Семинар идеологических работников на базе ЧУП «Сорочино»

Общество

Месцам выязнога семінара ідэалагічных работнікаў ПУП “Сарочына” было абрана невыпадкова. Гэта арганізацыя сапраўды ўзорная, прычым па любых напрамках работы. А сапраўднымі ідэолагамі і тонкімі псіхолагамі з’яўляюцца як кіраўнік прадпрыемства В.П.Сяргееў, так і намеснік дырэктара А.А.Жахоўскі, якія па службовых абавязках займаюцца гэтай работай. Наогул без зладжанага ланцуга ўсіх звенняў калектыву, граматнай арганізацыі ідэалагічнай работы патрэбнай аддачы не будзе. А тут яна ёсць. 

Да вельмі высокіх планаў краіны “Сарочына” мае непасрэднае дачыненне. “Калі мы абмяркоўвалі Пасланне Прэзідэнта, задачы на будучую пяцігодку, дайшлі да прываг канкрэтных аператараў, разабралі, якімі яны павінны быць, каб справіцца з намечаным”, – сказаў падчас семінара В.П.Сяргееў. І гэта не было словамі на публіку. Любы сход калектыву, а была там неаднаразова і на справаздачных, і на святочных, праходзіць ажыўлена, са слушнымі прапановамі і канкрэтнымі прозвішчамі. Выдатна ведаючы слабыя і моцныя бакі кожнага работніка, Віктар Пятровіч працуе “на чалавечы фактар”, прымушае параўнаць паказчыкі, заробкі, якія могуць разыходзіцца ўдвая. Прычым, ведаючы вагу парасят, кожны ўжо без бухгалтара здольны падлічыць сваю зарплату. Гэты самы моцны эканамічны рычаг на ПУП “Сарочына” разлічаны так гібка, што “прымушае” эканоміць кармы, сачыць за захаванасцю прыплоду, укараняць навінкі…, перавыконваць заданне. І рэзервы знаходзяцца. Вялізны плакат (на ўсю сцяну актавай залы) ужо не ўмяшчае звестак дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, а менавіта з таго часу тут вядзецца табліца з асноўнымі паказчыкамі. Кожны год рост! Літаральна па ўсіх паказчыках плюсуюць і па выніках 4 месяцаў сёлетняга, хоць стартавалі не з нуля. На працягу дзесяцігоддзяў у лідарах па вобласці – зараз пятыя з 35 комплексаў і на 38-м месцы са 107 падобных прадпрыемстваў рэспублікі.

Метад “перніка” і …

Вынікі спаборніцтва ўнутры калектыву вядомы ўсім. Кожны месяц напрыканцы адзіных дзён інфармавання называюцца перадавікі. Акрамя прэмій не менш важныя для чалавека меры маральнага заахвочвання. Прыгожыя здымкі перадавікоў на абноўленай Дошцы гонару комплексу. Яркія пасведчанні – з вялікім каляровым партрэтам, заламінаваныя – уручаюцца пры ўсім калектыве. Іх людзі захаваюць на ўсё жыццё.
Імяніннікаў віншуюць праз асобны стэнд, а сярод 27 членаў ІТР-а традыцыя дарыць калегам букет кветак. Выхад на заслужаны адпачынак, провады ў армію, вяселле члена калектыву ці прыбаўка ў сям’і – нішто не застаецца па-за ўвагай прафкама, а зайздросныя палажэнні калектыўнага дагавора магчымы, канечне, толькі пры прыбытковай рабоце прадпрыемства.
Аднак не толькі з “пернікам” умеюць працаваць у ПУП “Сарочына”, але і бізун вымаць, калі патрэбна. Калі, напрыклад, спрацуе алкатэстар, а нечаканыя праверкі – даўно заведзеная справа – чалавек адчувальна страціць у рублях і атрымае апошняе папярэджанне, пасля якога – толькі звальненне. Так і пры любым парушэнні працоўнай дысцыпліны.

Не працай адзінай

Лепш патраціць грошы на паляпшэнне ўмоў працы, чым аплачваць бальнічныя лісты па страце працаздольнасці. Так лічыць адміністрацыя, і толькі летась 89 мільёнаў скарыстана на паляпшэнне ўмоў, сёлета запланавана яшчэ 14. І тэхніка бяспекі – мерапрыемствы таксама не для галачкі, а для захаванасці здароўя работнікаў, у тым ліку і самазахаванасці.
Падвоз на працу, дадому і на абед, пакоі для адпачынку і харчавання, абсталяваныя мікрахвалевымі печамі, халадзільнікам. У памяшканні Арэхаўскай школы ўстаноўлены трэнажоры, на якіх займаюцца не толькі дзеці, але і работнікі. Пастаяннымі наведвальнікамі яны лічацца ў тэатры імя Якуба Коласа, куды выязджаюць таксама калектыўна. Ды і самі ўпэўнена трымаюцца на сцэне. Здаровыя творчыя здольнасці адміністрацыя падтрымала, закупіўшы музычную апаратуру. І сёння аператары, спецыялісты бавяць свой вольны час на рэпетыцыях, канцэртах. Відэафільмы пра вытворчасць і ўмовы быту комплексу былі зроблены таксама ўмельцамі з калектыву, як і мноства малых архітэктурных форм на тэрыторыі комплексу, якая летам патанае ў квецені. Калі спачатку скептычна ўспрынялі ідэю азелянення, то цяпер спаборнічаюць, у каго цікавей і багацей ля тэрыторыі цэху.
Ганаруся, што працую ў “Сарочыне”, што жыву на Ушаччыне, што мая радзіма – Беларусь. Патэтычна? Занадта ўзнёсла? Так і адначасова не. Патрыятызм не нараджаецца на голым месцы і наогул не можа нарадзіцца, калі справы ў тваім калектыве, твае асабістыя “планкі” разыходзяцца з задачамі краіны, калі ты проста пабочны назіральнік усяго стваральнага, што адбываецца навокал. І трэба імкнуцца, каб так змог сказаць пра сябе член любога калектыву.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *