Ушачане заняли второе место на районном открытом турнире по мини-футболу среди юношей 2009-2010 г.р.

Cпорт

“Ну вось, увесь турнір, як кажуць, ад званка да званка на трыбунах правёў!” – канстатаваў, пакідаючы нядзельным вечарам гульнявую залу “Юнацтва-Ушачы”, спартыўны заўзятар Васіль Алексяёнак. І сапраўды, ушацкім балельшчыкам апошнім часам відовішчаў хапае: наш комплекс стаў прыкметнай кропкай у раскладах розных спаборніцтваў. Вось і чарговы турнір па міні-футболе, за перамогу ў якім змагаліся юнакі 2009-2010 гадоў нараджэння з розных гарадоў краіны, прынёс усім шмат яркіх уражанняў.

На запрашэнне ўшачан адгукнуліся дружыны з Мінска, Наваполацка, Глыбокага, Чашнікаў. На жаль, у апошні момант праблемы з транспартам перашкоділі прыезду дзвюх каманд з Вялікіх Лукаў, пазбавіўшы спаборніцтвы міжнароднага статуса. Затое ўпершыню прыбылі аршанскія ўдзельнікі – ды якія! – каманда ВІТЭН-ЮНІ, дзе выхоўваецца рэзерв для аднаго з лепшых міні-футбольных клубаў краіны. Да слова, менавіта ў добрым валоданні спецыфічнай тэхнікай, уласцівай гэтай разнавіднасці гульні №1, адчувалася прыкметная перавага аршанскіх хлопцаў, таму іх адразу залічылі ў фаварыты. І гэта хутка пацвердзілі буйныя стартавыя перамогі над усімі сапернікамі. Зрэшты, паралельна граміла канкурэнтаў і дружына Ушацкага РФСК. Фактычна супраціўленне гаспадарам аказалі толькі чашніцкія ігракі, ды і тыя “зламаліся” ў канцоўцы, саступіўшы з лікам 3:9. Зрэшты, па выніках турніру гэта каманда атрымала бронзавыя медалі.

Ну а лёс першага месца вырашаўся ў матчы ўшачан і аршанцаў. Вядома ж, нашы землякі не збіраліся дачасна складваць зброю, ды ўсё ж, здаецца, крыху “перагарэлі”. Тым не менш, на асобных адрэзках гульня была роўнай, але гаспадары растранжырылі шмат галявых момантаў, у той час як сапернікі рэалізавалі амаль усе.

У час урачыстага ўзнагароджання нашы хлопцы выглядалі крыху расчараванымі, і гэта сведчыць пра тое, што яны ставяць перад сабой толькі вышэйшыя мэты. Трэнер Раман Фядосенка зазначыў, што яго выхаванцы гулялі з поўнай самааддачай, а спаборніцтвы былі вельмі карыснымі, бо паказалі, над чым трэба працаваць. Ну а настаўнік пераможцаў Ігар Івулін быў у самым найлепшым настроі: “Турнір спадабаўся, а ўражанні ад “Юнацтва-Ушачы” – проста выдатныя. Хлопцы пасля гульні паспелі нават у басейне паплаваць! Абавязкова прыедзем яшчэ, калі запросіце!”

Што датычыцца персанальных прызоў, то лепшым іграком ушацкай каманды стаў Глеб Седзін, а самым карысным – Мікіта Жалейка. Традыцыйна не застаўся без узнагароды і наш лідар Мікіта Бадзякін – ён прызнаны лепшым абаронцам турніру.

Што ж, старт футбольнага года атрымаўся відовішчным, а ўжо хутка ў Васіля Аляксеевіча і яго сяброў-балельшчыкаў будуць новыя падставы для змястоўных выхадных: у пачатку лютага на нашым комплексе стартуюць гульні абласнога чэмпіянату па міні-футболе, а напрыканцы месяца мы плануем прыняць чарговы прадстаўнічы юнацкі турнір.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *