Паэта, празаіка, драматурга Генадзя Аўласенку на Ушаччыне ведаюць многія. Новыя кнігі, сустрэчы з землякамі… На малую радзіму ўраджэнец Ліпаўца прыязджае штогод – і кожны раз чымсьці радуе прыхільнікаў сваёй творчасці. Нямала сабралася іх і на нядаўнім мерапрыемстве ў раённай бібліятэцы – за радкамі любімых кніг ушачане адзначылі 70-гадовы юбілей аўтара.
“А мы гэты верш у пачатковых класах праходзілі, асабіста ж пазнаёміцца з паэтам было вельмі цікава”, – з захапленнем расказвалі вучні Ушацкай школы. “Аказваецца ў яго ёсць серыя твораў накшталт раманаў пра Гары Потара – абавязкова пачытаем і параўнаем”, – падхоплівалі юныя аматары фантастычнага жанру. Пісаць для дзяцей зусім няпроста. А ў Генадзя Пятровіча атрымліваецца радаваць іх сваімі вершаванымі і празаічнымі творамі. Асабіста мяне захопліваюць яго тапанімічныя казкі, у якіх Г.Аўласенка сам прыдумвае паходжанне назваў: горада Ваўкавыска, ракі Віліі… Ну а падчас прыгаданай сустрэчы і што-небудзь ушацкае паабяцаў прадугледзець.
“За думкамі Генадзя не ўгнацца…” – так ёмка пачала вершаваную справаздачу мерапрыемства ўшачанка Людміла Мікалаеўна Цяцерка. І сапраўды, калі ў большасці пісьменнікаў творчасць з гадамі прыглушаецца, у Генадзя Пятровіча, наадварот, актывізуецца. Зусім нядаўна ён выпусціў новую кнігу “Малпачка – дачка нябеснага дракона”, якую падарыў раённай бібліятэцы, аддаў у друк яшчэ адну: аб прыгодах Ветрыка з прыгаданай вышэй казачна-фантастычнай серыі.
У аўтара ёсць зборнік “Паэзія без габарытаў” – штосьці падобнае можна сказаць і пра ўсю яго літаратурную дзейнасць. Г.Аўласенка піша на рускай і беларускай мовах. Займаецца перакладамі і драматургіяй, прозай і паэзіяй. Спрабуе сябе і ў гумарыстычным жанры, любіць тэму кахання. І ўсё не дзеля заробку, а для душы – сваёй і чытацкай.
Ён прайшоў немалую школу жыцця. Пасля заканчэння Ушацкай школы служыў у арміі, вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце на біяфаку, некаторы час жыў і працаваў у Якуціі, Забайкаллі, а ў 1984-м пераехаў у горад Чэрвень Мінскай вобласці, дзе дыяпазон творчых задум давала работа настаўнікам. І, канечне, Генадзь Пятровіч – сапраўдны патрыёт сваёй малой радзімы. На Ушаччыну заўсёды спяшаецца, каб палюбавацца мясцовымі краявідамі, схадзіць на могілкі, сустрэцца са сваякамі, сярод якіх, дарэчы, і паэтэса Тамара Дзмітрыеўна Барадзёнак – стрыечная сястра пісьменніка.
На сёлетнюю юбілейную вечарыну прыйшоў яго сябра, аднакласнік Міхаіл Уладзіміравіч Вайцялёнак, з якім шчыра пасмяяліся, калі ўбачылі на экране свае школьныя здымкі. Парадавалася сустрэчы з абодвума іх былая настаўніца Ніна Аляксандраўна Багдановіч – ужо ў музеі, на прысвечанай юбіляру выставе доўга разглядала фота сваіх выпускнікоў. Расказвала, што і двойкі Генадзь, бывала, атрымліваў, аднак вучнем быў старанным, любіў многія прадметы – у тым ліку матэматыку, якую яна выкладала. “А вось з дысцыплінай праблемы меліся, – з усмешкай паведаміў мужчына, дэманструючы здымак з суботніка ля цэглавага завода, што быў ля Арэхаўна. – Вось тут усе школьнікі чымсьці занятыя, толькі я па баках бесклапотна гляджу. А тут красуюся ў модным балоневым плашчы – дарагая рэч у той час”. Як адзначыла галоўны захавальнік фондаў Святлана Канстанцінаўна Турло, такія мілыя “экспанаты” на вагу золата – нават сталічныя госці музея пазнаюць на здымках нашага земляка, што сведчыць пра яго талент.
Планаў у пісьменніка шмат. Жадаем поспехаў у іх рэалізацыі і чакаем ад яго новых літаратурных адкрыццяў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ