Активисты лесничества Ореховской средней школы отмечены руководством Витебского государственного лесохозяйственного объединения

Наши дети Экология

Першыя школьныя лясніцтвы з’явіліся ў Савецкім Саюзе ў далёкім 1964 годзе. Юныя сябры лесу аказвалі дапамогу дарослым лесаводам, на іх рахунку тысячы карысных спраў. Прыемна, што гэтая добрая традыцыя захоўваецца і зараз.На сённяшні дзень ва Ушацкім раёне дзейнічае сем школьных лясніцтваў, адно з якіх — «Лесавічок», заснаванае на базе Арэхаўскай школы. За мінулы год юнымі лесаводамі ўстановы пасаджана 12,5 гектара лесу (56 тысяч 350 саджанцаў), выраблена 300 сінічнікаў. Дзеці размяшчаюць па лясах і ля вадаёмаў «аншлагі» — таблічкі з агітацыйнымі надпісамі на прыродаахоўную тэму, убіраюць смецце, развешваюць кармушкі. З вялікім жаданнем набываюць школьнікі экалагічныя веды, некаторыя з іх з’яўляюцца слухачамі Рэспубліканскай школы актыву юных лесаводаў пры Рэспубліканскім экалагічным цэнтры дзяцей і юнацтва. Дарэчы, бясплатны падвоз дзяцей да сталіцы ажыццяўляе Ушацкі лясгас. Аказвае прадпрыемства школе і іншую дапамогу. Так, напрыклад, пасадзейнічала набыццю патрэбных экспанатаў для кабінета экалогіі.

Цесныя, узаемавыгадныя адносіны Арэхаўскай школы з Ушацкім лясгасам высока ацэньваюцца не толькі ў раёне. Гэта пацвердзіла нядаўняе мерапрыемства, якое праходзіла ў раённым Доме культуры з удзелам моладзі Ушаччыны і прадстаўнікоў лесагаспадарчай галіны вобласці. Ва ўрачыстай абстаноўцы генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Аляксандравіч Даніловіч і дырэктар Ушацкага лясгаса Міхаіл Мікалаевіч Лёля ўручылі самым актыўным членам «Лесавічка» Наталлі і Сяргею Гардзіёнкам, Раману Літвіну, Анастасіі Алексяёнак і Ігару Тарасевічу Лісты падзякі і памятныя падарункі.

— Вельмі прыемна, што вы заўсёды з энтузіязмам выходзіце на пасадку лесу, клапоціцеся пра чысціню і парадак у лясных масівах, — сказаў, звяртаючыся да школьнікаў, Сяргей Аляксандравіч. — Сёння, любуючыся гектарамі, засаджанымі маладымі дрэўцамі, дзякуем тым, хто аказвае нам дапамогу, уносіць уклад у прымнажэнне ляснога багацця Ушаччыны і краіны ўцэлым. Спадзяюся: многія з вас у бліжэйшым будучым папоўняць рады нашай дружнай сям’і прафесійных лесаводаў, а для гэтага можна скарыстацца мэтавымі накіраваннямі, якія мы даём у Полацкі дзяржаўны лясны каледж.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *