Молодым — олимпийские идеалы. В Ореховской школе созданы все условия для занятия спортом

Cпорт

Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК) у Віцебскай вобласці на Ушаччыне не ўпершыню. Прыкладна год назад намеснік выканаўчага дырэктара і вядучы спецыяліст арганізацыі У.В.Базека і В.А. Обухава прыязджалі ў Арэхаўскую сярэднюю школу з прыемнай місіяй – уручалі пакуль што адзінаму ў раёне школьнаму клубу “Юны алімпіец” сертыфікат прадстаўніцтва НАК.

Вядома ж, за год у рамках рэалізацыі абласной праграмы развіцця алімпійскай адукацыі на 2010-2012 гады як у названай школе, так і ў іншых навучальных установах Ушацкага раёна было многае зроблена. А таму сустрэча прадстаўніцтва НАК з педагогамі нашага рэгіёна аказалася цікавай і карыснай для ўсіх.
Падчас семінара вядучы спецыяліст прадстаўніцтва НАК В.А.Обухава адзначыла, што ў вучэбных праграмах, на жаль, алімпійская адукацыя прадстаўлена вельмі слаба, многія дзеці не ведаюць нават самых знакамітых спартсменаў. Гэты прабел трэба запоўніць, а таксама прывіць школьнікам устойлівую цікавасць да заняткаў фізкультурай і спортам. Адным са шляхоў вырашэння гэтых задач можа стаць правядзенне для дзяцей экскурсій па Алеі алімпійскай славы Віцебшчыны і Зале спартыўнай славы вобласці, размешчаных у Віцебскім цэнтральным спартыўным комплексе. Дарэчы, было б нядрэнна, каб сюды прыязджала моладзь з розных рэгіёнаў: прадстаўніцтва НАК гатова гэтаму спрыяць.
Па словах начальніка аддзела адукацыі Ушацкага райвыканкама Л.Р.Карабань, ва ўсіх навучальных установах раёна фактычна створана адзіная спартыўна-аздараўленчая прастора, сфарміравана новая філасофія здаровага ладу жыцця – спартыўнага стылю ў духу алімпізму. Кожнай навучальнай установе рэкамендаваны планы выхаваўчай работы, якія прадугледжваюць правядзенне вялікай колькасці спартыўна-масавых мерапрыемстваў з элементамі алімпійскай адукацыі, стварэнне алімпійскіх куткоў, развіццё клубаў юных алімпійцаў, удзел у мерапрыемствах прадстаўніцтва НАК і інш.
Дарэчы, уся гэтая работа не пачыналася на Ушаччыне з нуля. Напрыклад, у яслях-садзе №2 г.п.Ушачы даўно клапоцяцца аб укараненні алімпійскіх ідэалаў. Тут ёсць выдатна абсталяваная спартыўная зала, дзе праводзяцца святы і спаборніцтвы, спартыўная пляцоўка для актыўных гульняў на паветры, малышоў даступнымі метадамі знаёмяць з гісторыяй алімпійскага руху.
Наша газета не раз пісала і аб станоўчым вопыце Арэхаўскай школы, дзе створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам. Як адзначае дырэктар установы І.Ф.Сыроўчанка, выхаванне ў вучняў алімпійскага духу, іх спартыўнае развіццё – адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці школы. Прычым, у гэтым можна было яшчэ раз упэўніцца падчас спартыўнага мерапрыемства. Юныя спартсмены “запалілі” агонь малых алімпійскіх гульняў, прадэманстравалі спрыт і хуткасць падчас спартландыі, з лёгкасцю адказалі на пытанні па развіцці алімпійскага руху. Чаканымі гасцямі мерапрыемства сталі плюшавы талісман алімпійскага руху – Мішка-Алімпішка, а таксама антычныя багі, якія актыўна “разагравалі” публіку.
– Зразумела, не ўсім школьнікам у будучым давядзецца прымерыць на сябе “лаўровы вянец” пераможцы Алімпіяды, – выказаў сваё меркаванне намеснік выканаўчага дырэктара прадстаўніцтва НАК у Віцебскай вобласці У.В.Базека, – аднак, як кажуць, перамога – не самае галоўнае. Вельмі важна, каб маладое пакаленне з юных гадоў імкнулася да пэўных вышынь і, якую б сферу дзейнасці ў будучым не абралі школьнікі, яны стараліся быць у ёй “Хутчэй! Вышэй! Мацней!”
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *