Для Татьяны Михайловны Жерносек дети — главный элексир от любой печали и смысл жизни

Наш современник Наши дети Экономика и малый бизнес

Гэтая жанчына гераіняй нашага аповеду стала невыпадкова. Неаднойчы ў рэдакцыю паступалі просьбы нашых чытачоў расказаць на старонках святочнага нумара, прысвечанага 8 Сакавіка, пра клапатлівую маму, выдатную настаўніцу, зайздросную гаспадыню і проста незвычайную жанчыну Таццяну Міхайлаўну Жарнасек з аграгарадка Арэхаўна.

Знайсці настаўніцу грамадска карыснай працы Арэхаўскай школы (ужо сама назва пасады многае гаворыць пра чалавека!) падчас яе чатырохгадзіннай “форткі” паміж урокамі, шчыра кажучы, думала, будзе няпроста. Між тым, пасля праведзенага гуртка кветкаводства для дзяўчынак малодшых класаў Таццяна Міхайлаўна не спяшалася пакідаць “зялёны клас” установы: палівала і рыхліла расаду, карміла тутэйшую жыўнасць.

– Знаёмцеся, гэта – любімчык многіх нашых вучняў – папугай Траўка, – з непадробнай цеплынёй сказала жанчына, перасоўваючы клетку з зялёнай птушачкай на сонечны бок стала. – А гэта нашы “шустрыкі” – чарапахі Маша і Даша, якія нярэдка ўстройваюць забегі па кабінеце, – перасаджваючы земнаводных з падлогі ў цёплую ванначку ля батарэі дадала настаўніца.

Здаецца, усё, што акружае гэтую жанчыну, апрыоры атрымлівае з запасам клопату і ўвагі. Напэўна, таму і ладзіцца ўсё ў яе руках. Заўсёды ў ідэальным парадку прышкольны ўчастак, за які адказвае. Тут разам з вучнямі Таццяна Міхайлаўна вырошчвае не толькі капусту, моркву, буракі, але і яравыя зерневыя культуры, шматгадовыя травы – як тлумачыць жанчына, для добрага севазвароту. Сапраўдным гонарам школы з’яўляецца шкляная цяпліца. Ужо зараз там высаджаны цыбуля, салата і радыс. Пасля іх уборкі “вакантныя” месцы зоймуць перцы, памідоры і баклажаны, ну а пазней – сакавітыя дыні і кавуны. Увогуле, Т.М.Жарнасек выдатна разбіраецца ў агратэхніцы вырошчвання садавіны і агародніны, заўсёды ўважліва і дбайна прадумвае ўсе этапы работы на ўчастку, арганізуе працу. Ёсць у яе і правераныя не раз на практыцы агародныя “знаходкі”. Так, напрыклад, таматы – а іх на “ўзбраенні” педагога больш за 30 сартоў – штогод саджае менавіта на Саракі – 22 сакавіка: па словах жанчыны, з гэтага дня да аптымальнай па часе рассадкі культуры калівы якраз набываюць неабходныя ўласцівасці і выгляд.

Дрэвы, кустарнікі, кветнікі на прышкольным участку таксама знаходзяцца пад “патранажам” настаўніцы грамадска карыснай працы. Шчыра радуецца Таццяна Міхайлаўна, калі расліны прыжываюцца на новым месцы, і непакоіцца, калі па нейкіх прычынах – не. Так, напрыклад, доўга перажывала, калі два гады таму зайцы аб’елі маладыя яблынькі. Зараз жанчына не толькі шчыльна ўкручвае ствалы новых дрэўцаў, але і пільна сочыць, каб зноў не з’явіліся на ўчастку няпрошаныя пушыстыя госці.

– Не раз прапаноўвалі Таццяне Міхайлаўне класнае кіраўніцтва, – адзначае дырэктар Арэхаўскай школы Ларыса Аляксандраўна Булаўка. – На жаль, з-за сваёй сціпласці не пагадзілася, бо не мае педагагічнай адукацыі. Між тым, у прафесіяналізме, уменні знаходзіць агульную мову з дзецьмі яна дасць фору нават самаму кваліфікаванаму настаўніку. Не кажу ўжо пра яе асаблівыя дысцыплінаванасць і акуратнасць у рабоце. Мы заўсёды ўпэўнены: тое, за што бярэцца Таццяна Міхайлаўна, будзе выканана ідэальна!

Вядомае народнае выслоўе “Шавец без ботаў” – дакладна не пра гераіню нашага аповеду: не толькі на школьным участку ў рамках прафесійных абавязкаў, але і дома – па закліку душы – яна актыўна займаецца сельгасработамі. Дарэчы, такая любоў да зямлі стала для яе лёсавызначальнай: пасля заканчэння школы арэхаўская дзяўчына паступіла ў Лужаснянскі тэхнікум, а пазней – у Вялікалукскую сельскагаспадарчую акадэмію на спецыяльнасць агранамія. Больш за 20 гадоў адпрацавала ў КУСГП “Арэхаўна”, а апошнія 13 – у Арэхаўскай школе.

Т.М.Жарнасек стварае ўражанне вельмі спакойнага, ціхага чалавека. Між тым, яе ўнутранай моцы, рашымасці можна пазайздросціць. Калі ў 1993 годзе згарэў дом, у якім жыла яе сям’я, яны разам з мужам Віктарам пачалі ўсё з нуля, набыўшы кватэру непадалёк. Каб хутчэй асвоіцца на новым месцы, Таццяна Міхайлаўна адразу ж з галавой акунулася ў справы: пасадзіла агарод, прывяла ў парадак кветнік побач з домам, займела немалую гаспадарку. Знаходзіла час і на творчасць, дарэчы, з некаторымі вершамі жанчыны мы ўжо знаёмілі нашых чытачоў.

І ўсё ж галоўным элексірам ад любой маркоты, сэнсам жыцця для Таццяны Міхайлаўны заўсёды былі дзеці. На жаль, лёс не падарыў ёй сваіх. Аднак не адчаілася. Разам з мужам паехалі ў Магілёў, дзе ў дзіцячым доме ўпершыню ўбачыла тады яшчэ шасцігадовых Кацюшу і Васю. Дадому, на Ушаччыну, сям’я Жарнасек вярталася ўжо ў пашыраным складзе…

– Асабіста ў мяне не было браціка і сястрычкі, – падзялілася з намі жанчына, – таму добра разумела, наколькі гэта няпроста – быць аднаму. Вось і рашылася адразу на дваіх дзетак, двайное шчасце.

Да слова, змяніць прафесію агранома на настаўніцу сельскагаспадарчай працы Таццяна Міхайлаўна Жарнасек вырашыла таму, што хацела як мага больш часу праводзіць з дзецьмі, не толькі дома – але і ў школе. Сімвалічнае дрэва міласэрнасці і любові, як і ўсе іншыя яе “гадаванцы”, разраслося і дало добрыя плады. Кацярына і Васіль выраслі добрымі людзьмі, сталі гонарам і надзейнай апорай прыёмным бацькам. Зараз абое жывуць ва Ушачах, летась стварылі ўласныя сем’і – аднак у доме любячых мамы і таты яны па-ранейшаму бываюць часта. З Кацярынай жа увогуле Таццяна Міхайлаўна сустракаецца літаральна штодня: дачушка пайшла па яе слядах – выкладае біялогію, геаграфію і экалогію ў Арэхаўскай школе. Адметна, што прадстаўнікі сям’і Жарнасек адчуваюць сябе выключна адзіным цэлым, дзе ўсе – самыя родныя і бясконца любімыя…

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “Для Татьяны Михайловны Жерносек дети — главный элексир от любой печали и смысл жизни

  1. Татьяна Михайловна и правда ОТЛИЧНЕЙШИЙ человечек — тёплый, искренний, доброжелательный. Искренне хочется пожелать ей всего-всего самого наилучшего в жизни!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *