В Ушачах прошел районный этап конкурса молодых исполнителей «Песни юности наших отцов»

Культура

Калі прыгадваць самыя легендарныя вакальныя фэсты Прыдзвіння, многія найперш назавуць “Славянскі базар у Віцебску”, на афішах якога сёлета будзе значыцца лічба ХХХІІ, “Віцебскі лістапад”, што распачне 37-ы сезон. Але да гэтага пераліку можна далучыць і конкурс “Песні юнацтва нашых бацькоў”, які збірае на сцэне маладых выканаўцаў Віцебшчыны ўжо ў 29-ы раз. Раённы яго этап прайшоў на мінулым тыдні ў цэнтры культуры і народнай творчасці.

М.Алексяёнак.

Сёлета канкурсанты павінны былі падрыхтаваць песню пра Беларусь, а таксама выканаць савецкі ці замежны хіт 70-90-х гадоў. Тон выступленням задала культработнік Таццяна Нарывончык. Заўсёды прыемна бачыць на раённай сцэне прадстаўнікоў сельскіх культустаноў. Сёлета актыўнасць праявілі ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці з Арэхаўскага СДК. Ва ўсіх мясцовых канцэртах прымае ўдзел паштовы работнік Анастасія Карымава, у якой нават ёсць “фірменны” хіт – песня “Лясы Ушаччыны”, словы да якой напісала Тамара Барадзёнак, а музыку – арэхаўскі кампазітар Сяргей Мядзведзеў, які, на жаль, не так даўно пайшоў з жыцця. Гэты твор яна прэзентавала і на конкурсе. Забягаючы наперад, скажам, што пранікнёная выканаўчая манера Насці спадабалася журы, якое сёлета ўзначальвала намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова, – дзяўчына атрымала дыплом лаўрэата ІІІ ступені і спецыяльны прыз ад раённага аб’яднання прафсаюзаў, які ўручыла яго старшыня М.Шаўчэнка.

В.Пугачова.

Даволі ўпэўнена адчувала сябе на сцэне і 11-класніца Арэхаўскай школы Аляксандра Каралёва, што і нядзіўна, бо яна шмат часу праводзіць у СДК, дзе, дарэчы, працуе яе бабуля Алена Васільеўна Краўчанка. А яшчэ Саша добра вучыцца, з’яўляецца актывісткай усіх школьных спраў. Дэлегаваў сваю прадстаўніцу на конкурс і Вялікадолецкі сельскі Дом культуры. Хоць Маргарыта Алексяёнак – другакурсніца ВДУ імя Машэрава, любімую культустанову не забывае, спяшаецца сюды па выхадных і на канікулах. А яшчэ яна аказалася рэкардсменам па ўдзеле ў конкурсе: у школьныя гады неаднойчы спрабавала сябе на раённым этапе.

Песня “Родны мой горад” – адна з самых папулярных ва ўшацкіх канкурсантаў. У папярэднія гады яна гучала ў выкананні Ірыны Вітко, Анастасіі Валынец, а сёлета сваю інтэрпрэтацыю шлягера прапанавала П.Жалейка.

А вось для самай юнай канкурсанткі Паліны Жалейка, якая прадстаўляла раённы цэнтр дзяцей і моладзі, гэта было дэбютнае выступленне на “вялікай сцэне”. І дзяўчына стала адкрыццём праграмы: здзівіла чысцінёй выканання і прыгожым тэмбрам голасу. Крыху папрацаваць над падачай вобразу – і ў юнай спявачкі будуць вялікія творчыя перспектывы, пакуль жа журы аддала ёй ІІ месца. Ну а педагог цэнтра Вольга Пугачова яшчэ да пачатку выступленняў лічылася фаварытам – і гэты статус пацвердзіла! Здаецца, проста нельга не знайсці шлях да сэрцаў гледачоў, калі выконваеш лірычны хіт “Аксамітны летні вечар”, прыгожыя радкі з якога і вынесены ў загаловак артыкула. Ну а драйвовы шлягер “Так же, как все” даў спявачцы магчымасць паказаць іншую грань сваёй вакальнай палітры.

А.Карымава, М.Шаўчэнка.

Уручаючы лаўрэатам дыпломы і каштоўныя падарункі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнак падзякаваў удзельнікам за смеласць і актыўнасць, падкрэсліў, што конкурс стаў яркім мерапрыемствам, якое прайшло пад эгідай Году міру і стварэння і паказала, як шчыра паважае моладзь гісторыю, культуру і творчыя традыцыі свайго народа.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *