Ушаччына ў ліку 15 раёнаў краіны, дзе спачатку года назіраецца значны рост колькасці пажараў і загінуўшых на іх людзей. У нас зарэгістравана 20 пажараў (+42,9%), на якіх абарваліся жыцці трох чалавек. Каб паўплываць на сітуацыю, праводзяцца розныя мерапрыемствы, у тым ліку на працягу апошніх пяці дзён у раёне было арганізавана спецыяльнае прафілактычнае “Дом без пажару”.
Наведваючы грамадзян, работнікі МНС тлумачылі, як правільна эксплуатаваць печы, электраабагравальнікі, як дзейнічаць у выпадку ўзнікнення пажару, звярталі ўвагу на неабходнасць устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Маршрут ратавальнікаў праходзіць па тых адрасах, дзе рызыка ўзнікнення пажару найбольш высокая: дамы пенсіянераў, інвалідаў, шматдзетных сем’яў і грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Менавіта гэтыя людзі з-за ўзросту, стану здароўя або іншых абставін часта зусім не клапоцяцца пра бяспеку.
Праводзячы прафілактычную работу з насельніцтвам, работнікі МНС выкарыстоўваюць усе даступныя формы і метады: адрасныя абследаванні, інтэрактыўныя пляцоўкі, сельскія сходы. Як зазначыў начальнік Ушацкага РАНС Дзмітрый Дахін, прафілактыка не можа быць празмернай і трэба выкарыстоўваць любую магчымасць папярэдзіць бяду.
За пяць дзён прафілактычнага мерапрыемства абследавана больш за 200 домаўладанняў на тэрыторыі ўсяго раёна, праведзены сельскія сходы ў Вяркудах, Жарах.
З пачатку года ў краіне на пажарах загінула 390 чалавек, за аналагічны мінулагодні перыяд – 355.
Важна: У ацяпляльны сезон нярэдкія “пячныя” пажары. Гэта можа адбыцца з-за перакалу печы, утварэння ў цаглянай кладцы шчылін, пры эксплуатацыі няспраўных дзверцаў. Агледзьце кладку знешняга боку дымахода, калі маюцца шчыліны, патынкуйце і пабяліце. Ачысціце дымаходы ад сажы, гарэнне якой суправаджаецца высокай тэмпературай і ўтварэннем іскраў. Частай прычынай пажару з’яўляецца выпадзенне вуглёў з распаленай печы пры адчыненых дзверцах. Калі патрэбна, паклапаціцеся пра замену перадтопачных лістоў – яны павінны быць памерам 50х70 сантыметраў. Не выкарыстоўвайце пры распальванні печаў лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці.
Вольга КАМАРКОВА