Вопросы медицинского обслуживания населения Ушачского района обсудили на недавней сессии районного Совета депутатов

Здравоохранение Калейдоскоп Официально

Асноўнае пытанне, якое разглядалася на апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў, датычылася  медыцынскага абслугоўвання насельніцтва раёна і выканання закона “Аб ахове здароўя”. Пытанне, якое, пагадзіцеся,  з’яўляецца асноўным для кожнага з нас. А таму ўважліва прачытайце матэрыял. Бо справаздача асноўнага дакладчыка – галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы М.М.Каспіровіча і іншых выступаўшых на сесіі  ўтрымлівала многа  карыснай інфармацыі.

Прыярытэтны напрамак

Кожны год рашэннем райвыканкама прымаецца Тэрытарыяльная праграма дзяржаўных гарантый па забеспячэнні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, у якой віды, аб’ёмы і ўмовы аказання медыцынскай дапамогі прыводзяцца ў адпаведнасць з прадугледжанымі  ў бюджэце сродкамі. Так, на ўсё патрэбны грошы, і на медыцынскае абслугоўванне – вельмі вялікія. І выдатна, што ў нашай сацыяльна арыентаванай дзяржаве гэты напрамак з’яўляецца прыярытэтным. Нават у складаныя часы сродкі на медыцыну закладаюцца ў прыстойным аб’ёме, у раёне таксама не эканомяць на здароўі. Такі прыклад: па існуючых нормах адна брыгада хуткай дапамогі разлічана на абслугоўванне 12 тысяч насельніцтва. Улічваючы вялікую адлегласць паміж населенымі пунктамі, у нашым раёне пастаянна дзяжурыць дзве, хоць насельніцтва на першага студзеня 2012 года складала 15300 чалавек.

Усяго ў 2012 годзе на ахову здароўя раёна выдзелена 17,5 мільярда рублёў, што ў разліку на аднаго жыхара складае 1,1 мільёна. У першым квартале асвоена 4,3 мільярда, з іх 321,1 мільёна – на медыкаменты і 134,2 – на харчаванне. Каб разнастаіць меню і патанніць харчаванне, літаральна ўся агародніна паступае на стол хворых з нашага раёна. А як адзначаюць нашы чытачы, якім давялося лячыцца не толькі ў раённай бальніцы,  харчаванне ў нас адрозніваецца ў лепшы бок. Ад аказання платных паслуг у першым квартале атрымана 232,7 мільёна рублёў.

Атрымалі станоўчую адзнаку

Дапоўнілі даклад галоўнага ўрача дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, якія вывучалі пытанне сярод сваіх выбаршчыкаў. Прыемна адзначыць, што літаральна ўсімі выступаўшымі медыцынскае абслугоўванне раёна адзначалася як станоўчае. Так, дэпутат па Садовай выбарчай акрузе №7 Н.П.Закрэўская, зрабіўшы апытанне 20 чалавек, перадала падзякі выбаршчыкаў за магчымасць на месцы атрымліваць якасныя стаматалагічныя паслугі (пратэзаванне і лячэбныя платныя), за добрую дыягностыку сучасным абсталяваннем, за магчымасць папярэдняга запісу на прыём і выклік для паглыбленага абследавання спецыялістаў з вобласці, а таксама ўрачу Т.М.Сідарэнка за добрае абслугоўванне хворых.

Дэпутат па Камсамольскай выбарчай акрузе №2 Н.М.Каваленка зазначыла, што ў апошні час значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база бальніцы, удасканалілася аказанне ўрачэбнай дапамогі на доме, ад імя сваіх выбаршчыкаў падзякавала загадчыцы дзённага стацыянара Н.М.Зыранавай, дала станоўчую адзнаку медыцынскаму абслугоўванню, а таксама заўважыла, што бальніцай недастаткова праз сродкі масавай інфармацыі праводзіцца інфармаванне насельніцтва аб аказваемых паслугах, рэжыме работы, парадку аказання дапамогі льготнікам і прыёме грамадзян адміністрацыяй.

Урач і дэпутат па Касарской выбарчай акрузе №13 А.М.Крыштопенка перш за ўсё спынілася на пераменах у сваёй медыцынскай установе. Вялікадолецкая бальніца ў 2011 годзе змяніла статус на бальніцу сястрынскага догляду, у якой зараз 13 сацыяльных ложкаў і 2 агульнатэрапеўтычныя. Бальніца і 5 ФАПаў гэтай зоны абслугоўваюць 77 вёсак з насельніцтвам 2938 чалавек. У бальніцы дзейнічае дзённы стацыянар, зубапратэзны кабінет, ультрагукавое абследаванне, лабараторыя, аказваюцца фізіятэрапеўтычныя працэдуры. З прыемнасцю канстатавала, што ў параўнанні з 2010 годам змешылася агульная смяротнасць. Выказала пажаданне, каб у памяшканне дзіцячага сада быў пераведзены Касарскі ФАП, аб добраўпарадкаванні дарог тэрыторыі сельсавета і аб выдзяленні новай стаматалагічнай устаноўкі.

Старшыня Вяркудскага сельскага Савета В.П.Цянюга зазначыў, што здароўе чалавека перш за ўсё ў яго руках, і галоўная задача дарослых – самім весці здаровы лад жыцця і адцягваць ад камп’ютараў маладое пакаленне. Ён выказаў падзяку ўрачу Дубраўскай бальніцы А.А.Пруднікавай, падняў праблему недахопу кадраў на фельчарскіх пунктах. Папрасіў, каб для аказання фізіятэрапеўтычных працэдур быў абсталяваны Вяркудскі ФАП, каб хоць раз на тыдні ў Дубраўскую бальніцу прыязджаў стаматолаг, аб неабходнасці рамонту як гэтай бальніцы, так і некаторых ФАПаў.

Напярэдадні сесіі працавала “прамая лінія”,  вывучалася меркаванне  ўшачан аб медыцынскім абслугоўванні. У райсавет паступіла некалькі тэлефанаванняў, лісты з прапановамі былі дасланы праз скрыні “Дэпутацкая пошта”. Старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч агучыла ўсе звароты.  Прыемна канстатаваць, што сярод іх у асноўным падзякі. У прыватнасці, кіраўніцтву бальніцы і канкрэтна вадзіцелю В.Дубёнку за дастаўку хворага ў лячэбную ўстанову горада Полацка. Прапановы датычыліся падаўжэння прыёму ў паліклініцы пасля 18 гадзін, аб тым, каб быў наладжаны прыём эндакрынолага. Галоўны ўрач раёна М.М.Каспіровіч адказаў на пытанні, якія паступалі да дэпутатаў ад выбаршчыкаў, а таксама ад прысутных на сесіі.

Адразу зняў некаторыя пытанні ў сваім выступленні старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак. Ён зазначыў, што не варта распыляць бюджэтныя сродкі, і ў першую чаргу яны пойдуць на завяршэнне рамонту раённай бальніцы. Гэтая медыцынская ўстанова прызначана аказваць якасную  дапамогу, таму  спачатку завершыцца рамонт  і працягнецца камплектацыя сучасным абсталяваннем ЦРБ, а потым ФАПаў і сельскіх бальніц. Хоць і сёння ў раёне зроблена многае, сведчаннем таму — рамонт Ушацкай, Вялікадолецкай і Глыбачэнскай бальніц, набыццё сучаснага дыягнастычнага абсталявання. Пастаянны клопат кіраўніцтва раёна – замацаванне на Ушаччыне медыкаў, прыцягненне новых кадраў. Ён адзначыў, што ўсяго гэтага не атрымалася б без падтрымкі нашага дэпутата У.П.Андрэйчанкі.

*     *     *

Ушацкі раённы Савет дэпутатаў  прызнаў работу па медыцынскім абслугоўванні здавальняючай, адзначыў станоўчую работу адміністрацыі цэнтральнай раённай бальніцы па аснашчанасці дыягнастычным абсталяваннем,  умацаванні матэрыяльнай базы і паляпшэнні знаходжання ў стацыянары, прыцягненні і замацаванні медыцынскіх кадраў, выкананні сацыяльных стандартаў. Сярод прыярытэтных напрамкаў вызначана работа па зніжэнні смяротнасці, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы бальніцы,  сёлета трэба завяршыць рамонт дзіцячага аддзялення, аналіз узроўню захворваемасці з часовай стратай працаздольнасці, прыцягненне моладзь для паступлення ў медыцынскія ўстановы, прапаганда здаровага ладу жыцця.

Дэмаграфія

На пачатак 2012 года ў раёне пражывала 15371 чалавек, з іх 5500 у гарадскім пасёлку і 9871 – у аграгарадках і вёсках. Па-ранейшаму застаецца высокай агульная смяротнасць і нізкай нараджальнасць, хоць у апошні час назіраецца станоўчая дынаміка: у 2011 годзе нарадзілася на 11 чалавек больш, а памерла на 27 менш за папярэдні.

Высокая смяротнасць – працэс для раёна натуральны, паколькі 34,6 працэнта насельніцтва, ці 5322 чалавекі – пенсіянеры. А 951 з іх (7,3 працэнта ад усяго дарослага насельніцтва) старэй за 80 гадоў, 1695 чалавек маюць узрост ад 70 да 79 гадоў. З першага студзеня гэтага года ўсе выпадкі смяротнасці ў працаздольным узросце разглядаюцца на ЛКК.

Беражыце сэрца

На першым месцы сярод прычын смяротнасці ў раёне, як і па краіне, па-ранейшаму сардэчна-сасудзістыя захворванні – у першым квартале памерла 39 чалавек ці 43,3 працэнта ад усіх. На другім – старасць (21 чалавек), на трэцім – траўмы, атручнаванні (10 чалавек). Звярніце асаблівую ўвагу на апошні паказчык. Так званыя іншыя прычыны ў адрозненні ад астатніх – ненатуральныя і забіраюць, як правіла, людзей працаздольнага ўзросту. Больш таго, развітваюцца з жыццём яны часта па ўласнай абыякавасці, пад уздзеяннем алкаголю.

Кадры вырашаюць усё

Зараз у раёне працуе 33 урачы (адзін мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 9 – першую) і 146 сярэдніх медыцынскіх работні-каў. Па-ранейшаму адчуваецца недахоп як урачоў, так і медыцынскіх сясцёр. Таму высокім застаецца каэфіцыент сумяшчальніцтва – 1,53 і 1,2 адпаведна. Многа сярод працуючых урачоў і пенсіянераў.

Недахоп кваліфікаваных кадраў наведвальнікі нашага сайта лічаць асноўнай праблемай. І не толькі яны. Замацаванне кадраў, пошук спецыялістаў застаецца прыярытэтным напрамкам як для кіраўніцтва ЦРБ, так і раёна. І канкрэтная работа па выдачы мэтавых накіраванняў, а галоўнае – выдзяленні жылля зрабіла сваю справу. Так. Урачоў не хапае, аднак іх не хапае па ўсёй краіне, не выключэнне і буйныя гарады. І наш раён адносна многіх іншых застаецца прывабным.

За 2005-2011 гады з 14 размеркаваных урачоў працуе 9 (5 знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску) і столькі ж медсясцёр з 19, прыехаўшых у раён у гэтыя гады.

На сённяшні час патрэбна 18 урачоў (гінеколаг, хірург, педыятр, участковы педыятр, стаматолаг-хірург, стаматолаг-артапед, лабарант, два стаматолагі-тэрапеўты, тры анастэзіёлагі-рэаніматары, 6 тэрапеўтаў). Не хапае таксама 8 медсясцёр, 2 лабаранты і 7 фельчараў. І можна парадаваць ушачан, што ў гэтым годзе да нас прыязджае стаматолаг (ужо працуе), гінеколаг, тэрапеўт.

У спрыяльны час

Наконт просьбы аб прыёме ў паліклініцы пасля 18 гадзін, каб людзі маглі прыйсці да ўрача пасля работы, М.М.Каспіровіч адказаў, што гэта пакуль немагчыма з-за недахопу спецыялістаў. Урачы працуюць з павышанай нагрузкай, дзень на прыёме ці ў стацыянары плюс начныя дзяжурствы. Працягнуць працоўны дзень – гэта значыць  парушыць працоўнае заканадаўства. Медыкі раяць самім хворым рацыянальна размяркоўваць час. Жыхарам гарпасёлка мэтазгодней прыходзіць на прыём пасля абеду, каб раніцай маглі трапіць да ўрача хворыя з раёна. Дарэчы, у пасляабедзенны час у паліклініцы свабодна практычна ля кожнага кабінета. А калі ўзнікае экстраная патрэба – заўсёды працуе дзяжурны ўрач, які і прыме ў любы час сутак.

На прыём да прафесара

У нас у паліклініцы няма многіх вузкіх спецыялістаў. Таму, каб на месцы пракансультаваць большую частку хворых, якіх, як правіла, пры складаных сітуацыях накіроўваюць у дыягнастычныя цэнтры, у паліклініку запрашаюцца спецыялісты з вобласці. Як паведаміў М.М.Каспіровіч, будуць і надалей запрашаць зыходячы з неабходнасцю, і не толькі эндакрынолагаў, якія ажыццяўлялі прыём нядаўна, таксама як і афтальмолаг-прафесар. На пытанне, чаму пра гэта не было праінфармавана насельніцтва раёна, Мікалай Мікалаевіч патлумачыў, што ў гэтым няма сэнсу, паколькі мэта такога прыёму – аказанне кансультацыі ў сітуацыях, якія выклікаюць складанасць, сумненне нашых урачоў. На прыём да такіх спецыялістаў прыходзяць людзі па выклі-ках-накіраваннях урачоў-тэрапеўтаў, з аналізамі і здымкамі, каб эфектыўна выкарыстоўваць час. Пярвічны прыём зацягне час і не прынясе чакаемага выніку. Ды і затрачваць час прафесара для падбору акуляраў, умоўна кажучы, значыць не даць магчымасці трапіць на прыём таму, каму гэта сапраўды патрэбна. Калі вы маеце патрэбу ў кансультацыі вузкіх спецыялістаў, звяртайцеся спачатку да свайго тэрапеўта.

Талон праз інтэрнэт

Адмоўны адказ даў галоўны ўрач наконт накіравання раз у тыдзень стаматолага ў Дубраўку: “Больш карысці ўрач прынясе – прыме больш хворых, у ЦРБ, чым на выездзе, таму мэтазгодней жыхарам запісацца на прыём і прыехаць ва Ушачы. Што датычыцца запісу, то Мікалай Мікалаевіч падкрэсліў, што на сённяшні дзень зрабіць гэта магчыма праз рэгістратуру, прыйшоўшы за талонам ці патэлефанаваўшы па нумары 2-11-57, з дапамогай інтэрнэта на сайце бальніцы (http://ushzrb.by), праз фельчарска-акушэрскія пункты  ці метадам самазапісу. Талоны таксама размяркоўваюцца так, каб яны былі і непасрэдна ў дзень наведвання, і па папярэднім запісе. Адмоўным быў і адказ аб аказанні фізіятэрапеўтычных паслуг на ФАПе, паколькі гэта дадатковы, а не абавязковы від медыцынскіх паслуг.

У апытанні на сайце газеты “Патрыёт”, якое таксама прысвячалася медыцынскаму абслугоўванню, прыняло ўдзел 30 чалавек. Самай  вялікай праблемай 73 працэнты рэспандэнтаў лічаць недахоп кваліфікаваных спецыялістаў, палову прагаласаваўшых не задавальняе ўзровень кваліфікацыі і адсутнасць сучаснага абсталявання, праблема атрымання стаматалагічных паслуг. Трэць прагаласаваўшых лічаць праблемай чэргі на прыём, няветлівасць медперсаналу, 23 працэнты – немагчымасць выкліку ўрача на дом і неаператыўнасць хуткай дапамогі. Трох чалавек не задаволіў працэс запісу на прыём і двух – рацыён харчавання стацыянарных хворых.

Вынікі апытання пацвердзілі вядомую праблему, напрыклад, з кадрамі, з ёй жа звязаны і сумежныя, напрыклад, чэргі на прыём да ўрача. Аднак, былі і нечаканыя адказы. Калі чалавека не задавальняе запіс на прыём, які існуе ў бальніцы, у тым ліку электронны, то гэта сведчыць перш за ўсё пра няведанне ўсіх магчымасцей. Таму  ў гэтым артыкуле мы і паспрабавалі даць  адказ на самыя распаўсюджаныя пытанні.

І, вядома, нават адну і тую ж сітуацыю  кожны ацэньвае па-рознаму.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *