На сессии Ушачского районного Совета депутатов подвели итоги социально-экономического развития района в 2013 году

Общество Официально

На 37-й сесіі раённага Савета дэпутатаў 26 склікання былі разгледжаны вельмі важныя для раёна пытанні: выкананне сацыяльна-эканамічнага развіцця Ушацкага раёна ў 2013 годзе і прагноз на 2014 год. Са справаздачай па асноўным пытанні выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта В.В.Родзіч. Зацверджаны бюджэт на наступны год, план работы Ушацкага раённага Савета дэпутатаў на першы квартал 2014 года. Старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч прааналізавала фінансавы вынік работы сельвыканкамаў за мінулы год. Алена Васільеўна адзначыла, што больш за 400 мільёнаў рублёў атрымана дадаткова ў бюджэты пярвічнага ўзроўню ад продажу зямельных участкаў з аўкцыёнаў, больш за 100 мільёнаў – ад размяшчэння вольных сродкаў у дэпазітах банкаў, сабрана больш за 22 мільёны рублёў сродкаў самаабкладання, якія накіраваны на добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Удзельная вага ўласных даходаў сельвыканкамаў склала 81,6 працэнта пры рэкамендуемых 70, а Вяркудскі і Глыбачэнскі сельвыканкамы спрацавалі ўвогуле без датацый.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў падвяла вынікі рэалізацыі праекта “Дэпутацкая пошта”. За год у сельскія выканаўчыя камітэты паступіла 68 зваротаў і 25 праз скрыню “Дэпутацкая пошта”, што размешчана ў Доме Саветаў, 20 з якіх выканана, а па пяці дадзены тлумачэнні грамадзянам. Пераможцамі ж праекта прызнаны дэпутат раённага Савета дэпутатаў ад Матырынскай выбарчай акругі №37 Галіна Сяргееўна Рудзёнак, у адрас якой паступіла найбольшая колькасць зваротаў і якія пры яе ўдзеле вырашаны станоўча, і Жарскі сельскі Савет дэпутатаў (старшыня Святлана Цімафееўна Міхейка), на базе якога найбольш актыўна і дзейсна ажыццяўляўся праект на працягу года. А.В.Пашковіч уручыла пераможцам праекта каштоўныя падарункі, падзякавала ўсім дэпутатам за праведзеную работу, павіншавала са святамі і пажадала моцнага здароўя.

У рабоце сесіі прыняў удзел намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама А.У.Андрушкін, які адзначыў, што на сферу аховы здароўя раёна і на 2014 выдзелены значныя бюджэтныя асігнаванні для яе далейшага развіцця. Зрабіў акцэнт на складаным дэмаграфічным становішчы ў раёне.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта В.В.Родзіч, падводзячы вынікі года, зазначыў, што 2014 год будзе вельмі складаны для выканання ўсіх пастаўленых задач. Менавіта ад работы кожнага прадпрыемства будзе залежыць, ці атрымаецца ажыццявіць усё запланаванае.

У 2013 годзе раёнам выканана асноўная задача – забяспечана станоўчая дынаміка па большасці паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Па выніках года чакаецца выкананне 4 паказчыкаў: па экспарце паслуг, сярэднямесячнай зарплаце, па энергазберажэнні і ўводзе жылля.

У цяперашні час у раёне працуе 168 юрыдычных асоб, з іх 73 – арганізацыі сферы бізнесу, у якой занята больш 800 чалавек, чатыры прамысловых прадпрыемствы, 10 сельскагаспадарчых, тры – будаўнічыя і два – сферы транспарту. Зарэгістравана 209 прадпрымальнікаў, а ўдзельная вага занятых у малым бізнесе складае 16 працэнтаў ад эканамічна занятага насельніцтва. Асноўнымі бюджэтаўтваральнымі арганізацыямі з’яўляюцца “Ушацкі лясгас”, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, ДРБУ-105, райспажыўтаварыства, доля якіх складае 26 працэнтаў ад усіх падатковых паступленняў у бюджэт.

ПРАМЫСЛОВАСЦЬ

40 працэнтаў аб’ёма прамысловай прадукцыі па раёне забяспечваюць агароднінасушыльны завод, “Прамкамбінат” і філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, 60 – камунгас. За 2013 год плануецца атрымаць прамысловай прадукцыі больш чым на 60 мільярдаў рублёў, што складзе 126,2 працэнта да ўзроўню 2012 года. На рэнтабельную работу выйшаў агароднінасушыльны завод, атрымаўшы прыбытак у памеры 334 мільёны рублёў. Асноўны паказчык работы прамысловых прадпрыемстваў – індэкс фізічнага аб’ёму – на “Прамкамбінаце” вышэй за іншых – 105,5 працэнта, аднак самай нізкай застаецца зарплата сярод прамысловых прадпрыемстваў. Самая высокая – у філіяле “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” – 3767,4 тысячы рублёў, што на 8 працэнтаў вышэй сярэдняй па раёне. Прадпрыемствам на 37 працэнтаў выпушчана больш прадукцыі, чым летась. На жаль, практычна не праводзілася мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў. 44 мільёны накіравана на гэтыя мэты на “Прамкамбінаце”, 372 – у каапнарыхтпраме, 2,7 мільярда бюджэтных сродкаў укладзены камунгасам у мадэрнізацыю сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, жыллёвага фонду.

УП ЖКГ у 2013 годзе адрамантавана 22 артэзіянскія свідравіны, 190 водаразборных калонак, выканана прафілактычнае абслугоўванне 193 кіламетраў сетак водазабеспячэння, перакладзена 1,5 кіламетра водаправодных сетак, адрамантавана 1900 метраў квадратных дахаў, 25 печаў, касметычны рамонт 16 пад’ездаў. Па выкананні праграмы “Чыстая вада” было запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў аграгарадку “Арэхаўна”, аднак з-за адсутнасці фінансавання пачатак работ перанесены на 2014 год. Па гэтай жа прычыне на сёлетні год перанесена завяршэнне капітальнага рамонту дахаў па Камсамольскай, 4 і Фрунзе, 24.

У цэлым прамысловыя прадпрыемствы спрацавалі рэнтабельна, аднак не маюць дастаткова вольных сродкаў на развіццё і мадэрнізацыю. Таму сёлета іх работа павінна быць абавязкова накіравана на тэхнічнае пераўзбраенне, выпуск якаснай і запатрабаванай на рынку прадукцыі.

ЗНЕШНЕЭКАНАМІЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Асаблівую ўвагу ў 2014 годзе кіраўнікам прадпрыемстваў трэба ўдзяліць знешнеэканамічнай дзейнасці. Пакуль што экспарцёрамі з’яўляліся толькі 4 арганізацыі раёна: “Алекс-Нутта”, райспажыўтаварыства, лясгас, “Харчгандаль”, якія экспартавалі прадукцыю ў Нарвегію, Літву, Эстонію, Расію.

У 2013 годзе павялічылася колькасць “чыстых” імпарцёраў – суб’екты малога бізнесу на 10 месяцаў увезлі аўтатранспартных сродкаў на 565,4 тысячы долараў ці 85,9 працэнта ад агульнага аб’ёму імпарту. У сувязі з гэтым не атрымалі станоўчае сальда знешняга гандлю, паказчык склаўся мінус 650,8 тысячы долараў. Разам з тым актыўна развівалася ААТ “Твестуба”, толькі за 11 месяцаў якім выпушчана імпартазамяшчальнай прадукцыі больш чым на 8,8 мільярда рублёў і ў 2014 годзе плануецца павелічэнне аб’ёму вытворчасці.

Як і раней, развіваўся экспарт паслуг. Дзякуючы санаторыю “Лясныя азёры” гэты паказчык павялічыўся ў 1,3 раза і ўдалося выканаць даведзенае заданне па сальда знешняга гандлю паслугамі. У 2014 годзе тэмп росту экспарту тавараў без уліку нафтапрадуктаў прагназуецца не менш чым на 130 працэнтаў, экспарту паслуг – 112.

ГАНДАЛЬ

За 11 месяцаў тэмп росту рознічнага тавараабароту гандлю праз усе крыніцы рэалізацыі склаў 114,9 пры заданні 129. У раёне функцыянуе 91 аб’ект гандлю агульнай плошчай 6 тысяч квадратных метраў, з якіх 48 размешчаны ў сельскай мясцовасці, і 21 месца грамадскага харчавання на 469 пасадачных месцаў. Асноўным прадпрыемствам гандлю па-ранейшаму застаецца райспажыўтаварыства. За 11 месяцаў 2013 года ім укладзена інвестыцый у асноўны капітал у суме 1,3 мільярда рублёў, зроблены рамонт і ўстаноўлена новае халадзільнае абсталяванне ў 2 харчовых магазінах райцэнтра, на другім паверсе ўнівермага, магазінах аграгарадка Арэхаўна, вёсак Матырына, Мосар, Дубраўка, у красавіку набыты новы аўтамагазін. Развіваліся актыўныя формы гандлю. У выніку правядзення акцый атрымана дадаткова тавараабароту на суму 892 мільёны рублёў, у мінулым годзе арганізавана 57 кірмашоў, 253 разы праводзіўся продаж тавараў праз выязны гандаль, што прынесла дадатковага тавараабароту на 1,7 мільярда рублёў. Важкі ўклад у павелічэнне аб’ёму рознічнага тавараабароту ўносіць адкрыты ў 2012 годзе ўніверсам “Родны кут”, дзе дадаткова рэалізавана тавараў на суму 9 мільярдаў рублёў. У 2014 годзе даведзена заданне па павелічэнні рознічнага тавараабароту на 28 працэнтаў.

БУДАЎНІЦТВА

У будаўнічай галіне раёна занята 400 чалавек, якія працуюць у ПМК-66, прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, “Ніксілбудзе” і “Ляснеўшчыне”. За год у эксплуатацыю ўведзена 3200 квадратных метраў жылля – 14 дамоў у сельскай мясцовасці і 4 у гарпасёлку. На аб’екце “Квартал індывідуальнай забудовы №9 у г.п.Ушачы” выканана работ на 2,5 мільярда рублёў, 2,1 мільярда асвоена па аб’екце “Вуліцы і інфраструктура квартала індывідуальнай жылой забудовы па вул. Азёрная, Е.Лось, Дуброўскага ў г.п.Ушачы”, 453 мільёны рублёў зрасходавана на добраўпарадкаванне вуліц Камсамольскай і Школьнай, 314,7 мільёна накіравана на будаўніцтва ўчасткаў водаправода па вуліцах Полацкай, Каранеўскага, завулку Полацкім. На 3,4 мільярда рублёў выкананы работы па будаўніцтве фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва”, на 3,9 мільярда – будынка суда, 700 мільёнаў рублёў з раённага бюджэту пайшло на мадэрнізацыю бальніцы. Адным з праблемных пытанняў застаецца кошт будаўніцтва. Паказчык кошту аднаго квадратнага метра агульнай плошчы жылых памяшканняў, якія будуюцца з дзяржаўнай падтрымкай, па стане на 1 лістапада 2013 года для пяціпавярховых дамоў з цэглы склаў 7,5 мільёна рублёў. Кошт двухпакаёвай кватэры плошчай 58 квадратных метраў складае 432,8 мільёна, максімальны памер ільготнага крэдыту на сям’ю з трох чалавек – 286,2 мільёна, розніца – 146,6 мільёна рублёў – уласныя сродкі, якія ўносяцца падчас будаўніцтва. Сумма для большасці насельніцтва практычна непадымальная.

У раёне ж на чарзе па паляпшэнні жыллёвых умоў знаходзіцца 719 чалавек, у тым ліку 125 маюць права на атрыманне сацыяльнага жылля, з якіх 117 – дзеці-сіроты і дзеці, што засталіся без апекі бацькоў; 38 мнагадзетных сямей.

СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА

За 11 месяцаў атрымана валавой прадукцыі на 166,9 мільярда рублёў ці 85,4 працэнта пры заданні 110. Чакаецца атрымаць сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы 565 грамаў, удой на карову 2630 кілаграмаў. Сельскагаспадарчыя арганізацыі недаатрымалі і запланаваны аб’ём прадукцыі раслінаводства: 25107 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 19,3 цэнтнера з гектара, што на 7,9 тысячы тон менш, чым у 2012 годзе.

Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 6,5 працэнта, атрымана 8567 мільёнаў рублёў, рэнтабельнасць продажу сельскагаспадарчай прадукцыі склала 5,5 працэнта (сярэднеабласны паказчык – 3,6). Рэнтабельнасць без дзяржаўнай падтрымкі мінус 16,4 працэнта, літаральна ўсе гаспадаркі (без падтрымкі дзяржавы) спрацавалі стратна.

Сярэднямесячная заработная плата склала 2983 тысячы рублёў, рост да 2012 года – на 38,4 працэнта. Пры такім росце сярэднямесячнай заработнай платы прадукцыйнасці працы знізілася і склала толькі 93,5 працэнта, а павінна быць наадварот, таму што дадзены паказчык непасрэдна залежыць ад выканання прагнозных паказчыкаў.

Працягваецца работа па тэхнічным пераўзбраенні галіны. Гаспадаркамі раёна набыта больш 60 адзінак тэхнікі на суму звыш 23 мільярдаў рублёў. Удасканальваецца структура пасяўных плошчаў. З мэтай павелічэння контурнасці палёў працягваецца рэалізацыя праграмы “Чыстыя палі”.

Вядзецца рэканструкцыя малочнатаварных ферм з будаўніцтвам даільна-малочных блокаў “Хадакова” КУСГП “Дубраўка”, “Слабада” КУСГП “Арэхаўна”, “Глыбачка” ААТ “Дземенец”, капітальны рамонт з мадэрнізацыяй ферм “Сержаны” (“Ільюшынскі”), “Глыбачка” (“Глыбачаны”). На гэтыя мэты выкарыстана больш 4 мільярдаў рублёў з абласнога бюджэту і 0,5 мільярда ўласных сродкаў гаспадарак. З-за адсутнасці фінансавання не прыступілі да будаўніцтва ферм “Селішча” (“Агра-Селішча”), “Міхалкаўшчына” (“Вялікадолецкае”), “Кляпцы” (“Кублічы”), пашырэнне малочнатаварнай фермы да 720 кароў ААТ “Ушацкі райгарасэрвіс” в.Завячэлле.

У 2014 годзе неабходна забяспечыць эфектыўную работу сельскагаспадарчых арганізацый раёна. Працягваць работу па аднаўленні статка і захоўванні маладняку буйной рагатай жывёлы. З мэтай павелічэння надояў асемяненне дойнага статка і цялушак праводзіць толькі высокапрадукцыйнымі пародамі жывёлы. Забяспечыць укараненне прагрэсіўных тэхналогій вытворчасці сельгаспрадукцыі, яе перапрацоўкі і захоўвання. Забяспечыць валавую прадукцыю сельскай гаспадаркі ў аб’ёме не менш 100 працэнтаў, а каб гэтага дасягнуць без ПУП “Сарочына”, у гаспадарках тэмп росту валавой прадукцыі павінен скласці 132 працэнты.

ЭНЕРГАЗБЕРАЖЭННЕ

За студзень-кастрычнік мінулага года мэтавы паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 6,6 працэнта (заданне – мінус 7). Доля мясцовых відаў паліва па раёне 69 працэнтаў пры гадавым заданні 66. Чакаецца выкананне паказчыка па годзе на ўзроўні мінус 8 працэнтаў. Доля мясцовых відаў паліва складзе не менш 70 працэнтаў, а ў 2014 трэба павялічыць да 80.

УЗРОВЕНЬ РАЗВІЦЦЯ

У 2013 годзе адзначалася станоўчая дынаміка якасных паказчыкаў развіцця. Прадпрыемствамі раёна атрымана 4,9 мільярда рублёў чыстага прыбытку. Арганізацыі раёна зарабілі 429,8 мільярда рублёў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг), што на 14,4 працэнта больш аналагічнага перыяду мінулага года. У разліку на аднаго сярэднеспісачнага работніка за гэты час выручка ўзрасла на 22,2 працэнта і склала 152,6 мільёна рублёў, або 17,2 тысячы долараў ЗША.

У 2014 годзе ў раёне будзе працягвацца работа, накіраваная на забеспячэнне рэнтабельнасці продажу ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы не ніжэй 6 працэнтаў, зніжэнне матэрыялаёмкасці ў прамысловасці на 7, узроўню страт у арганізацыях камунальнай уласнасці – не менш чым на 1 працэнт, недапушчэнне стратнасці суб’ектаў гаспадарання.

ЗАНЯТАСЦЬ

Актыўная палітыка занятасці дазволіла не толькі ўтрымаць узровень беспрацоўя ў сацыяльна дапушчальных межах, але і спыніць яго да 0,4 працэнта да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне за садзейнічаннем у працаўладкаванні звярнулася 454 чалавекі, з іх зарэгістравана ў якасці беспрацоўных 228 чалавек.

У рамках рэалізацыі плана мерапрыемстваў на 2013 год па выкананні Дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва працаўладкаваны на пастаянную работу 371 чалавек, з іх 173 беспрацоўныя. Накіравана на прафесіянальную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі 15 беспрацоўных; працаўладкавана 14 грамадзян, якія не здольны на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы, з іх за кошт устаноўленай брані – 4; аказана фінансавая падтрымка ў арганізацыі ўласнай справы 12 беспрацоўным; 8 сем’яў беспрацоўных пераселена на новае месца жыхарства і работы; арганізавана часовая занятасць 113 чалавек з ліку навучэнцаў і студэнцкай моладзі.

Колькасць занятых у эканоміцы раёна склала 6160 чалавек, зменшылася на 458 чалавек з аналагічным перыядам мінулага года.

Намечаны канкрэтныя меры па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва на 2014 год. Асноўная задача – захаваць колькасць занятых у эканоміцы раёна.

ЗАРАБАТНАЯ ПЛАТА

Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў параўнанні з адпаведным перыядам 2012 года ўзрасла на 37 працэнтаў і склала 3495,8 тысячы рублёў. Рэальная заработная плата павялічылася на 15,2 працэнта.

У прамысловасці яна склала 3516,3 тысячы рублёў, у сельскай гаспадарцы, паляўніцтве і лясной гаспадарцы – 3125,3, будаўніцтве – 3503,7, транспарце і сувязі – 3828,4, гандлі – 3562,6 тысячы рублёў.

Заданне па росце заработнай платы, даведзенае аблвыканкамам, па раёне выканана на 82,7 працэнта.

У 2014 годзе неабходна: утрымаць дапушчальны ўзровень беспрацоўя; працаўладкаваць грамадзян на вакансіі, што маюцца, і стварыць працоўныя месцы; забяспечыць узровень сярэдняй заработнай платы не ніжэй 4379 тысяч рублёў.

Каб выканаць даведзеныя на 2014 год заданні, трэба далей развіваць прамысловую галіну, жорстка эканоміць матэрыяльныя і паліўна-энергетычныя рэсурсы, павялічваць рост інвестыцый у асноўны капітал і эфектыўна іх выкарыстоўваць, у тым ліку прыцягваць замежныя інвестыцыі, асаблівую ўвагу надаць развіццю і канкурэнтаздольнай вытворчасці сельскай гаспадаркі, дасягнуць росту вытворчасці працы над ростам заработнай платы. Работа прадпрыемстваў павінна быць накіравана на канчатковы вынік – рост выручкі, павышэнне рэнтабельнасці продажаў і атрыманне чыстага прыбытку.



2 комментария по теме “На сессии Ушачского районного Совета депутатов подвели итоги социально-экономического развития района в 2013 году

  1. На 3,4 мільярда рублёў выкананы работы па будаўніцтве фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва”, на 3,9 мільярда – будынка суда, 700 мільёнаў рублёў з раённага бюджэту пайшло на мадэрнізацыю бальніцы

    Я вот поражаюсь-для такого маленького райцентра такое огромное здание суда и денег больше всего.Неужели это важнее чем спортивный комплекс или больница.?

  2. Международный суд из Гааги передислацируется в Ушачи(соответственно Ушачи переименуьт в Нью-Гаага по типу Нью -Васюки )

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *