В ОАО «Ильюшинское» введён в эксплуатацию новый телятник

Общество

Від новага памяшкання, якое пабудавана на комплексе ААТ “Ільюшына” цяжка суаднесці з выглядам звычайных жывёлагадоўчых аб’ектаў. Новы арачнік бяспрывязнага ўтрымання цялят выраблены на Віцебскім заводзе металаканструкцый па новых тэхналогіях. Звычайных будаўнічых матэрыялаў накшталт дрэва ці бетону тут не знойдзеш. Металічная канструкцыя, абцягнутая брызентам, уражвае сваёй прастатой і практычнасцю. Кошт новага памяшкання, насельнікамі якога зараз з’яўляюцца 169 цялят, складае каля 500 мільёнаў рублёў. Усе работы па яго ўзвядзенні выкананы ААТ “Ільюшынскі” гаспадарчым спосабам. Яго ўвод у эксплуатацыю разгрузіў іншыя памяшканні, і ў будучым дазволіць павялічыць пагалоўе малочнага статка гаспадаркі, бо тут утрымліваюцца выключна маладыя цёлкі чорна-пярэстай пароды. Іх абслугоўвае мінімум жывёлаводаў, працэс амаль поўнасцю механізаваны. Кормараздатчык “Гаспадар” развозіць кармавую сумесь, якая гатуецца з сена, камбікорму, сенажу і сіласу. Ручная праца выкарыстоўваецца толькі тады, калі трэба перагнаць цялят з адной паловы памяшкання на другую – раз на тыдзень “Амкадор” вычышчае стойлы і завозіць салому на подсціл, ды падсунуць корм з праходу да кармушак.

– Падлога бетонная, залівалі ўласнымі сіламі, – расказвае дырэктар гаспадаркі Сяргей Анатольевіч Халімоненка. – Падчас будоўлі набылі бетонамяшалку коштам 70 мільёнаў рублёў, але яна сябе за год акупіла, бо за лета мы залілі бетонную падлогу і на жарскай ферме. Калі б заказвалі агрэгат у будаўнічай арганізацыі, то яго арэнда абышлася б даражэй, таму што толькі на арачнік пайшло 300 метраў кубічных раствору.

Ля самога памяшкання значная тэрыторыя абнесена новай агароджай для выгулу цялят – грунтоўнай, з металічнымі забетанаванымі слупамі. Яе, як і металічныя стойлы ўнутры арачніка, работнікі гаспадаркі таксама рабілі самі сіламі будаўнічай і рамонтнай брыгад.

– Многія пытанні па ўтрыманні жывёлагадоўчых аб’ектаў знялі пасля стварэння рамонтнай брыгады, – задаволены работай сваіх працаўнікоў С.А.Халімоненка. – Для яе мабільнасці набылі аўтамабіль, увесь неабходны інструмент, зварачны апарат, мотапомпу, нават адбойны малаток ёсць. Затое пры ўзнікненні на фермах нейкіх паломак рамонтная брыгада заўсёды гатова да выезду.

Калі я выказаў сумненні наконт таго, ці перазімуюць цяляты ў памяшканні з такімі сценамі, С.А. Халімоненка развеяў мае сумненні.

– Што для цяляці галоўнае? Каб у стойле было суха і каб было накормленае, а марозу яны не баяцца…

Пасля зімы ля новага арачніка плануюць забетанаваць або заасфальтаваць пад’езды. Зараз на гэта сродкаў не хапіла, бо работы па мадэрнізацыі вяліся паралельна на некалькіх аб’ектах і не толькі жывёлагадоўчых. Маштабная рэканструкцыя, напрыклад, у Сержанах, засталося зрабіць толькі даільную залу.

Грунтоўнасць падыходу тут бачна ва ўсіх справах. Гэта пацвярджаюць і словы дырэктара гаспадаркі, з якімі цяжка не пагадзіцца.

– Сродкі ўкладаюцца не маленькія, таму стараемся ўсё рабіць так, каб потым праз год не перарабляць, не спяшаемся і не гонімся за хуткасцю будаўніцтва, а аддаём перавагу якасці.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *