В Ушачском районе идёт массовая уборка кукурузы

Сельское хозяйство

Здавалася, зусім нядаўна даводзілася рабіць рэпартаж з поля, дзе сеялі кукурузу… Імгненна праляцеў час, і на многіх палетках ужо ўбрана гэтая каштоўная культура, на некаторых яна яшчэ стаіць высокай сцяной. Так, наступіў другі адказны этап нарыхтоўкі кармоў – уборка кукурузы і закладка сіласных траншэй. Хоць кукуруза лічыцца затратнай культурай, але корм з яе ўтрымлівае мноства карысных элементаў, якія патрэбны жывёле.
Сёлета ў раёне пад пасевы “каралевы палёў” адведзена 2900 гектараў, значная частка плошчаў ужо ўбрана. Уборка культуры пачалася, калі наступіла фаза васковай спеласці, менавіта ў гэты перыяд дасягаецца максімальны збор пажыўных рэчываў пры аптымальнай кармавой каштоўнасці і прыгоднасці да сіласавання.
“Каралевай палёў” кукурузу называюць не толькі ў нас, але і за мяжой. Па ўраджайнасці зерня яна значна перавышае любыя зерневыя культуры, хаця сама да такіх і не адносіцца. Нягледзячы на тое, што радзімай гэтай цеплалюбівай расліны з’яўляецца Паўднёвая Амерыка, на тэрыторыі нашай краіны яна добра сябе адчувае. А ў гэтым годзе, хоць напачатку ўсходы яе былі слабымі, дзякуючы чаргаванню частых дажджоў са шчодрым сонцам, кукуруза на айчынных палетках “вымахала” значна большай за чалавечы рост і з нядрэннай ураджайнасцю. Так, сярэдняя па раёне яна складае каля 330 цэнтнераў з гектара, прытым што ў мінулым годзе была крыху большай за 200 цэнтнераў.
– Кукуруза сёлета добрая вырасла, ад аднаго кормаўборачнага камбайна адразу тры адзінкі тэхнікі адвозяць сіласную масу, – радуюцца ўраджаю працаўнікі КУСГП “Арэхаўна”, да якіх завіталі на гэтым тыдні. Не было сумнення, што за штурвалам камбайна будзе вопытны работнік і перадавік гаспадаркі Аляксандр Папко. Ён не першы год убірае кукурузу з палёў, нарыхтоўваючы якасны корм. Гэтым жа летам на высокапрадукцыйным кормаўборачным камбайне КВК-800 нарыхтаваў амаль чатыры тысячы тон кармоў з першага ўкосу траў.
Не па ўсіх палетках можна праехаць, тым не менш у гаспадарцы стараюцца максімальна выкарыстоўваць свае сілы і ўбіраць кукурузу.
Улічваючы колькасць нарыхтаванага сена і сенажу, а таксама сёлетні ўраджай “каралевы палёў”, можна ўпэўнена гаварыць, што гаспадаркі раёна будуць дастаткова забяспечаны кармамі.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымку: працаўнікі КУСГП “Арэхаўна” А.Ясюк і А.Папко. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *