Аграрии «Ильюшинского» знают, как нужно работать

Сельское хозяйство

Як вядома, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка даў даручэнне правесці ў краіне рэканструкцыю 1208 малочнатаварных ферм. На сённяшні дзень ужо ўведзена ў эксплуатацыю 362 аб’екты, плануецца, што да 1 кастрычніка рэканструкцыя будзе завершана і на астатніх фермах.

Актыўна ўключыліся ў гэтую работу і ўшацкія сельгаспрадпрыемствы. У прыватнасці, у ААТ «Ільюшынскі» вядзецца рэканструкцыя фермы ў Сержанах, восенню прыме цялят новы арачнік у Ільюшыне, «заселіцца» маладняк і ў рэканструяваную пад бяспрывязнае ўтрыманне ферму ў Жарах. Пакуль статак знаходзіцца на летнім пашавым утрыманні, літаральна на ўсіх аб’ектах гаспадаркі ідзе работа па падрыхтоўцы ферм да стойлавага перыяду. Прычым, не толькі ўласнымі сіламі. Падчас свайго нядаўняга візіту ва Ушацкі раён губернатар вобласці А.М.Косінец парэкамендаваў да работ па рэканструкцыі малочнатаварных ферм прыцягваць студэнцкія будаўнічыя атрады. Гэтую параду ўзялі на ўзбраенне ў «Ільюшынскім» — і ўжо першага ліпеня на ферме ў Старым Сяле высадзіўся працоўны дэсант з ліку трэцякурснікаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Шасцёра студэнтаў будаўнічай спецыяльнасці майструюць тут загарадку для цялят.
— Гэта цудоўная магчымасць не толькі «збіць» уласны капітал, але і атрымаць вопыт, які абавязкова спатрэбіцца ў будучым, — расказваюць хлопцы.
Умовамі работы і быту яны цалкам задаволены. Кіраўніцтва гаспадаркі арганізавала трохразовае харчаванне, камфортнае пражыванне на базе санаторыя «Лясныя азёры» — таму студэнты гавораць, што хацелі б прыехаць ва Ушачы яшчэ не раз.
У раёне працягваецца летні пашавы перыяд утрымання кароў — самы спрыяльны час для атрымання таннага вялікага малака. У тых сельгаспрадпрыемствах, дзе адказна падышлі да арганізацыі выпасу кароў, фарміравання гуртоў, выбару метаду страўлівання травастою, забеспячэння статка электрапастухамі і вадой, павялічылася вытворчасць малака.

Сярод такіх гаспадарак і «Ільюшынскі», дзе штодзённы валавы надой складае 133 цэнтнеры, дзяржаве рэалізуецца — 91, прытым 68 працэнтаў малака ідзе «экстрай». Ад кожнай каровы тут атрымліваюць у дзень 12,5 кілаграма малака — у параўнанні з мінулым годам гэты паказчык павялічыўся на 12 працэнтаў.
— Малочнае пагалоўе гаспадаркі налічвае 1064 каровы, — расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Яўген Троцкі. — Пашавы перыяд пачаўся 9 мая. Каровы хутка адаптаваліся, таму і надоі пайшлі ў бок павелічэння. Рацыён кармлення жывёл не абмяжоўваецца толькі травой — абавязкова дабаўляем рапсавы шрот, соль. На працягу дня на пашу падвозіцца ў неабходнай колькасці вада.
У «Ільюшынскім» арганізаваны кругласутачны выпас кароў (сем дойных гуртоў) на многакампанентных пашах, дзе падсяваюцца канюшына і цімафееўка. Прычым, некаторыя гурты выпашваюцца па прагрэсіўным франтальным метадзе.
— Галоўная перавага гэтага метаду выпасвання заключаецца ў тым, што каровы, атрымліваючы доступ да корму, ядуць яго раўнамерна, не збіваючы зялёную масу, — тлумачыць намеснік дырэктара гаспадаркі Андрэй Тарасевіч.
І ўсё ж прыходзіцца канстатаваць, што паказчыкі работы малочнай галіны гаспадаркі выглядаюць пакуль яшчэ сціпла на фоне сярэднеабласных. А таму ў працаўнікоў малочнатаварных ферм, маладога і амбіцыйнага калектыву спецыялістаў наперадзе вялікі аб’ём работы. Галоўнае ж для паступальнага руху тут ёсць — комплексны падыход, жаданне стваральна працаваць, эксперыментаваць, укараняць новыя прагрэсіўныя тэхналогіі.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *