні, мы мелі перавагу, неаднаразова білі па варотах, аднак так і не змаглі выйграць. Лік 0:0 таксама адбіўся на выніках спаборніцтваў. Мы прапусцілі наперад каманду г.Наваполацка.
У фінальных гульнях нас чакала барацьба за перамогу з камандай спартыўнай школы Оршы. Асноўную гульню закончылі з лікам 0:0. Пасляматчавыя пенальці мы выканалі больш упэўнена і перамаглі з лікам 5:4.
Хацелася б адзначыць усю каманду, удзельнікі якой сваёй працай падчас трэніровак і гульняў паказваюць нядрэнны футбол. Гэта мае выхаванцы Жэня Мялешка, Андрэй Бутоўскі, Дзіма Мароз, Валера Антопуш, Саша Клоп, Андрэй Клямяценка, Ігар Шаблоўскі, Улад Троцкі, Мікіта Галай, Улад Сазонаў, Андрэй Сакалоў, Стас Сабін (трэнер Д.П.Дрозд, Ільюшынская школа), Сяргей Гардзіёнак (трэнер С.І.Ціханёнак, Арэхаўская), Дзіма Падгол (трэнер А.У.Гулевіч, Кубліцкая).
В.ЛУК’ЯНЕНКА,
трэнер Ушацкай ДЮСШ.
На здымку: футбольная каманда Ушацкай спартыўнай школы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *