А вы ведаеце, што флікер зніжае рызыку наезду на пешахода на 65 працэнтаў? Калі вадзіцель едзе з хуткасцю 90 км/г, то ў яго будзе 8 секунд, каб заўважыць пазначанага такім чынам чалавека і своечасова спыніцца, а пры руху 60 км/г – 24. Быў выпадак, калі адзін святлоадбівальнік на рукаве спыніў грузавы цягнік: п’яны мужчына заснуў на рэйках, а машыніст за 200 метраў прыкмеціў “светлую кропку” і ўключыў экстраннае тармажэнне.
Гэтыя і іншыя цікавыя факты падчас нядаўняй акцыі “Будзь яркім! Стань прыкметным!” расказвалі землякам супрацоўнікі аддзялення ДАІ, інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі, а таксама юныя інспектары дарожнага руху з Ушацкай школы. На вуліцах райцэнтра яны прапагандавалі выкарыстанне святлоадбівальных элементаў, камізэлек павышанай бачнасці. У каго ж такіх элементаў не аказвалася – дарылі флікеры.
Многія памылкова лічаць, што яны актуальныя толькі ў сельскай мясцовасці. У адпаведнасці ж з заканадаўствам, пазначаць сябе імі АБАВЯЗАНЫ ўсе пешаходы, якія ў цёмны час сутак знаходзяцца на праезнай частцы ці абочыне (у райцэнтры ёсць вуліцы без абсталяваных тратуараў). Гэта ж РЭКАМЕНДУЕЦЦА рабіць тым, хто ідзе па пешаходным пераходзе. Што датычыцца адказнасці, то яна прадугледжвае папярэджанне або штраф да 3 базавых велічынь, а пры ўмове алкагольнага ап’янення чалавека – да 5.
Трэба мець на ўвазе, што аднаго святлоадбівальнага элемента часта бывае недастаткова – рэкамендуецца насіць іх на абедзвюх руках, а таксама на партфелі, калі гаворка ідзе пра дзіця. Жыхарам сельскай мясцовасці, дзе ёсць праблемы з асвятленнем, увогуле лепш апрануць спецыяльную камізэльку. Пры такой экіпіроўцы пры далёкім святле фар чалавека відаць з адлегласці 400 метраў, без яе – усяго 70-90.
Спецыялісты раяць выбіраць флікеры белага ці лімоннага колеру, у форме круга ці палоскі – яны маюць найбольшую эфектыўнасць. Прадугледзьце іх не толькі на адзенні, але і на калясках, самакатах, іншых дзіцячых “сродках перамяшчэння”.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.