Женские праздники Тамары Пугач

Наш современник Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

“Калі б было званне “Герой гаспадаркі”, то Тамара Якаўлеўна Пугач за свае трыццаць гадоў працы заслужыла б яго ў першую чаргу”, – гэтыя словы галоўны аграном ААТ “Ільюшынскі” Аляксандр Сяргеевіч Селявёнак кажа без ценю ўсмешкі – загадчыца жывёлагадоўчага комплексу ў калектыве сапраўды чалавек заслужаны і паважаны. А падчас нашай размовы з Тамарай Якаўлеўнай адзначыў для сябе, што не толькі за прафесійныя якасці цэняць яе калегі, бо і напрыканцы шостага дзясятка гадоў яна зараджае моладзь бадзёрасцю і ўмее радавацца на першы погляд нават дробязям жыцця.

Зараз у падначаленні загадчыцы жывёлагадоўчага комплексу “Ільюшына” каля 50 чалавек, прычым калектыў далёка не жаночы. Але кіраваць мужчынамі Т.Я.Пугач не прывыкаць – у працоўнай кніжцы жанчыны ёсць запіс “начальнік аўтастанцыі г.Докшыцы”, дзе яна за адносна невялікі перыяд прайшла шлях ад касіра да кіраўніка.

– У суседні райцэнтр трапіла транзітам… праз Маскву, – расказвае Тамара Якаўлеўна. – Пасля заканчэння ў 1969 годзе васьмігодкі ў родным Турасполлі хацелася пабачыць свет. Паехала ў сталіцу, дзе працаваў старэйшы брат, скончыла фабрычна-заводскае вучылішча і працавала на камвольна-прадзільнай фабрыцы. У Маскве пазнаёмілася з маладым вайскоўцам, які аказаўся ўраджэнцам Докшыц. Пасля яго дэмабілізацыі яшчэ два гады перапісваліся, а потым ажаніліся.

Каля дзесяці гадоў адпрацавала Тамара Якаўлеўна ў Докшыцах, нарадзіла двух сыноў, завочна скончыла Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум.

– Нават і не думала, што спецыяльнасць заатэхніка калі-небудзь спатрэбіцца, – усміхаецца жанчына. – Вучылася, каб была сярэдняя спецыяльная адукацыя, ды і, як кажуць, “навуку за плячыма не насіць”.

Але склалася так, што менавіта набытыя веды вызначылі яе далейшы лёс. Падчас аднаго з візітаў на радзіму завітала Т.Я. Пугач у Старынку да Раісы Чэвідаевай, якая калісьці працавала начальнікам аддзялення паштовай сувязі ў Турасполлі і кватаравала ў маці Тамары Якаўлеўны – вось і здружыліся. На той момант жыццё з мужам у жанчыны не складвалася, таму і згадзілася на прапанову сяброўкі пераехаць на працу ў калгас “Дружба”.

– Здаецца, зусім нядаўна было, а прайшло ўжо трыццаць гадоў, – успамінае новы этап працоўнай біяграфіі Тамара Якаўлеўна. – Пасялілася ў Старынцы, працавала на фермах у Сержанах і Наваселлі. У тыя гады на сяле было многа моладзі, па вечарах у клубах круцілі кіно, актыўна працавала мастацкая самадзейнасць. Жыццё кіпела… Сустрэла мясцовага хлопца, зноў выйшла замуж, нарадзіла дачку.

Разам з гаспадаркай прайшла Тамара Якаўлеўна ўсе этапы рэфармавання, а пасля закрыцця фермы ў Сержанах узначальвае буйнейшы жывёлаводчы аб’ект прадпрыемства. Аб працы Т.Я. Пугач яскрава сведчыць хаця б той факт, што па выніках работы за 2012 год яна стала пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўлі сярод загадчыкаў малочнатаварных ферм.

Для яе не чужыя простыя жаночыя слабасці, а вось любімы занятак не кожнай жанчыне даспадобы – хвіліны вольнага часу Тамара Якаўлеўна аддае рыбалцы, якой захапляецца з дзяцінства, нягледзячы на ўзрост любіць лыжныя прагулкі.

На маё пытанне, як яна будзе адзначаць Дзень жанчын, Тамара Якаўлеўна, шчыра ўсміхнуўшыся адказала: “Яшчэ не ведаю, магчыма на комплексе, а магчыма дома”. Сапраўды, застаць яе на ўласным падворку, дзе хапае клопатаў па вялікай падсобнай гаспадарцы, бывае цяжэй, чым на працы. Справы комплексу патрабуюць пастаяннай увагі, а характар у гэтай працалюбівай жанчыны такі, што прывыкла ўсё кантраляваць сама.

– А святы што, іх многа, толькі паспявай адзначаць, – разважае Тамара Якаўлеўна. – Хаця некаторыя і супадаюць, як 9 Мая, калі ў мяне дзень нараджэння. Дзеці ў мяне талковыя, усе трое маюць вышэйшую адукацыю, радуюць сваімі поспехамі. Вось, напрыклад, нядаўна сына назначылі ляснічым – чым не свята для маці? Другі ў сферы гандлю працуе, таксама займае адказную пасаду. А дачушка прадаўжае маю справу, працуе ветурачом у адной з гаспадарак Полацкага раёна, нядаўна выйшла з дэкрэтнага водпуску. Як ніхто ведаю, што вельмі цяжка ёй спачатку прыйшлося, калі была адзіным спецыялістам на пяць тысяч галоў жывёлы. Але зараз на іх комплексе ўжо чатыры ветурачы, значна лягчэй, таму і мне спакайней за яе. Дзеці не забываюць, прыедуць – зноў свята. Часта тэлефануюць унукі – іх у мяне сямёра. Дзеля іх і працую ўжо пяць гадоў на пенсіі, хоць сыны з дачкой і супраць, але хочацца ім дапамагчы падняць унукаў. Дасць Бог і іхнім прафесійным поспехам парадуюся – вось і святаў у мяне прыбавіцца.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *