Студенты Полоцкого агроэкономического колледжа убирают картофель на полях ОАО «Агро-Селище»

Сельское хозяйство

“Адзін! Восем! Дваццаць два! Шаснаццаць!” – звонкія дзявочыя галасы парушылі ў сераду вераснёўскую цішыню на полі ў Рыбаках. Першакурсніцы Полацкага дзяржаўнага аграэканамічнага каледжа хутка напаўнялі вёдры ладнымі клубнямі і спяшаліся да трактара, бойка выкрыкваючы свае нумары.

Адзіны хлопец у групе ледзь паспяваў высыпаць бульбу ў кузаў трактара – самыя дужыя і працавітыя дзяўчаты ўзброіліся адразу двума вёдрамі. Хоць адпрацавалі ўсяго палову дня, акрэсліліся ўжо перадавікі – у абсалютныя лідары выйшла Віка Шырокава. Сакрэты такога працоўнага запалу сваіх падапечных з гатоўнасцю раскрыў кіраўнік студэнцкага атрада Анатоль Рыгоравіч Карасікаў: “Працуем сёння першы дзень. Надвор’е неблагое, ды і бульба вунь якая чысценькая, роўная, сухая. Збіраць такую – адно задавальненне”.

І сапраўды, спрытныя жоўценькія клубні сартоў «ламбада» і «гала», якія сёлета раслі на палетках ААТ “Агра-Селішча”, радуюць вока. Лічбы ўраджайнасці агучваць пакуль рана, аднак поле ў Рыбаках дало бульбаводам падставу для аптымізму.

Добры настрой і ў памочнікаў, якія засталіся задаволенымі тым, як іх прынялі ў гаспадарцы. “Нас вельмі смачна пакармілі ў сталовай! Боршч і катлеты зніклі з талерак у імгненне вока!” – расказваюць дзяўчаты, а іх кіраўнік дадае: “Мы прыехалі раніцай у суправаджэнні машыны ДАІ, дырэктар сельгаспрадпрыемства прывітаў нас цёплымі словамі, эканаміст расказала пра дзённую норму (яна складае 60 вядзёр) і паабяцала па выніках работы прэміраваць трох лепшых навучэнак, патрэбнай інфармацыяй падзяліўся ўчастковы інспектар РАУС. А яшчэ нам спадабалася, што гаспадарка забяспечыла ўсіх новымі вёдрамі, зручнымі і невялікімі, прыкладна на 6 кілаграм – дзяўчатам не будзе надта цяжка”.

Дарэчы, працоўны дзень для 25 будучых бухгалтараў, сярод якіх ёсць непаўналетнія, доўжыцца толькі 6 гадзін. Штодня навучэнцаў будуць прывозіць у Селішча з Полацка – гэта больш мэтазгодна, чым сяліць іх у вёсцы. Першая працоўная вахта працягнецца да 16 верасня, пасля чаго на селішчанскія палеткі прыбудзе новая група.

У гаспадарцы, якая, дарэчы, сёлета адзіная ў раёне вырошчвае бульбу, спадзяюцца, што ўсе адведзеныя пад яе 50 гектараў удасца ўбраць у належныя тэрміны. Ну а наконт рэалізацыі вырашчанага ўраджаю дырэктар гаспадаркі Віктар Васільевіч Кажан не турбуецца: “Пакінем патрэбную колькасць на насенне, а астатнюю прададзім ушачанам, у тым ліку і на традыцыйных восеньскіх кірмашах”. Думаецца, попыт на гэты тавар будзе добрым: бульба сёлета ўрадзіла далёка не ва ўсіх, ды і па смакавых якасцях селішчанскія сарты вельмі прывабныя – гэта, прынамсі, магу сцвярджаць па ўласным вопыце спажыўца.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *