21 мая — день работников физической культуры и спорта

Cпорт

Сваё прафесійнае свята адзначаюць тыя, хто выхоўвае ў вучнёўскай і працуючай моладзі прагу да фізічна актыўнага спосабу жыцця, арганізуе трэніроўкі і ўдзел у спаборніцтвах насельніцтва розных узроставых груп, з’яўляецца каталізатарам здароўя нацыі.
Аб тым, як ідуць справы ў нашым раёне, – гутарка з начальнікам аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С.І.Ціханёнкам.

– Сяргей Іванавіч, акрэсліце поспехі спартсменаў нашага раёна. Што галоўнае адзначылі б?
–Хачу сказаць, што ў раёне асаблівае развіццё атрымалі такія віды спорту, як футбол, валейбол (жаночы), настольны тэніс, дзюдо, армрэстлінг, прыкладное мнагаборства, лыжы сярод дзяцей (“Снежны снайпер”). У планах – арганізацыя заняткаў па лыжным спорце пры нашым аддзеле.
– І такое стала магчымым, дзякуючы…
– Сур’ёзнаму, творчаму падыходу да справы фізкультурнаму актыву раёна. Нездарма Ушацкая ДЮСШ па выніках мінулага года заняла другое месца ў вобласці. Свой уклад уносяць настаўнікі фізічнай культуры школ раёна. Не абысціся без пазаштатных інспектараў па спорце. Фізкультурна-спартыўны клуб “Ураджай” актыўна наладжвае ўсе спаборніцтвы. Складаней было б на належным узроўні арганізоўваць работу без бухгалтарскіх, тэхнічных работнікаў, якія не толькі выконваюць свае непасрэдныя абавязкі, але і дапамагаюць у іншых справах.
– Назавіце лепшыя калектывы раёна, дзе рэгулярна наладжваюцца трэніроўкі, паспяхова выступаюць каманды на розных спаборніцтвах.
– Гэта аддзел МНС, аддзяленне “Ахова”, ДРБУ-105, сельгаспрадпрыемства “Кублічы”, Ушацкая сярэдняя школа, актывізуецца ПМК-66.
– Спыніцеся, калі ласка, на матэрыяльна-тэхнічнай базе.
– Перш за ўсё скажу, што самая вялікая мара – каб нічога не сарвалася, і быў пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Чакаем другой чаргі трэнажорнай залы. Гэта будзе масажны кабінет, душавыя, раздзявалка. Побач з гэтым будынкам, у двары дома №16 па вуліцы Ленінскай прыкладна ў жніўні будзе абсталявана комплексная спартыўная пляцоўка са штучным пакрыццём. Па ініцыятыве старшыні райвыканкама імкнёмся зрабіць лыжна-ролерную трасу. Ажыццяўляем гэта праз удзел у суботніках, а таксама прыцягваючы ўласныя і бюджэтныя асігнаванні.
Калі ўзяць спортінвентар, то тут таксама ёсць зрух. Папаўняем яго за кошт пазабюджэтных грошай і тых, якія выдзяляюцца з вобласці. Сродкі ідуць на патрэбы ДЮСШ і аказанне паслуг жыхарам раёна. 30 мільёнаў рэалізавана сёлета на турыстычны інвентар. Каля 70 мільёнаў пайшло на спортінвентар для ДЮСШ.
– Якія арганізацыі дапамагаюць вам фінансава ў спартыўнай рабоце?
– Сапраўды, дапамога ёсць. І яна самая розная: ад выдзялення грашовых сродкаў да ажыццяўлення рамонту. Мы ўдзячны дырэктару Ушацкай сярэдняй школы С.К.Турло: тут праводзяцца некаторыя спаборніцтвы сярод дарослага насельніцтва. У клопаце аб спартсменах прадпрымальнік С.Фамін. Дапамагаюць ПМК-66, аддзел МНС, лясгас, райаграсэрвіс, райспажыўтаварыства, ДРСУ-105, сельгаспрадпрыемствы. Шмат робіць для нас прадпрымальнік М.Бабаедаў.
Надзвычайна важна, што адчуваем канкрэтную падтрымку з боку старшыні райвыканкама, кіраўніцтва абласнога ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму.
– Што праблемнае застаецца ў Вашай рабоце?
– Нас стрымлівае адсутнасць транспарту. Каля 70 працэнтаў грашовых сродкаў ідзе на перавозку каманд. А турнірная ж практыка, удзел у спаборніцтвах – важнейшая ўмова дасягнення высокіх паказчыкаў.
– Вы адказваеце і за турызм. Як ён развіваецца ў раёне?
– У рэспубліцы прынята нацыянальная праграма развіцця турызму на 2011 – 2015 гады, дзе прадугледжваецца развіццё і ў нашым раёне некалькіх тураб’ектаў. Сярод такіх, напрыклад, ТАА “Азёрныя ростані” ў Слабадзе, дзе наладжвае справу тураператар М.Навацкі.
– Поспехаў і новых здзяйсненняў вам усім!
Гутарку вяла
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *