Патрэбны адрас па вуліцы Савецкай у райцэнтры мы знайшлі без праблем. Ведаючы, што гаспадары – Мікалай і Тамара Зімніцкія – на раённым аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні перамаглі ў намінацыі “Лепшы ветэранскі падворак”, арыентаваліся не на нумары дамоў, а на тое, што бачылі вакол.
Менавіта тут – на сумежжы з гэтак жа прыгожай вёскай Ліпавец – адразу захацелася затрымацца. Прыгадаліся словы ўдзельнікаў урачыстасці, на якой Мікалая Віктаравіча і Тамару Васільеўну на сцэне раённага цэнтра культуры ўшаноўвалі ў ліку лепшых гаспадароў Ушаччыны: “Заўсёды звяртаю ўвагу на іх сядзібу: дагледжана і стыльна”, “Дзіву даюся: які б ні быў сезон, у іх ідэальны парадак, прыгожых раслін мноства”.
– Амаль чвэрць стагоддзя таму, калі ад агароднінасушыльнага завода, дзе працаваў муж, атрымалі гэты невялічкі фінскі дом, тут усё было інакш, – расказвае, запрашаючы нас на невялікую экскурсію па падворку, жанчына. – Побач быў паўразбураны, зарослы травой ды кустоўем барак, старыя таполі… Ад такога “суседства”, канечне, хацелася пазбавіцца, таму адразу пачалі ўсё прыбіраць, вычышчаць, выпільваць. Але такая работа была толькі ў радасць: гэта ж ужо ўласны куток, а не здымныя кватэры ці пакой у інтэрнаце, у якіх доўгі час жылі.
Нядаўна Зімніцкія справілі крэпавае вяселле (ад назвы шчыльнага, трывалага матэрыялу, які немагчыма разарваць рукамі). Разам яны ўжо 39 гадоў, выхавалі дваіх дзяцей, зараз радуюцца і чацвярым унукам.
Будынак таксама патрабаваў сур’ёзнай рэканструкцыі. Хоць і не будаўнік, а механік Мікалай Віктаравіч па спецыяльнасці, практычна ўсё рабіў тут сваімі рукамі: мяняў падлогу, раўняў сцены, праводзіў камунікацыі, блочную веранду разам з сынамі прыбудоўваў. Пазней яшчэ металачарапіцай дах накрылі, паставілі новыя вокны, па перыметры сядзібы прыгожую агароджу прадугледзелі.
– У галавы нашага сямейства – залатыя рукі, – з гонарам кажа Тамара Васільеўна. – Ён і ўсе гаспадарчыя пабудовы (лазню, гараж, адрыну, істопку) “узвёў”, і сажалку за домам акультурыў. Акуратныя дарожкі ў двары, устаноўленыя альтанка і арэлі, выстрыжаны на немалой тэрыторыі газон – усё гэта таксама справа яго рук. Як і апрацоўка агароду, для якой набылі мотаблок, кульціватар.
Сама ж гаспадыня “адказвае” за ўсё жывое на ўчастку, а паглядзець тут ёсць на што! Трохметровыя і мініяцюрныя, зялёныя і блакітныя, у выглядзе конуса, шара і нават спіралі – адных туй пад паўсотню. Сапраўдны гонар жанчыны – японская вярба Хакура Нішыкі, якую пасадзіла дзесяць год таму – у маі-чэрвені дрэўца радуе прыгожым ружовым колерам. Нячаста сустрэнеш на сядзібах ушачан і пузыраплоднік Дзіябла – кампактны кусцік з цёмнай лістотай і бела-ружовымі кветкамі з чырвонымі тычынкамі; дэкаратыўную каліну “Бульданеж”, якую жанчына ласкава называе “сняжком” – з-за бялюткіх пухнатых суквеццяў.
– Усе гэтыя кусцікі трэба пастаянна стрыгчы – інакш формы не будзе, – з веданнем справы кажа Тамара Васільеўна. – Люблю гэтым займацца, ды і неабходныя тэхсродкі заўсёды пад рукой: драбінкі, акумулятарныя насадкі для кустарэза.
Ружы, хрызантэмы, пятуніі, цыніі, флоксы, пеларгоніі, лаванда… Кветак у палісадзе Зімніцкіх яшчэ больш. У ліку сваіх любімых гаспадыня называе гартэнзію і клямацісы – вырошчвае шмат разнавіднасцяў.
Ёсць у жанчыны і свой “гадавальнік” – невялічкі ўчастак, на якім займаецца рассадкай, чаранкаваннем раслін. Каб абараніць насаджэнні ад сабачкі Жуліка (яго ўзялі з полацкага прытулка для жывёлы) ды курэй, прадугледжвае на іх спецыяльныя дэкаратыўныя агароджы. Дарэчы, не пакупныя – робяць іх з мужам самі: ён – з металічных прутоў, яна – з лазы.
– Кожны год у двары дадаём штосьці новае: хочацца ж сябе і блізкіх парадаваць, – кажа гаспадыня. – Прыгажосць і парадак, водар кветак і птушыныя спевы – усё гэта надае сіл і натхнення.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



