Десятиклассники школ Ушаччины проходят учебно-полевые сборы

Образование и молодежь

Замест прывычнага званка на ўрок – пастраенне, замест адказаў ля школьнай дошкі – разборка аўтамата. Для дзесяцікласнікаў школ Ушаччыны ў палатачным лагеры “Віцязь”, адкрытым на базе Глыбачанскай СШ, зараз праходзяць вучэбна-палявыя зборы – абавязковы этап курсу дапрызыўнай падрыхтоўкі.

Праграма збораў прадумана так, каб за кароткі тэрмін даць хлопцам максімум практычных ведаў і навыкаў: праводзяцца заняткі па страявой, тактычнай, агнявой падрыхтоўцы, наладжваюцца сустрэчы з прадстаўнікамі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, палявыя выезды на палігон, іншыя падраздзяленні заслонаўскай механізаванай брыгады. Школьнікі асвойваюць асновы ваеннай тапаграфіі: вучацца арыентавацца на мясцовасці па карце і компасе, рухацца па азімуце і маскіравацца. Вядома, не абыходзіцца і без фізічных нагрузак: кроса па перасечанай мясцовасці, пераадолення паласы перашкод. Па вечарах жа ладзяцца спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы, паходы па памятных мясцінах.

Па словах начальніка лагера, кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Глыбачанскай СШ А.І.Церашкаўца, галоўная мэта такіх мерапрыемстваў – падрыхтаваць будучых абаронцаў Айчыны.
– Мы хочам выхаваць патрыётаў, навучыць хлопцаў адказнасці за сябе і сваіх таварышаў, узаемадапамозе і стойкасці, – падкрэсліў Арцём Іванавіч. – Чатырнаццаць дзесяцікласнікаў з Ушацкай, Арэхаўскай і нашай школ павінны зразумець, што сіла не толькі ў мышцах, але і ў адзінстве, а любоў да Радзімы пачынаецца з дысцыпліны, парадку, павагі адзін да аднаго.

Галіна Казлова, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Глыбачанскай СШ:
– Падчас вучэбна-палявых збораў з тонкасцямі ваеннага рамяства хлопцы знаёмяцца ў нашым “Віцязі”. Дзяўчаты ж з усяго раёна зараз адпрацоўваюць навыкі медыцынскай падрыхтоўкі на базе мясцовых устаноў аховы здароўя, аддзяленняў Чырвонага Крыжа.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *