Ушаччина в 20-е годы прошлого столетия
Улица Октябрьская, центральная улица Ушачи, на которой размещались практически все торговые лавки, на снимке одна из них. Обратите внимание на сапожок, конечно, там чинили, а может и продавали обувь, но даже не на этом хочу акцентировать ваше внимание. А на кладке кирпичного строения, полукруглая над окном, оно сохранилась только на одном сегодняшнем здании — сейчас в нём и размещается редакция газеты «Патрыёт».
Рядом с ним, вплотную, деревянное строение, которого теперь нет, ну а в 20-годы улица Советская (старая дорога на Полоцк) проходила не сразу за зданием редакции, а ниже около сегодняшнего отдела милиции. Называлась Полоцкой, но не является тождественной с сегодняшней улицей Полоцкой.
Мост через реку Ушачу во все времена находился практически на одном и том же месте, с небольшими отклонениями. Деревянные старые сваи, которые и возводятся на этом снимке, торчат из воды и сейчас. Все снимки сделаны ушачским фотографом Фурманом, были выложены в интернет двумя еврейскими семействами с описанием их жизни в Ушачи их переселения в начале прошлого века в Америку.
РАШУЧЫ БОЙ ПАРТЫЗАНСКАЙ РЭСПУБЛІКІ
На вайне бываюць асаблівыя перамогі – перамогі ў няроўным баі, загадзя асуджаныя на паражэнне і ўсё ж атрыманыя! Прарыў партызанамі фашысцкай блакады ва Ушацкім раёне ў маі 1944 – адна з такіх.
Першыя партызанскія атрады з’явіліся на тэрыторыі Ушацкага раёна вясной 1942 года, а хутка яны выраслі ў брыгады “Дубава” і імя Чапаева. Той восенню народныя мсціўцы правялі некалькі наступальных аперацый, што дазволіла вызваліць пасёлак і значную частку раёна. У верасні 1943га была ўтворана Ушацкая партызанская зона (пазней, пасля заканчэння вайны яна стала называцца ПолацкаЛепельскай), дзе знаходзілася 16 брыгад. Народныя мсціўцы моцна ўскладнялі жыццё акупантам: падрывалі нямецкія камунікацыі, бесперапынна грамілі гарнізоны, пускалі пад адкос эшалоны. Насельніцтва бачыла ў партызанах сваіх абаронцаў і дапамагала ім усім, чым магло.
Актыўныя баявыя дзеянні партызан адцягвалі значныя сілы не толькі тылавых частак праціўніка і падраздзялення паліцыі, але і 3й нямецкай танкавай арміі, што дыслацыравалася ў раёне Віцебска. Гітлераўцы разумелі, што пры магчымым пераходзе Чырвонай арміі ў наступленне на гэтым напрамку іх войскі непазбежна апынуцца паміж двух агнёў, а таму намагаліся папярэдзіць гэта, праводзячы супраць партызан карныя аперацыі. Толькі зімой 19431944 года фашысты пяць разоў спрабавалі прарваць абарону партызан, аднак народныя мсціўцы гераічна адбівалі ўсе атакі і ў ходзе баявых дзеянняў разграмілі больш 30 гарнізонаў, падарвалі 40 эшалонаў праціўніка, знішчылі больш 300 машын з яго жывой сілай і боепрыпасамі.
Вызваленую ад акупантаў мясцовасць сталі называць партызанскай рэспублікай. Яна прасціралася ад Полацка да Лепеля, ад Заходняй Дзвіны да Вілейшчыны, а сталіцай быў пасёлак Ушачы. Тут у тыле ворага на працягу многіх месяцаў больш тысячы вёсак і каля 80 тысяч чалавек жылі па савецкіх законах. Працавалі школы, бальніцы, калгасы, млыны, кузні, майстэрні па вырабе зброі, маслазаводы і рыбалоўная арцелі. Партызаны выдавалі газеты і нават стварылі карцінную галерэю: мастакі малявалі сваіх сяброў па зброі, якія вызначыліся ў баях – і гэта адзіны падобны выпадак у ваеннай гісторыі.
Вядома ж, народныя мсціўцы былі для фашыстаў як костка ў горле, асабліва калі да межаў ПолацкаЛепельскай партызанскай зоны пачаў набліжацца фронт.
11 красавіка 1944 года фашысты пачалі самую буйную ў гады Вялікай Айчыннай вайны карную аперацыю супраць партызан. Да яе нямецкае камандаванне прыцягнула 60 тысяч салдат і афіцэраў, 137 танкаў, 235 артылерыйскіх гармат, 70 самалётаў, 2 браняпоезды. У партызанаў жа мелася толькі 17 тысяч байцоў і 21 гармата: з аўтаматамі і вінтоўкамі яны вымушаны былі змагацца супраць танкаў і авіяцыі. Беларускі штаб партызанскага руху стварыў аператыўную групу для каардынацыі дзеянняў брыгад, кіраваць якой было даручана палкоўніку, камандзіру брыгады імя Сталіна Уладзіміру Елісеевічу Лабанку. 25 сутак партызаны вялі цяжкія баі. 30 красавіка былі пакінуты Ушачы. 230кіламетровая партызанская абарона скарацілася ўсяго да васьмі кіламетраў. Карнікі блакіравалі народных мсціўцаў у Матырынскім лесе, і ў ноч з 4 на 5 мая партызаны пайшлі на прарыў варожага кола.
Вось як апісваў тую ноч У.Е.Лабанок: “Людзі былі гатовыя да ўсяго. Але тое, што адбылося, пераўзышло ўсе нашы чаканні. У адно імгненне схаваныя начной цемрай нашы перадавыя часці ператварыліся ў рухомы вогненны паток. Партызанскі кулямётны, аўтаматны, ружэйны агонь зліўся з агнём фашыстаў у адказ. Асобных стрэлаў не было чутна. Чуўся суцэльны грохат. У перадавых радах раздалася магутнае і грознае партызанскае “Ура!” і не заціхала ўжо да канца штурму. Гэта быў рэальна апошні рашучы бой”.
А такім запомніла прарыў партызанка брыгады “За Савецкую Беларусь” Л.Смірнова: “Мы кінуліся наперад прама на агонь. Рассыпаліся па полі між дзвюма палаючымі вёскамі. Перакрыжаваны мінамётнакулямётны агонь усё мацней. Групамі і па адным людзі з розных брыгад беглі наперад. Потым змяшаліся нашы і немцы, цяжка было разабраць, дзе свае, а дзе вораг. Так перайшлі гэта поле. Многія засталіся там назаўсёды…”
На шчасце, ёсць яшчэ жывыя ўдзельнікі прарыву сярод ушацкіх ветэранаў. У той час сувязному брыгады імя Лабанка Аляксею Алексяёнку было 20 год. Вось што ён расказвае пра гэты бой: “Аўтаматчыкаў і кулямётчыкаў тады пусцілі наперад – прарваць варожую абарону. Усё кіпела, гарэла. Ззаду – мірнае насельніцтва. Мы ў сасняку занялі абарону і агонь адкрылі па фашысцкім ланцугу. Іх танк выпаўз зза кустоў і прамой наводкай – як дасць!.. Моладзі там столькі палягло…”
Сярод удзельнікаў прарыву быў і малады баец брыгады Панамарэнкі Дзям’ян Крупеня. У час блакады юнаку быў дадзены загад захаваць штабныя дакументы, і ён дастойна выканаў яго. Пасля жорсткіх выпрабаванняў прарыву хлопец некалькі месяцаў змагаўся са смерцю, але, на шчасце, малады арганізм здолеў выстаяць. Дзям’ян Уладзіміравіч і зараз у страі – вядзе актыўную грамадскую і патрыятычнавыхаваўчую работу, піша карціны і літаратурныя творы. Імя шаноўнага ветэрана сёлета занесена на раённую Дошку гонару.
Фактычна прыняў смерць на прарыве, а потым атрымаў другое нараджэнне партызан Елісей Шыпулін. Пасля бою фашысты кінулі яго ў яму з забітымі. Мясцовая жанчына, якую прымусілі зносіць туды целы мёртвых, заўважыла, што малады партызан дыхае. Смяротна рызыкуючы, яна ноччу выцягнула яго з магілы і схавала. З той пары Елісей Данілавіч, які зараз пражывае ў Расіі, лічыць Ушаччыну сваёй радзімай і нягледзячы на шаноўны ўзрост штогод прыязджае сюды на святкаванне Дня Перамогі.
Сімвалічна, што ў радах аднаго з партызанскіх атрадаў разрываў кола блакады разведчык Міхаіл Ягораў – той самы легендарны сяржант, які пазней разам з грузінам Кантарыя ўзняў сцяг Перамогі над Рэйхстагам. У радах партызан ён ваяваў два гады: аддзяленне разведчыкаў пад яго камандаваннем правяло больш 50 баявых аперацый.
Але пашанцавала застацца ў жывых далёка не ўсім удзельнікам тых бітваў. Загінулі смерцю храбрых многія партызанскія камандзіры і камісары, радавыя байцы. Падчас распрацоўкі плана прарыву гераічна сустрэў смерць легендарны камбрыг аднайменнай брыгады Аляксей Данукалаў, за галаву якога немцы абяцалі выплаціць 2 тысячы марак. Камандзір брыгады “За Савецкую Беларусь” Павел Раманаў узначаліў атрад па прыкрыцці выходзячых з акружэння партызан. Разам з баявымі таварышамі стаяў насмерць на невялікім, прастэльваемым з усіх бакоў вогненным пятачку, адбіваючы атакі ворага, пакуль побач не разарвалася міна. Абодвум камбрыгам было пасмертна прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза.
Найбольшыя страты падчас прарыву панесла 1я Антыфашысцкая партызанская брыгада Уладзіміра ГільРадзіёнава: з 1413 яе байцоў загінулі 1026, а сам камбрыг быў паранены ў грудзі асколкам міны і памёр праз некалькі дзён.
Загінулі ў тыя дні і тысячы мірных жыхароў, якія разам з партызанамі рушылі ў прарваную магутным ударам брэш. Матулі беглі па полі, прыціскаючы да сябе немаўлят. Старыкі і дзеці падалі, скошаныя варожымі кулямі. Зямля паўсюдна была ўслана мёртвымі целамі, а ў бліжэйшай рэчцы вада зрабілася чырвонай ад крыві. Не адразу заўважыла, што кулі прашылі цельца яе прывязанага хусткай да грудзей дзіцяці, маладая вясковая настаўніца Варвара Мірановіч. Толькі калі праз некалькі гадзін выйшлі зпад абстрэлу, зразумела, што малыш прыняў на сябе прызначаныя ёй кулі і выратаваў жыццё…
У ноч прарыву партызаны разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Паперына і Новае Сяло і вывелі разам з сабой з акружэння больш 15 тысяч мірных жыхароў. Народныя мсціўцы згубілі ў час тых баёў каля 2 тысяч чалавек забітымі і параненымі, але страты карнікаў былі ў разы большымі. Партызанскія брыгады, якія выйшлі з варожага акружэння, захавалі баяздольнасць і працягвалі барацьбу з фашыстамі аж да моманту, калі сустрэліся з часткамі дзеючай арміі.
Унікальная баявая аперацыя Прарыў паспрыяла больш хуткаму вызваленню Беларусі і назаўсёды застанецца ў ваеннай гісторыі прыкладам неверагоднай мужнасці.
«ПРАРЫЎ»: ГІСТОРЫЯ СТВАРЭННЯ
Легендарны подзвіг прарваўшых варожую блакаду партызан ПолацкаЛепельскай зоны ў 1974 годзе быў увекавечаны велічным мемарыялам. Ініцыятарам яго будаўніцтва стаў былы камандзір партызанскага злучэння Герой Савецкага Саюза Уладзімір Елісеевіч Лабанок, на той час – намеснік старшыні Вярхоўнага Савета БССР. Спачатку да распрацоўкі манумента ён запрасіў вядомага айчыннага скульптара Заіра Азгура, той жа перадаў справу сваім маладым таленавітым калегам. У выніку аўтарамі мемарыяльнага комплексу “Прарыў” сталі Народны мастак Беларусі скульптар Анатоль Анікейчык, архітэктары Юрый Градаў і Леанід Левін – лаўрэаты Ленінскай прэміі, за плячамі ў якіх ужо быў удзел у стварэнні “Хатыні”.
Аўтары дэталёва азнаёміліся з гісторыяй, пагутарылі са сведкамі падзей, зрабілі сотні эскізаў, перш чым атрымалася завершаная кампазіцыя мемарыяльнага комплексу. Расколатая на дзве глыбы 11метровая бетонная сцяна з бронзавай фігурай партызана ў цэнтры, сімвалізуючая прарыў варожага кола. Забетанаваны участак шляху, па якім партызаны ішлі на прарыў. На верхняй пляцоўцы – брацкая магіла, дзе пахавана 450 народных мсціўцаў, і 33 пліты з прозвішчамі 1452 загінуўшых падчас прарыву партызан (дзякуючы пастаяннай рабоце па ўвекавечванні памяці герояў “Прарыву” зараз на мемарыяле ўстаноўлена 38 пліт, на якіх 1680 прозвішчаў), кампазіцыя “Апошні прывал” з трох карабінаў, а таксама 16 сімвалічных дубоў – па колькасці партызанскіх брыгад. На ўваходзе на мемарыял – схема абароны партызанскай зоны.
Менавіта такім убачылі “Прарыў” удзельнікі адкрыцця мемарыяльнага комплексу, якое адбылося 30 чэрвеня 1974 года – напярэдадні святкавання 30годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Госці гэтай урачыстасці былі не проста ганаровымі, многія з іх – сапраўдныя легенды. Сярод такіх – Аляксей Пятровіч Марэсьеў, прататып героя “Аповесці аб сапраўдным чалавеку” Барыса Палявога, якую ў Савецкім Саюзе ведаў кожны школьнік. Адважны лётчык быў збіты фашыстамі, з цяжкім раненнем 18 дзён паўзком прабіраўся да сваіх, а пасля ампутацыі абедзвюх ног асвоіў пратэзы і зноў знішчаў ворагаў за штурвалам самалёта. Уяўляеце, якім гонарам было ўбачыць гэтага чалавека на ўшацкай зямлі!
Вядома ж, прысутнічаў на адкрыцці мемарыяла Уладзімір Елісеевіч Лабанок: у гэты дзень здзейснілася яго мара – увекавечыць памяць загінуўшых сяброў, поруч з якімі ваяваў. Як былы “аляксеевец” і непасрэдны ўдзельнік прарыву з асаблівым пачуццём ехаў ва Ушачы першы сакратар Віцебскага абкама партыі Сяргей Міхайлавіч Шабашоў. Не мог абмінуць гэтую падзею сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін, які ў вайну быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў. З асаблівым гонарам ішоў да манументу старшыня аблвыканкама Пётр Яфімавіч Рубіс: калі падчас абмеркавання праекта быў намер устанавіць на комплексе меншую, гіпсавую фігуру партызана, ён дапамог аўтарам адстаяць ідэю, каб прарываў бетоннае кола вялізны бронзавы салдат.
Усяго ў тыя дні на Ушаччыне сабралася каля пяці тысяч былых партызан. Размясціць усіх гасцей у гарпасёлку было немагчыма, таму прымалі дэлегацыі калгасы і саўгасы раёна, якія арганізоўвалі для іх начлег і харчаванне. Заезд на ўрачыстасць адбываўся 29 чэрвеня. У гэты дзень былыя партызаны наведвалі музей народнай славы, выступалі ў працоўных калектывах, раз’язджаліся па тых месцах, дзе ваявалі. Пачалася ўрачыстасць 30 чэрвеня ў 12.30 з мотапрабегу. Групы матацыклістаў з транспарантамі “30 год вызвалення Беларусі” накіраваліся адразу ў шэсць бакоў раёна, каб, праехаўшы па яго населеных пунктах, праз дзве з паловай гадзіны ўзначаліць святочную калону, якая рушыла да мемарыяльнага комплексу. Уверх па бетонным шляху былыя партызаны ішлі, раздзяліўшыся па сваіх брыгадах і атрадах. Кульмінацыяй дзейства стаў момант, калі Марэсьеў, Лабанок, Кузьмін, Шабашоў і Рубіс перарэзалі чырвоную стужку. Па сведчанні відавочцаў, людзей у гэты дзень на “Прарыве” было столькі, што ў іх моры была бачна толькі скульптура партызана.
“Прарыў” з’яўляецца адным з самых манументальных і ваенных помнікаў Беларусі, які стаіць у адным радзе з “Хатынню”, “Курганам Славы” і “Брэсцкай крэпасцю”. На гэтым святым месцы збіраліся на сустрэчы баявых сяброў ветэраны, выпускнікі ішлі сюды, каб сустрэць першы дарослы світанак, а дзецям тут павязвалі піянерскія гальштукі.
Прайшоўшая праз жорсткія выпрабаванні Ушаччына заслужыла гэты мемарыял і вельмі ганарыцца ім.
Факты і ўспаміны
Асабліва чакаўся ўшачанамі прыезд на свята Аляксея Марэсьева. Вось што прыгадвае былы намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Васіль Андрэевіч Мазго: “Госці прыбылі ў гарпасёлак крыху загадзя і чакалі ад’езду на “Прарыў” у райкаме на чацвёртым паверсе Дома Саветаў. Марэсьеву па зразумелых прычынах узнімацца туды было цяжка, і ён размясціўся ў маім кабінеце на першым паверсе. Аказаўся ён надзвычай прыемным і простым чалавекам – такім, якім я яго і ўяўляў”. “Падчас адкрыцця я быў у складзе групы юных барабаншчыкаў, – расказвае Сяргей Львовіч Міхайлаў. – Калі мітынг скончыўся, я падышоў да Марэсьева: той усміхнуўся і распісаўся на маім барабане і вокладцы кніжкі”.
Шмат абавязкаў падчас падрыхтоўкі да мерапрыемства лягло на плечы загадчыка аддзела культуры Ушацкага райвыканкама Аліну Фёдараўну Пашуту. Вось што прыгадвае жанчына: “Рыхтавацца да адкрыцця мы пачалі за некалькі месяцаў, а ў апошнія дні перад ім практычна не спалі. Праграма была прадумана да дробязяў, мы пашылі спецыяльныя касцюмы, зрабілі паштоўкі, значкі, нагрудныя банты з лічбай “30”, якія ўручаліся гасцям…”
У цяперашні час буйныя ўрачыстыя цырымоніі звычайна вядуць прафесіяналы, якія маюць дыктарскую і акцёрскую падрыхтоўку. А вось у час адкрыцця “Прарыву” з такой складанай функцыяй выдатна справіўся першы сакратар Ушацкага райкама партыі Васіль Кірылавіч Пасах.
На жаль, дзяржаўныя справы не дазволілі прыняць удзел у адкрыцці “Прарыву” першаму сакратару ЦК КПБ Пятру Міронавічу Машэраву. Але ён неаднойчы бываў на мемарыяле. Пляцоўка пад будаўніцтва комплексу была расчышчана летам 1973 года: менавіта там прызямліўся верталёт Пятра Міронавіча, які кантраляваў ход жніва на Віцебшчыне. Прыляцеў ён сюды і ў хуткім часе пасля адкрыцця, каб на свае вочы ўбачыць велічны комплекс.
Былы дырэктар ушацкага музею народнай славы Мікалай Мікалаевіч Кірпіч расказвае, што Вечны агонь у звыклым для нас выглядзе з’явіўся на комплексе ў 1982 годзе. Ідэя вырабіць яго ў форме разарванай гільзы належала Юрыю Градаву.
Цырымонія адкрыцця цалкам здымалася на кінаплёнку Віцебскай студыяй тэлебачання. Сюжэт пра падзею паказалі ў тэлеэфіры, а пазней дзве бабіны адзнятай плёнкі былі падораны ўшацкаму музею. У 1994 годзе М.М.Кірпіч звярнуўся на кінастудыю “Беларусьфільм” з просьбай адлічбаваць кіно, і хоць звычайна такія паслугі тут не аказвалі, зрабіць добрую справу для ўшачан папрасіў вядомы архітэктар Леанід Левін, а адмовіць такому чалавеку на кінастудыі не змаглі.
Далёка не ўсё, што задумвалі аўтары мемарыяла, было ўвасоблена ў жыццё. Мяркуючы па эскізах, якія захоўваюцца ва ўшацкім музеі, яны планавалі задзейнічаць для элементаў комплексу і ніжнюю пляцоўку, дзе зараз размешчана аўтастаянка. Зрэшты, некаторыя ідэі зодчых ажыццявіліся зараз падчас рэканструкцыі мемарыяла, і гэтую пераемнасць можна лічыць сімвалічнай.