Не заснежыла, ці як працуюць адпаведныя службы?

Выясняем ситуацию

P1140384Снег у снежні ды мароз у студзені ўспрымаецца ў апошнія гады хутчэй як анамальная з’ява, ну а для службаў, дзейнасць якіх напрамую залежыць ад капрызаў надвор’я – наогул як дыверсія з боку нябеснай канцылярыі. Вось і праехаўшы перад новым годам па ўзгоркавых кубліцкіх дарогах, пераканаліся – слізка, ды і адміністрацыя гаспадаркі дадала гісторый пра тое, што прычэп сцягнула, а дыягнастычная машына з вобласці не даехала да месца прызначэння, каб не рызыкаваць дарагой тэхнікай. Было і тэлефанаванне з вёскі Вяркудскага сельсавета аб тым, што не заходзіць аўтакрама, адзіная прычына – дрэнны стан дарогі. Аднак… усё гэта справы мінулагоднія. А як зараз, дарэчы, калі і вуліцы сельскіх населеных пунктаў перададзены на баланс камунгаса.

Паколькі захацелася пераканацца на ўласныя вочы, завярнулі ў першую трапіўшую па дарозе вёску – Шчарбёнкі. Дабраліся да яе без якіх бы то ні было перашкод. Цэнтральная вуліца расчышчана, а вось дарога на Арцюшкі – не.

– Дык там жа не жыве ніхто, – сказала Яўгенія Восіпаўна Лазарэнка, якую засталі за расчысткай дарожкі ад дома. – Усіх пажылых дзеці да сябе забралі, вось і не чысцяць. А ў нас рэгулярна, два разы на тыдні. І аўталаўка спакойна заязджае, і дзеці на легкавых аўто. А ля дамоў ужо самі. Мне вось пад 80, а рухаюся. Куды цяжэй калодзеж штодня прабіваць.

– Сапраўды, мы падаём заяўкі на вёскі, якія трэба прачышчаць, і Арцюшкі выключылі, ведаючы, што там зараз нікога няма, – пацвердзіла старшыня Сарочынскага сельскага Савета Людміла Яўгенаўна Птушка. – Сродкаў жа нямнога, затое ёсць невялікія адрэзкі дарог ля трас, дзе трэба прачысціць, а яны не ўключаны. ДРБУ заўсёды ідзе насустрач.

На ўтрыманне ўнутрыгаспадарчых дарог бюджэтам сёлета прадугледжана 40 мільёнаў рублёў. Гэта на год! Грашыма распараджаюцца сельскія Саветы. Таму і эканомяць, выключаючы лішнія кіламетры. Сродкаў гэтых, безумоўна, не хопіць, калі ўлічыць, што за іх трэба і прагрэйдзіраваць, і падсыпаць – падтрымліваць нармальны стан на працягу года. Для прыкладу, за падсыпку адной толькі дарогі па вёсцы Ляснеўшчына Сарочынскі сельвыканкам пералічыў летась ДРБУ амаль 5 мільёнаў рублёў, якія атрыманы ад аўкцыёнаў па продажы ўчасткаў. Гэта крыніца даходаў, таксама як ахвяраванні насельніцтва на добраўпарадкаванне сваіх населеных пунктаў, і стануць дадатковымі, а мабыць і асноўнымі грашовымі крыніцамі для падтрымання стану дарог. Хоць практыка леташняга года сведчыць, што на іх таксама моцна не разгонішся. Насельніцтвам усіх сельсаветаў раёна за мінулы год было ахвяравана ўсяго 6,6 мільёна рублёў – па добраму і на адну вёску не хопіць.

Аднак, не будзем загадваць на далёкае. Пакуль што сітуацыя адрозніваецца ад мінулагодняй у лепшы бок. Ні пешаходам, ні вадзіцелям нельга не прыкмеціць, як расчышчаюцца дарожныя трасы. І следу ад гурбаў няма, як раней – увесь снег ссунуты ў кюветы, і што ехаць, што ісці – ніякіх перашкод. Як ніколі раней, калі толькі гэта не рабілі ўласнымі сіламі гаспадаркі, пачалі расчышчацца і вуліцы па вёсках.

Дарогі па гарпасёлку саступаюць пакуль што стану трас. Пешаходы часта ідуць па праезнай частцы, бо больш няма дзе. Не жадаюць пераходзіць на тратуар, бо расчышчаны ён не так добра, як дарожнае палатно.

Камунгас, канечне, знаходзіцца не ў роўных умовах з дарожнымі службамі. Няма куды ссоўваць снег, яго даводзіцца толькі вывозіць. Што і пачалі рабіць. І трэба адзначыць, што зроблена таксама намнога больш, чым у ранейшыя гады. У першыя дні, калі выпала амаль што месячная норма снегу, практычна не было расчышчаных тратуараў, яны засталіся вузкімі з-за снежных гурбаў з абодвух бакоў, то зараз …

– Мы прыцягнулі транспарт з іншых арганізацый (ільнозавода, лясгаса, “Райаграсервіса”), каб арганізаваць вывазку снегу чатырма адзінкамі, гаворыць намеснік дырэктара УП ЖКГ Мікалай Уладзіміравіч Свірко. – На жаль, у нас толькі адзін пагрузчык. Арганізавана работа ў дзве змены, з трох гадзін ночы да дзевяці вечара. Таксама ў дапамогу нашым дворнікам прыйшлі людзі з цэнтра занятасці. Стараемся, тым больш што такой колькасці снегу не было даўно.

Падоўжаны рабочы дзень і ў ДРБУ-105. Прычым, начальнік участка Генадзь Аляксеевіч Глінскі не ссылаўся на экстрэмальныя ўмовы. – Гэта наша работа, бываюць тыдні, калі няма чаго расчышчаць, а зараз, зразумела, трэба папрацаваць. У нас 14 адзінак на расчыстцы і 4 на падсыпцы. Заехаць можна ў любую вёску.

Мяркуючы па ўласным назіранні і праверцы адзінкавых зваротаў у рэдакцыю (в.Красная Горка), можна канстатаваць, што пакуль праверку сапраўднай зімой арганізацыі, якія адказваюць за стан дарог, вытрымліваюць. Хоць па сельсаветах званкі паступаюць, у тым ліку, і на якасць расчысткі. Не ўсе яны абгрунтаваныя, але галоўнае, што вырашаюцца.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *