Вялікадолецкі
Абеліск у Афераўшчыне
Больш за ўсё лютавалі карнікі перад і пасля прарыву блакады на Вялікадалеччыне. Тут помнікі на месцы чатырох спаленых разам з жыхарамі неадноўленых вёсак і яшчэ 13 – як вызваленцам, так і мірным жыхарам. Зусім быў схаваны за вялізнымі ліпамі абеліск у Афераўшчыне. Спатрэбілася дапамога прафесійных лесарубаў, каб паваліць дрэвы і не закрануць пахавання. Зразумела, што памочнікамі аказаліся шэфы – Кубліцкае лясніцтва.
Калі няма гаспадароў
Чатыры пустуючыя дамы ўжо знесены на тэрыторыі сельсавета: па два ў Пораўне і Касарах. Такім чынам поўнасцю выкананы гадавы план і асвоены выдзеленыя на гэтыя мэты бюджэтныя сродкі.
Вяркудскі
Хуткасны інтэрнэт – да медустаноў
У аграгарадку і Дубраўцы на гэтым тыдні працуюць спецыялісты “Белтэлекама”. Оптавалакно падведзена да фельчарска-акушэрскага пункта і ўрачэбнай амбулаторыі. Хуткасны інтэрнэт з’явіцца ва ўсіх медустановах раёна.
Патрэбны мужчынскія рукі
Вёска Павулле рыхтуецца да абласнога свята “Прарыў Перамогі” і адкрыцця адноўленага помніка вызваленцам. На суботнікі, якіх шмат было ў апошні час, актыўна выходзілі арганізацыі і мясцовае насельніцтва. Аднак мужчынская сіла заўсёды ў дэфіцыце. Таму неацэнная дапамога Віталя Аляксандравіча Аніпчанкі і Аляксандра Сямёнавіча Аваднёва, якія не адзін раз прыходзілі на выдаленне хмызняку са сваімі піламі.
Жарскі
Папрыгажэла Лясная
Вуліца Лясная ў Ільюшыне заўсёды вылучалася прыбранымі дамамі і яркімі палісадамі, ну а гэтай вясной стала яшчэ больш дагледжанай. Жыхары паставілі новыя агароджы і малыя архітэктурныя формы. За кароткі тэрмін ператварыўся і раней нежылы дом, які набыла маладая сям’я Марковічаў.
Ушацкі
Буслянка ў Бярозках
Буслы пасяліліся ў вёсцы – добрая прыкмета для населенага пункта. Таму так перажываюць жыхары, калі з-за рэканструкцый лініі электраперадач ці іншых работ знікаюць пабудаваныя птушкамі гнёзды. І наадварот – дзякуюць за адноўленыя буслянкі. Спецыяльнае, зваранае з металу кола ўстаноўлена нядаўна ў вёсцы Бярозкі. І “кватэра” яўна спадабалася буслам: ужо абжытая і ў ёй пастаянна знаходзіцца адзін з будучых бацькоў.
Сарочынскі
На падворках менш сотні кароў
Менавіта гэты самы вялікі па колькасці населеных пунктаў сельсавет лідзіруе і па наяўнасці на падворках падсобных гаспадарак – 835 з 3651 усяго ў раёне. Тут больш за ўсіх трымаюць буронак – 27 з 91, коней – 11 з 41, коз – 80 з 330, пчоласямей – 177 з 600 і птушкі – 2914 галоў з 11031 на Ушаччыне. А вось свіней (напэўна, з-за забароны гадаваць іх работнікам комплексаў) – толькі 40, у паўтара раза больш парсюкоў у Жарскім (65) і Ушацкім (73) сельсаветах. У апошнім, дарэчы, самая вялікая колькасць авечак – 180 з 353 па раёне і трусоў – 87 з 387.
Кубліцкі
Алея сямейных дрэў
з’явілася на гэтым тыдні ля білборда Васілю Быкаву з 26 дрэў – па колькасці сямей, якія прынялі ўдзел у пасадцы. Кожны ішоў са сваім саджанцам, і ў алеі прыжываюцца бярозы, клёны, дубы, рабіны і ліпы. А каб лягчэй адаптаваліся на новым месцы, іх штодня паліваюць дзеці з прыёмных сямей Хадасевічаў і Мялешка. “Вялікае задавальненне атрымліваеш, калі ў агульных справах прымае ўдзел моладзь, якой і бачыць плён сваіх рук”, – зазначыла старшыня сельвыканкама М.В.Ярмош.
Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.