Сёння супрацоўнікі самай маладой праваахоўнай структуры краіны адзначаюць не толькі прафесійнае свята, а і 15-годдзе з дня ўтварэння Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. У 2011-м на нарадзе, якая праходзіла пад кіраўніцтвам Прэзідэнта, было вырашана, што новае ведамства аб’яднае следчыя падраздзяленні органаў пракуратуры, унутраных спраў і фінансавых расследаванняў. Зараз гэта – магутная структура, здольная эфектыўна процістаяць выклікам часу, ці то эканамічная злачыннасць, экстрэмізм або кіберпагрозы. За 15 год беларускія следчыя раскрылі дзясяткі тысяч злачынстваў, дапамаглі пацярпелым атрымаць мільёны рублёў кампенсацыі прычыненай шкоды.
Каманда прафесіяналаў
Напярэдадні свята мы завіталі ва Ушацкі раённы аддзел Следчага камітэта, каб пацікавіцца, чым жыве яго калектыў.
– У нас склалася каманда прафесіяналаў, у якой энтузіязм і веды маладых супрацоўнікаў арганічна спалучаюцца з грунтоўным вопытам следчых, што прысвяцілі службе працяглую частку жыцця, – адзначае капітан юстыцыі Наталля Подраз, якая зараз часова выконвае абавязкі начальніка РАСК. – Граматна кіруе работай райаддзела падпалкоўнік юстыцыі Віктар Казлоўскі. 20-гадовы стаж у следчых органах маюць Дзмітрый Цітовіч і Артур Шаўкун, якія пачыналі службу яшчэ ў Полацкім РАУС. А вось Дзяніс Чумак – толькі на стартавым адрэзку сваёй кар’еры, аднак ужо зараз бачна, што з выбарам прафесіі ён не памыліўся!
Зрэшты, і саму Наталлю Анатольеўну можна лічыць маладым супрацоўнікам. Прыйшла яна ў райаддзел у снежні 2022-га, даволі хутка асвоілася са спецыфікай прафесіі і вось як характарызуе сваю службу:
– Наша работа – тонкая і вельмі адказная. Ад якасці папярэдняга следства напрамую залежыць канчатковы вынік дзейнасці ўсіх сумежных структур. Мы павінны скрупулёзна апрацаваць матэрыялы, якія атрымалі ад органа дазнання, рашыць, якое значэнне маюць тыя ці іншыя факты, якія доказы трапяць у тамы крымінальнай справы. Дарэчы, карыстаючыся выпадкам, хачу адзначыць наша плённае супрацоўніцтва з Ушацкім РАУС, пракуратурай, спецыялістамі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.
За кожным рашэннем следчых – лёсы людзей, таму ў іх няма права на памылку. Штораз заступаючы на службу, яны не ведаюць, з матэрыяламі якой спецыфікі давядзецца працаваць, а значыць, павінны разбірацца ва ўсіх сферах, пастаянна самаўдасканальвацца.
Так, павышэнню прафесійнага ўзроўню Наталлі Анатольеўны паспрыялі перападрыхтоўка ў Інстытуце Следчага камітэта, практыка першых год службы, і безумоўна, ёй было вельмі прыемна атрымаць напярэдадні сёлетняга свята званне капітана юстыцыі, прысвоенае датэрмінова.
З гарачым сэрцам і халоднай галавой
У кінастужках мы часта бачым дзяўчат, якія, ухіляючыся ад бандыцкіх куль, ліха разблытваюць злачынствы, ды ўсё ж у звычайным жыцці прафесію следчага прынята лічыць недзявочай. Трэба ж не толькі ў кабінеце паперы вывучаць ды схемы маляваць, а і з рэцыдывістамі, непрадказальнымі асобамі справу мець, на месцах здарэнняў прысутнічаць, бачыць такое, ад чаго ў звычайнага абывацеля і сон, і апетыт знік бы…
– З гэтым не паспрачаешся. Цяжка будзе, напрыклад, выкрасліць з памяці раніцу, калі ў складзе следча-аператыўнай групы мы прыбылі на ўшацкі падворак, дзе жанчына пазбавіла жыцця нованароджанае дзіця… Нават панятыя-мужчыны былі моцна ўзрушаны, хоць і стараліся захоўваць вытрымку, – распавядае Наталля Анатольеўна. – А зараз у нас у вытворчасці справа, што належыць да разраду асабліва цяжкіх злачынстваў: у час застолля два мужчыны не падзялілі жанчыну і адзін нанёс другому нажавыя раненні, а паколькі раней ужо быў судзімы за падобнае – адказнасць яму пагражае вельмі сур’ёзная. На шчасце, такіх гучных здарэнняў у раёне бывае няшмат. Пераважаюць крадзяжы, ухіленне ад аліментаў, злачынствы ў сферы інфармацыйных тэхналогій (такіх з пачатку года расследвалі 6), выпадкі знікнення грамадзян (у вытворчасці зараз 5 падобных спраў). Як правіла, звяртаюцца да нас ушачане, родныя якіх паехалі на заробкі за мяжу і перасталі выходзіць на сувязь. Месцазнаходжанне некаторых удалося ўстанавіць сумесна з расійскімі калегамі (у нас заключана пагадненне аб супрацоўніцтве са Следчым камітэтам РФ) – так, у адным выпадку мужчына проста не меў магчымасці патэлефанаваць блізкім, у другім – трапіў у аварыю і апынуўся ў медустанове… Што да ўмення абстрагавацца ад непрыемных момантаў службы, дык да крыві, выгляду памерлых з цягам часу можна прывыкнуць, а вось бачыць гора блізкіх цяжка заўсёды – і гендарны фактар тут не мае прынцыповага значэння.
- Прыемна, што сёлета на Ушаччыне назіраецца станоўчая тэндэнцыя: калі за 8 месяцаў мінулага года была ўзбуджана 51 крымінальная справа, то за адпаведны перыяд бягучага – 39.
– Шчыра прызнацца, у першыя месяцы службы “прымяраў на сябе” кожную сітуацыю, часам не мог заснуць, узгадваючы акалічнасці здарэнняў, – далучаецца да размовы Дзяніс Чумак. – Але за год усвядоміў, што выконваць сваю задачу – якасна правесці следства і перадаць матэрыялы ў суд – трэба “з халоднай галавой”. А яшчэ і фізічная загартоўка ў нашай справе яўна не лішняя. Упэўніўся ў гэтым, калі ў пачатку лета выязджаў у складзе групы на месца здарэння – па падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў тады былі затрыманы 8 чалавек, а следчыя дзеянні ў адным з лясных масіваў мы праводзілі на працягу 12 гадзін запар.
Так, прафесія следчага нялёгкая. Аднак усе супрацоўнікі Ушацкага РАСК прызнаюцца, што любяць сваю работу. Без гэтага немагчыма быць адданым справе, а значыць, не атрымаецца выконваць яе на належным узроўні. Задача ж у ведамства сур’ёзная – забяспечыць поўную абароненасць грамадства і кожнага беларуса ад злачынных замахаў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

