Во время осенних каникул учащиеся Глыбочанской средней школы побывали с профориентационной поездкой в соседнем Лепельском районе

Наши дети Образование и молодежь

У Глыбачанскай школе стала добрай традыцыяй падчас канікул падарожнічаць па родным краі. Мы пабывалі ўжо ў Полацку, Віцебску, Магілёве, Мінску, не гаворачы пра розныя мясціны Ушацкага раёна. А нядаўна ў рамках правядзення прафарыентацыйнай работы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з суседняй Лепельшчынай.

Экскурсія пачалася з вайсковай часці «Заслонава», дзе нас сустрэў намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце Дзмітрый Аляксандравіч Глінскі. Ён расказаў нам, што знаходзіцца на тэрыторыі часці, паказаў вялікі асфальтаваны пляц, на якім салдаты займаюцца страявой падрыхтоўкай. Прыняцце прысягі, іншыя ўрачыстасці праходзяць тут жа. Мы зайшлі ў казарму, пазнаёміліся з умовамі нясення службы і быту салдат. Дзмітрый Аляксандравіч асабіста правёў майстар-клас па правілах абыходжання з рознымі відамі зброі, а пасля прапанаваў вучням самім разабраць і сабраць аўтамат АК-74.

У парку баявых машын нам расказалі шмат цікавага пра ваенную тэхніку Т-72, БМП, БТР. Вучням дазволілі пасядзець на месцы камандзіра, а самыя смелыя пабывалі ў ролі наводчыкаў — трэба сказаць, школьнікі даволі хутка асвоілі азы ўпраўлення пушкай баявых машын пяхоты.

Па дарозе з парка мы паглядзелі гістарычныя будынкі, у якіх адбываліся падзеі 30-х гадоў мінулага стагоддзя. А пасля наведалі палявы каравул, дзе патрымалі ў руках сапраўдны пісталет, убачылі вальер з каўказскімі і нямецкімі аўчаркамі, якія, аказваецца, таксама нясуць службу. У канцы нашага знаходжання ў вайсковай часці мы аказаліся ў сталовай, дзе нас пачаставалі смачным абедам, і мы ўпэўніліся, што харчуюцца байцы ўдосталь.

Д.А.Глінскі запрасіў прыязджаць яшчэ летам, у час вучэнняў. Паабяцаў нам арганізаваць цікавую ваенную гульню, дзе юнакі змогуць пастраляць з ваеннай зброі і праехаць на танку. Думаю, што мы скарыстаемся гэтай магчымасцю, тым больш што гэта будзе праходзіць у такі адметны час, як святкаванне 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Знаходзячыся на Лепельшчыне, нельга не пабываць на знакамітым прадпрыемстве «Лепелька», экскурсію на якое арганізавала для нас начальнік вытворчага цэха. Прадукцыю малаказавода ведаюць не толькі ў краіне, але і далёка за яе межамі. На прадпрыемстве нам паказалі тэхналогію вырабу сухога малака, сметанковага масла, марожанага. Цікава было даведацца, што сухое малако «Лепелька» пастаўляе нават у Венесуэлу. Праз тэрыторыю малаказавода праходзіць чыгунка, па якой прадукцыя адпраўляецца па краінах СНД. На развітанне нас пачаставалі вельмі смачным «цёплым» марожаным («цёплае», паколькі прама з канвеера).

Як перапрацоўваецца малако, мы паглядзелі, заставалася толькі пазнаёміцца з навейшымі тэхналогіямі даення кароў на фермах, што мы і зрабілі ў вёсцы Стары Лепель. Загадчыца фермы правяла нас па «сваёй гаспадарцы». Вельмі цікава было глядзець, як робаты абслугоўваюць кароў: мыюць, дояць. На табло ў гэты час высвечваецца мянушка рагулі, яе вага і колькасць малака, якое дае кожная доля вымя.

Стомленыя, але задаволеныя, мы вярталіся ўвечары дадому. Лепельшчына пакінула ў нас шмат прыемных уражанняў, а ўспаміны аб цікавым краі, думаецца, застануцца надоўга.

З.ЖОГАЛЬ, настаўніца Глыбачанскай школы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *