Лучший отдых — на природе

Общество

Пачаўся летні сезон, і народ з камфартабельных “каменных джунгляў” пацягнуўся ў джунглі натуральныя. Ну, джунглі – гэта крыху паўднёвей, а вось пушчамі наш край не абдзелены. А які, скажыце, чалавек не марыць у гэтыя спякотныя дзянькі правесці вольны час, скажам, на беразе ляснога возера? А значыць, прыспела пара расказаць аб тым, дзе і як могуць адпачыць жыхары і госці нашых мясцін. 

Калі вы аддаеце перавагу “цывілізаваным” месцам адпачынку, абірайце адзін з пяці спецыяльна абсталяваных пляжаў – на рацэ Ушача (побач з касцёлам), або на азёрах Чаравэчча, Вечалле, Должыца і Баркоўшчына. За гэтымі вадаёмамі найбольш пільна сочаць эпідэміёлагі: з 1 чэрвеня па 1 верасня яны штотыднёва праводзяць адбор спроб на выяўленне біялагічнага забруджвання. Есць тут і абавязковыя пляжныя атрыбуты: лежакі, пераапранальні, туалеты, кантэйнеры для смецця.
Хочацца больш падрабязна расказаць пра Вечалле. Гэта, пэўна, найбольш папулярнае месца летняга адпачынку жыхароў райцэнтра, якое з кожным годам усё больш “акультурваецца”. Гэтай вясной, выконваючы распараджэнне райвыканкама, работнікі камунгаса пашырылі і падсыпалі пяском прыбярэжную паласу пляжу, хутка будзе выкашаны стары трыснёг, ужо заказаны прыгожы двухпавярховы драўляны будынак выратавальнай станцыі: на першым паверсе будзе захоўвацца інвентар, з другога – весціся назіранне за возерам. 
Літаральна ў сотні метрах ад пляжу размяшчаюцца адноўленыя да летняга сезона работнікамі лясгаса драўляныя домікі. Гэта нават не домікі, а казачныя гарадкі, якія пяром не апісаць – іх трэба пабачыць на свае вочы. Тут і хаткі на курынах лапах, і зручныя лаўкі вакол абкладзенага камянямі вогнішча, і складзеныя побач палены дроў, і нават арэлі з бервяна – прыязджайце, людзі, карыстайцеся! Цяжка ўявіць сабе такі вось бясплатны сэрвіс, напрыклад, у славутай Амерыцы, дзе нават за праезд па лясной дарозе (а што ўжо казаць пра дровы?) трэба выкласці пэўную суму. Мне могуць запярэчыць – маўляў, у нашай Беларусі драўлянымі прыдарожнымі пабудовамі нікога не здзівіш, але здаецца, што такую прыгажосць, такую выдумку можна пабачыць толькі на Ушаччыне – дзякуючы залатым рукам і фантазіі нашых майстроў. Дарэчы, ёсць у кіраўніцтва лясгаса і яшчэ адна прыдумка, якая, спадзяёмся, хутка стане рэчаіснасцю. Побач з Вечаллем адведзены ўчастак пад дэндрапарк: там плануецца высадзіць незвычайныя для нашых мясцін дрэвы…
Усё гэта добра, але ж нехта аддае перавагу адзіноце і для адпачынку хоча абраць больш зацішнае месца. Карыстаюцца попытам ва ўшачан азёры Звонь, Матырына, Селішча, Баравёнак, Салонец, дзе таксама ёсць акультураныя месцы адпачынку. Мінская фірма “Янтарны бераг”, якая арандуе ў нашым раёне азёры Полазна, Тартак і Царкавішча, абсталявала на іх спецыяльныя месцы для платнага аматарскага рыбалоўства.
Але ў любым месцы вам давядзецца выконваць прыродаахоўныя правілы. Асноўнае з іх датычыцца распальвання агню. Рабіць гэта ў такую спякоту трэба з вялізнай асцярожнасцю.
А яшчэ карысна ведаць, што машыну, на якой вы прыехалі, трэба ставіць у спецыяльна адведзеных месцах. Калі такіх побач няма, паркуйце сваё аўто не бліжэй за 30 метраў ад берагу вадаёма, інакш парушыце патрабаванні Воднага кодэксу. Нельга таксама мыць машыну ля возера ці ракі.
Гэтыя немудрагелістыя правілы зробяць ваш адпачынак бяспечным і засцерагуць ад непрыемнасцей. Увогуле ж, правесці вольны час на прыродзе, адчуць сябе яе часцінкай – ні з чым не параўнальная асалода і самы прыемны адпачынак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *