Из городов — в глубинку: «Блинный разгуляй» покорил сердца гостей

Калейдоскоп

Мы, кампанія з чатырох сем’яў з Мінска, Магілёва, Маладзечна, вельмі любім падарожнічаць. А нядаўна пабывалі на Ушаччыне. Прычым, ехалі мэтанакіравана ў Вялікія Дольцы на свята “Блінны разгуляй”. Так-так, не здзіўляйцеся, з гарадоў, дзе хапае забаўляльных пляцовак, у глыбінку Беларусі, каб адчуць яе каларыт. Хаця выбар аграгарадка не аказаўся выпадковым – зусім нядаўна ў мясцовым клубе пачала працаваць наша даўняя сяброўка Марына Лаеўская, якая і запрасіла на свята.

Якім жа яно было душэўным. Сцэна і лаўкі ў скверы, накрытыя бліннымі разнасоламі сталы і многа-многа музыкі. Шчыра кажучы, мы не прывыклі да бясплатных пачастункаў, таму саромеліся дэгуставаць стравы. Аднак нам, далёкім гасцям, паднеслі і блінцы з начынкамі, і дранікі. Вялікі дзякуй, мы ў чарговы раз пераканаліся, што такая цёплая атмасфера можа быць толькі на вёсцы і толькі ў нашай Беларусі, дзе кожны гатовы падзяліцца з табой апошнім. Мы адчувалі сябе дома напэўна яшчэ і таму, што як і большасць гараджан нашай краіны, усё ж лічым сябе выхадцамі з вёскі і цэнім каларыт і прыгажосць беларускіх куточкаў.

Дарэчы, дачы мы маем на Нарачы, аднак Ушаччына нам спадабалася не менш. Жылі мы на аграэкасядзібе “Мядзведжая сіла” ў Замошшы, таму ўбачылі і старадаўні млын, і каменныя крыжы на могілках. Спускаліся да святой крыніцы ў Стайскім бары, пазнаёмілі нас і з санаторыем “Лясныя азёры”. Ваш край вельмі душэўны і цікавы!

Сем’і Бажко, Шчаўроўскіх, Міранцовых і Кажура.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *