В детском оздоровительном лагере «Туросполье» стартовала 1 смена

Образование и молодежь

Штогод у пачатку чэрвеня ў размеранае жыццё зацішнага Турасполля ўрываецца няўрымслівае лета: машыны і аўтобусы ўздымаюць пыл на мясцовай гравійцы, а карпусы аднайменнага летніка ажываюць і напаўняюцца дзіцячым гоманам.

Першыя дні змены – самыя важныя. Трэба заняць зручны ложак, пазнаёміцца з будучымі партнёрамі па захапляльных справах і супакоіць маму справаздачай, што ў пакоях цёпла, а кормяць смачна. А яшчэ – прайсці пад сімвалічнымі “варотамі жаданняў”, каб адпачынак аказаўся ўдалым. Гэта тураспольская традыцыя з праграмы адкрыцця кожнай змены, і ў панядзелак з ёй пазнаёміліся 43 хлопчыкі і дзяўчынкі з Ушацкага, Расонскага, Аршанскага і Пастаўскага раёнаў. А яшчэ і ганаровыя госці імпрэзы на чале з намеснікам старшыні райвыканкама А.А.Міранковай. Анжаліка Анатольеўна павіншавала дзяцей і дарослых са стартам летніх прыгод, а таксама падкрэсліла, што наша дзяржава клапоціцца не толькі пра якасную адукацыю школьнікаў, а і пра належныя ўмовы іх адпачынку. Завіталі на адкрыццё прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый і аддзела па адукацыі райвыканкама М.А.Шаўчэнка, Т.А.Глінская, А.М.Жук, каб уручыць дзецям падарункі, якія спатрэбяцца для гульняў і творчых заняткаў.

Кожны дзень у летніку будзе вельмі насычаным – пра гэта паклапоціцца вопытная каманда выхавальнікаў, якую не першы год узначальвае Людміла Васільеўна Давыдава. Ну а мы яшчэ завітаем у маляўнічае Турасполле і раскажам пра яго летнія дзівосы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *