Какие семена — такой и урожай. Как сельхозпредприятия Ушачского района готовятся к посевной кампании?

Сельское хозяйство

Набліжаецца вясна, а разам з ёй адна з найважнейшых для аграрыяў кампаній– пасяўная. Ад яе якаснага правядзення ў многім залежыць будучы ўраджай. Адным з ключавых момантаў для сельгаспрадпрыемстваў з’яўляецца падрыхтоўка насеннага фонду. Аб гэтым наша размова з намеснікам начальніка раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Мікалаем Віктаравічам АЗЕВІЧАМ.

Так, сапраўды не за гарамі вясна і гатоўнасць да пасяўной вызначаецца не толькі адрамантаванай тэхнікай, вывезеным на палі ўгнаеннем, але і ў многім наяўнасцю насення. Ужо можна сказаць, што гаспадаркі раёна ў гэтым накірунку гатовы, план засыпкі зерневых выкананы амаль на 100 працэнтаў.
– Галоўны крытэрый ацэнкі насеннага фонду любой гаспадаркі не колькасць, а якасць. Якое насенне сёння ў засеках сельгаспрадпрыемстваў?
– У асноўным гэта кандыцыйнае насенне першай і другой рэпрадукцый. Выкарыстанне некандыцыйнага з нізкай усходжасцю і энергіяй прарастання насення вядзе да перарасходу яго пры пасеве і ў канечным выніку да недабору ўраджаю. Насенне ж з высокімі сартавымі якасцямі пры выкананні ўсіх агратэхнічных мерапрыемстваў, наадварот, дае дружныя і хуткія ўсходы, дазваляючы пры гэтым павялічыць прырост ураджаю зерневых прыкладна на 30 працэнтаў. Мы праверылі насенны фонд гаспадарак на ўсходжасць, у прынцыпе ўсе пробы далі даволі нядрэнны рэзультат.
У дадзены момант гаспадаркі раёна актыўна ўключыліся і ў работу па завозе насення эліты. Пад яравую сяўбу будзе завезена яшчэ каля 200 тон элітнага насення з элітавытворчых гаспадарак вобласці.
Гэта агульная карціна, а як складваецца сітуацыя непасрэдна ў гаспадарках?
– У гэтым плане адразу хочацца адзначыць ААТ “Ільюшынскі”. Гаспадарка поўнасцю забяспечыла сябе ўласным насеннем, больш таго рэалізуе яго нават суседнім раёнам. Плануюць завезці ільюшынцы толькі невялікую колькасць элітнай пшаніцы для павышэння рэпрадукцыі будучага насення. Да слова сказаць, названае сельгаспрадпрыемства плануе ў бягучым годзе набыць спецыяльную зернеачышчальную машыну, якая дазволіць якасна рыхтаваць насенне і поўнасцю адпавядаць статусу насенняводчай гаспадаркі.
У мінулыя гады праблемы з насеннем зерневых паўставалі ў “Арэхаўне”, сёлета сітуацыя змянілася ў лепшы бок, як і ў “Кублічах”. Наогул па ўсіх гаспадарках складваецца нядрэнная сітуацыя.
Трэба сказаць і пра зернебабовыя культуры. КУСГП “Вялікадолецкае” падрыхтавала больш 100 тон насення яравой вікі, а гэтага хопіць, каб забяспечыць патрэбы ўсіх гаспадарак раёна. КУСГП “Кублічы” маюць 6 тон насеннага гароху – таксама добры запас. “Дземенец” будзе сеяць лубін, акрамя існуючых запасаў будзе завезена суперэліта з інстытута земляробства. Гэтая ж гаспадарка вельмі добра падрыхтавала насенне мнагалетніх траў і пры гэтым аказала дапамогу яшчэ пяці сельгаспрадпрыемствам. “Дземенец” зноў зоймецца вырошчваннем грэчкі, 4 тоны ўласнага насення ўжо чакаюць свайго часу, маецца тут яшчэ і харчовая грэчка для продажу.
Традыцыйным прадуктам беларусаў з’яўляецца бульба, якую вырошчваюць як прыватнікі, так і непасрэдна сельгаспрадпрыемствы. Як абстаяць справы з насеннем другога хлеба?
– Вырошчваннем бульбы ў раёне па-ранейшаму будуць займацца дзве гаспадаркі – КУСГП “Кублічы” і ААТ “Агра-Селішча”. У папярэднія гады насення бульбы для пасадкі часта не хапала і даводзілася завозіць з іншых раёнаў і нават абласцей. Пасля таго як мы адышлі ад захоўвання бульбы ў буртах і зрабілі спецыялізаванае бульбасховішча, закладзенае на насенне выдатна захоўваецца на працягу зімы. Вось і зараз у бульбасховішчы ў Баяршчыне засыпана 500 тон насеннай бульбы – па 250 на кожную гаспадарку. Плануюць аграрыі да вясны завезці і невялікую колькасць эліты, пераважна ранніх сартоў. Ужо сёння гэтыя гаспадаркі рыхтуюцца да вясны і прыступілі да пераборкі бульбы, дарэчы, жадаючыя могуць аказаць “Кублічам” дапамогу ў гэтай справе, а разлік за працу потым атрымаць новым ураджаем.
Будзем спадзявацца на добры ўраджай усіх культур.
– Дзякуй за размову.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *