Пётр Юльянович Воротынский: «Спорт – дело всей моей жизни»

Cпорт К профессиональному празднику Наш современник

Справа жыцця, фізкультурна-спартыўная работа, – яго сапраўдная любоў. Яна вяла да самаўдасканалення, амаль спартанскага распарадку, незвычайнай аддачы і задавальнення ад таго, што зрабіў. Знаёмцеся, пра спорт расказвае трэнер ДЮСШ Пётр Юльянавіч ВАРАТЫНСКІ.

У нашай невялікай вёсцы Мар’янполле жылі мнагадзетныя сем’і, у тым ліку наша і цётчына. І вось трое нас, родных братоў, двое дваюрадных і двое траюрадных (адзін з іх, Пётр Хамёнак, цяпер трэнер у Наваполацку, яго сын – майстар спорту міжнароднага класа па кікбоксінгу) утварылі сямейную каманду. У яе саставе быў толькі адзін суседскі хлопец Генадзь Зубрэвіч. Мы нямала папрацавалі над выкарчоўваннем кустоў, выраўноўваннем паверхні, каб зрабіць футбольнае поле пяцьдзесят на трыццаць метраў. І амаль кожны вечар пасля таго, як зробім урокі і дапаможам бацькам па гаспадарцы, да цёмнага аддаваліся любімай гульні.

Мне вельмі хацелася паступаць у фізкультурны тэхнікум, але мама адхіліла такую думку, і разам з Уладзімірам Гайковічам з суседняй вёскі мы паехалі ў Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, сталі навучэнцамі аддзялення “Тэхнік-электрамеханік”. Там мяне чакала вялікая радасць: даведаўся, што ва ўстанове дзейнічаюць шэсць секцый. Запісаўся адразу ва ўсе, займаўся пасля заняткаў, з трох гадзін дня часам да адзінаццаці вечара. Але далёка не ўсе заняткі задавальнялі. Напрыклад, на веласіпеднай секцыі да трэнажора не дапускалі, а толькі прымушалі рабіць прысяданні, скакаць і працаваць са штангай вагой з мяне. Паступова застаўся толькі ў секцыях валейбола і лёгкай атлетыкі. З гадамі стаў пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў па скачках у вышыню, валейболе і дзесяціборстве сярод тэхнікумаў.

Прыязджаючы дадому, зноў удзельнічаў у сямейнай камандзе, якая бясконца спаборнічала з іншымі. Аднойчы летам сем разоў сустракаліся з селішчанскімі футбалістамі і заўсёды выйгравалі, адзін толькі раз была нічыя.

Служба ў арміі дадала спартыўнага майстэрства. Выступаў за зборную часці на першынствах дывізіі па футболе, валейболе, баскетболе, ручным мячы, лёгкай атлетыцы, ваенным мнагаборстве, гіры, штанзе, вольнай барацьбе. У сямі відах спорту атрымаў першы дарослы разрад.

Пасля арміі стаў працаваць у райсельгастэхніцы. І практычна амаль ніводнага выхаднога не было – бясконца выязджалі то на спаборніцтвы, то на турзлёт. У той час з’явілася сям’я, і жонка гаварыла: ”Што будзеш выступаць, – ведала, а што так часта, не думала”. Асабліва запрашалі на раённыя і абласныя спаборніцтвы па пяціборстве ГПА (гатовы да працы і абароны). Пазней яго назвалі паліатлонам, стварылі Міжнародную асацыяцыю (на працягу чатырох гадоў быў членам яе савета), сталі праводзіць чэмпіянаты свету, прысвойваць званне майстра спорту, адно, што пакуль гэта не алімпійскі від.

З хваляваннем ехаў на Чэмпіянат свету па паліатлоне ў Чарнігаў, там стаў 13-м, зразумеў, над чым далей працаваць. Пазней выступаў на такіх жа спаборніцтвах ў Ленінградзе, Мінску, Краснадары, Кустанаі, Варонежы. Двойчы быў бронзавым і аднойчы сярэбраным прызёрам. У 1995 і 1996 гадах выйграў Кубак свету па суме этапаў. У 1999-м у Ялце стаў чэмпіёнам свету.

Работа над сабой на мяжы магчымага – галоўная ўмова любога спартыўнага поспеху. Вось і ў мяне ўвесь час было так. У 90-я штодзень не дазваляў сабе паслаблення, раніцай уставаў у шэсць гадзін, рабіў крос 7-8 кіламетраў, а раз на тыдні – 10, ад райцэнтра да Арэхаўна і назад. Пасля – паўтары гадзіны сілавой падрыхтоўкі (на расцяжку, гнуткасць, развіццё скакучасці). Недзе пад дзевяць гадзін праводзіў стральбу, страляў сам і вучыў іншых мнагаборцаў, потым былі плаванне, спрынт, кіданне гранаты, тады працаваў ужо старшынёй ДФСТ прафсаюза, і гэта было маёй работай. На такой пасадзе знаходзіўся з 1983-га дзесяць гадоў. Якраз тады паставіў сабе задачу забеспячэння раёна спортінвентаром. Было набыта 17 малакаліберных і 17 пнеўматычных вінтовак, нават кожная сельская школа мела яе. З’явілася многае іншае.

У той час на чэмпіянаты па паліатлоне ездзіў разам з яшчэ двума майстрамі спорту па гэтым відзе – Тамарай Мятла і Уладзімірам Антуновічам. Мы былі і ў саставе зборнай рэспублікі. За каманду раёна выступалі таксама Антаніна Крывапушчанка, Аляксандр Гулевіч, Вера Львова, Аляксандр Марчанка. Бралі іншых удзельнікаў. Раён заўсёды вызначаўся на спаборніцтвах. Аднойчы на першынстве рэспублікі замест дзесяці чалавек паехала нас сем, і сталі неаспрэчна першымі.

Трэнерскай работай пачаў займацца яшчэ ў 80-х, калі вучыўся ў Брэсцкім педінстытуце. На пастаяннай аснове ў ДЮСШ працую з 1997 года. Што скажу пра гэту сваю работу? Што яна творчая, але складаная, як і любая, звязаная з выхаваннем, прывіццём ведаў і навыкаў дзецям, яны ж розныя і бываюць непрадказальныя. Але ў асноўным ганаруся сваімі выхаванцамі. Футбольная каманда, якую трэнірую, выступае па-рознаму. Было такое, што станавіліся трэцімі ў вобласці, прайграўшы толькі віцебскім камандам. А здараліся і ніжэйшыя вынікі. Далёка не кожнага давядзеш да чэмпіёнства. Знайсці “жамчужыну” няпроста. Так, высокая перспектыва была ў Сяргея Кіслага, які быў капітанам зборнай рэспублікі, членам каманды вышэйшай лігі “МТЗ РЫПО”, але ж далейшы шлях здольнага выхаванца ДЮСШ залежыць ад многага, у тым ліку – якія нагрузкі там на яго ўскладваюць…

Некаторы час паралельна з футбольнай групай вёў валейбольную. Незвычайна прыемна было, што пасля заканчэння школы ўсе восем яе ўдзельнікаў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Напэўна, не ў малой ступені фізкультура і спорт прывілі ім лепшыя якасці.

На базе раённага цэнтра пазашкольнай работы вяду секцыю “Абаронца Айчыны”. Вучу дзяцей стральбе, бегу, плаванню і іншаму. Немагчыма забыць такія перамогі, якая, напрыклад, была некалькі гадоў назад. На абласных спаборніцтвах па зімовым мнагаборстве наша каманда з 27-мі і чатыры яе ўдзельнікі (Аляксандр Лабань, Дзмітрый Гардзіёнак з райцэнтра і браты Мягелі з Мосара) атрымалі першыя месцы – пяць кубкаў прывезлі нашы дапрызыўнікі. Усе хлопцы такім саставам ездзілі і на чэмпіянат рэспублікі, дзе Аляксандр стаў чэмпіёнам, Дзмітрый – трэцім. Крыху пазней яны ўдвух сталі студэнтамі спартыўных ВНУ. Цяпер рэкардсмен вобласці па стральбе сярод дапрызыўнай, прызыўнай моладзі – Васіль Харак.

Праходзяць гады, а спорт застаецца са мной. Гэта мая любоў. Па-ранейшаму не здраджваю яму, таму што ён прывівае калектывізм, сілу волі, загартоўвае чалавека, дае ўпартасць у дасягненні мэты.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *