Пора травостоя — не время для простоя

Сельское хозяйство

Травы на полі за Рыбакамі сёлета не ўрадзілі, але і не прапалі. Адсутнасць снегу зімой, незвычайна ранняя і сухая вясна паспрыялі ранняму пачатку вегетацыі.

– Травастой, канечне, мог быць і лепшым, – кажа дырэктар ААТ “Агра-Селішча” В.В.Кажан, які з ночы курсіруе паміж полем і сянажнай траншэяй ля комплексу ў Селішчы, кантралюе працэс корманарыхтоўкі. – Сумесь канюшыны з цімафееўкай на гэтым полі дае ўраджайнасць дзесьці пад 150 цэнтнераў з гектара.

Усе травы сёлета ў гаспадарцы першага і другога году, толькі 70 гектараў люцэрны – трэцяга. Менавіта гэту культуру Віктар Васільевіч называе выхадам для якаснай нарыхтоўкі кармоў на нашых бедных пясчаных землях і плануе паступова павялічыць адведзеныя пад яе плошчы.

390 гектараў розных траў трэба ўбраць невялікаму мехатраду гаспадаркі. 26-гектарнае поле за Рыбакамі роўная палявая дарога падзяляе нібы на дзве паловы. На адной травы ўжо былі ў валках, на другой яшчэ бачны быў няскошаны ўчастак. У адрозненне, напрыклад, ад уборачнай кампаніі, механізатары тут задзейнічаны мясцовыя, на мінулым тыдні абыходзіліся без дапамогі шэфаў.

– Вунь ля далёкага краю бачыце МТЗ-82, – закрываючы далонню высокае пасля абеду сонца, указвае на ўчастак поля кіраўнік. – Гэта з касілкай працуе Дзмітрый Бараўцоў. Другая касілка зачэплена за МТЗ-1221 Алега Крывёнка.

Пакуль размаўляем з Віктарам Васільевічам, ля нас у напрамку КВК-800 прагрукатаў МТЗ-1221 Юрыя Северына з пустым прычэпам, у адваротным напрамку накіроўваўся загружаны МАЗ-555, за рулём якога – Аляксандр Мялешка. Кормаўборачны комплекс амаль не прастойвае, бо адлегласць ад поля да траншэі невялікая і нават дзве адзінкі тэхнікі не даюць часу перакурыць Пятру Караткевічу. Анатоль Жаваранак на энерганасычаным МТЗ-3022 далучыцца да адвозкі заўтра, бо ў гэты дзень задзейнічаны на вывазцы мінеральных угнаенняў.

Бліжэй да нас скошаныя травы збіваў у валкі Генадзь Хадасевіч на МТЗ-82. Працаваў гэты вопытны механізатар з 10 гадзін, калі падсохла, а да таго ўсю ноч трамбаваў сянажную траншэю, адпачыў некалькі гадзін – і зноў у поле. Удзень жа на трамбоўцы зялёнай масы заняты Анатоль Подраз на “Амкадоры”, які працуе з 6 да 22 гадзін. У начныя ж часы для бесперапыннай працы змяняць яго даводзіцца па чарзе ўдзельнікам механізаванага атрада – нічога не зробіш, механізатараў не хапае. Якасць закладкі на траншэі, узброіўшыся вільгацямерам і тэрмометрам, кантраляваў ветэрынарны ўрач гаспадаркі Віктар Мечыслававіч Рудак.

У “Агра-Селішчы” сёлета запланавана закласці 3130 тон сенажу, больш 4 тысяч тон сіласу, 330 тон сена. Для выканання такіх паказчыкаў прыйдзецца вельмі пастарацца – у гаспадарцы не хапае зямель, нават нягледзячы на перададзеныя 200 гектараў з КУСГП “Кублічы”. “Мала што з іх возьмеш, землі практычна не апрацоўваліся, ужо ў гэтым годзе будзем іх рыхтаваць пад культуры”, – ацэньвае перспектыву В.В.Кажан.

Дождж, які ідзе амаль кожны дзень, уносіць карэктывы ў планы аграрыяў, перашкаджае нарыхтоўцы кармоў, але тэрмін уборкі траў да 15 чэрвеня ніхто не адмяняў. Многае залежыць і ад арганізацыі працы. У “Агра-Селішчы”, па словах дырэктара, механізатары выязджаюць у поле каля 6 гадзін раніцы, а касілкі – яшчэ раней. З Віктарам Васільевічам мы гутарылі ў пятніцу мінулага тыдня, а для таго, каб даведацца, як рана пачынаюць працу ў іншых сельгаспрадпрыемствах, мы разам з галоўным спецыялістам райсельгасхарча Ганнай Генадзьеўнай Кандрацкай учора накіраваліся ў некаторыя гаспадаркі раёна.

Роўна ў 6 гадзін спыніліся на мехдвары райаграсэрвіса. Нас сустракаў галоўны інжынер гаспадаркі Генадзь Сяргеевіч Юрчак і нядаўна прызначаны дырэктарам Альфрэд Альфрэдавіч Квач. Некаторыя ж спецыялісты яшчэ спяшаліся на працу.

– Тэхніка ў нас на ўчастках, адзін атрад працуе на дубраўскіх землях, другі ля Завячэлля, а Сцяпан Басак адправіўся на поле ля Цялічына – запэўніў нас галоўны інжынер.

Праз 15 хвілін на мехдвары ААТ “Ільюшынскі” мы засталі адпраўку механізатараў гаспадаркі на поле ля Старога Сяла, якіх на сваім УАЗе адвозіў дырэктар Сяргей Анатольевіч Халімоненка, а тэхніка засталася там з учарашняга дня. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Таццяна Барысаўна Бондарава паведаміла нам, што ўсе касілкі ўжо ў полі. Гэты факт пацвярджаў і выгляд мехдвара – ніводнай адзінкі тэхнікі, задзейнічанай на корманарыхтоўцы, там не назіралася.

У КУСГП “Вялікадолецкае” толькі скончылася планёрка, і дырэктар гаспадаркі Іван Піліпавіч Дарошчанка раздаваў апошнія ўказанні спецыялістам і механізатарам, сярод якіх трактарыстаў, занятых на касавіцы, не было. Трактар з касілкай у гэтым сельгаспрадпрыемстве а палове сёмай гадзіны раніцы можа знаходзіцца на мехдвары толькі з прычыны паломкі. Ля майстэрні стаялі гатовыя да выезду трактары з ПІМамі.

– Стараемся, працуем з 6 гадзін, заканчваем каля 21, – усміхаецца Іван Піліпавіч, які здаля прыняў нас за чарговых “правяраючых”. – Лічу, што гэтага часу і так шмат, чалавеку ж яшчэ трэба даехаць да мехдвара, паставіць тэхніку, памыцца ды і паспаць часу застаецца зусім нямнога – заўтра ж зноў да 6 на работу. А справіцца з першым укосам да 15 чэрвеня з нашымі тэмпамі паспеем, абы тэхніка не падводзіла. Адна бяда – ураджайнасць сёлета не радуе.

Дарэчы напярэдадні пад вечар гаспадарку нечакана наведаў начальнік аблсельгасхарча Сяргей Аляксандравіч Догель, які пасля аб’езду палёў і жывёлагадоўчых аб’ектаў не выказаў істотных заўваг і застаўся задаволены ходам работ у гаспадарцы, якая першай у раёне акрамя сенажу нарыхтавала і 30 тон сена.

У 7 гадзін раніцы механізатары КУСГП “Кублічы” яшчэ завіхаліся ля КВК-800 Віталя Цара.

– Дырэктар гаспадаркі ад’ехаў па пытаннях, трэба тэрмінова запускаць здрабняльнік, – паведаміў мне малады галоўны аграном Аляксандр Граненка. – Касілкі ўжо працуюць ля Чарапоўшчыны.

Мабыць, нешта наблытаў па прычыне нявопытнасці аграном, ці яшчэ не прывык да мясцовых назваў, бо адзін з механізатараў сказаў мне, што касілкі паехалі пад Судзілавічы. Не хочацца думаць, што сказаў няпраўду, бо ў размове, напрыклад, шчыра прызнаўся малады спецыяліст аб выбыцці на пару дзён аднаго з удзельнікаў касавіцы з-за “хваробы”, суправадзіўшы аповед выразным шчаўчком па горле.

Калі вярталіся ва Ушачы, вырашылі заехаць на траншэю комплексу “Маяк” райаграсэрвіса, куды, па словах Г.С.Юрчака, вось ужо паўтары гадзіны павінны былі вазіць “зялёнку” ад КВК-800 Сцяпана Басака. “Амкадор” на трамбоўцы працаваў, а вось паступленняў свежай здробненай травы не назіралася. Як не назіралася і самой тэхнікі на полі ля Цялічына, якую без дзесяці восем чакалі там тры МАЗы. “Можа, зламаўся Сцяпан…” – нерваваліся вадзіцелі. Як ні парадаксальна, але застаецца спадзявацца, што і сапраўды штосьці здарылася з тэхнікай, бо іншага апраўдання прастою ў такую гарачую пару проста няма.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *