Агроэкоусадьба Н.Д.Подреза «Николаевский посад» в конкурсе «Лучшая агроэкоусадьба 2013 года Витебской области» стала лауреатом в номинации «Здоровый образ жизни»

Благоустройство Личное подсобное хозяйство Наш современник Экология Экономика и малый бизнес

Падпраграма «Пяцьсот» Рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады — больш чым пасільная задача для нас. Такую ўпэўненасць выказаў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў падчас нядаўняй урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу «Лепшая аграэкасядзіба 2013 года Віцебскай вобласці». У рамках падпраграмы планавалася адкрыць 100 аграэкасядзіб, а ўжо створана амаль удвая больш. На сённяшні дзень на Віцебшчыне налічваецца 508 суб’ектаў аграэкатурызму, і іх колькасць працягвае расці. Як, дарэчы, і колькасць заявак для ўдзелу ў конкурсе. Сёлета за перамогу ў ім змагалася больш за 30 суб’ектаў аграэкатурызму вобласці. Адметна, што ўпершыню на спаборніцтвах быў прадстаўлены Ушацкі раён — аграэкасядзіба «Мікалаеўскі пасад», што ў Сержанах.Напэўна, большасць ушачан не трэба знаёміць з уладальнікам гэтай сядзібы: пра М.Д.Падрэза, яго сям’ю і любімую справу мы неаднаразова расказвалі на старонках газеты, многія і самі бывалі ў «Мікалаеўскім пасадзе». Штогод на аграэкасядзібу да Мікалая Дзмітрыевіча прыязджаюць не толькі жыхары раёна, вобласці, але і замежныя госці. Сёлета, напрыклад, тут адпачывала латвійская група з 33 чалавек, часта бываюць расіяне. Далёка не кожная аграэкасядзіба Віцебшчыны прымае ў сябе грамадзян Германіі, Францыі, Англіі і іншых краін — для М.Д.Падрэза ж гэта прывычная з’ява. Ён і сам любіць павандраваць па свеце, пазнаёміцца з новымі людзьмі, пераняць вопыт у калег «па цэху».

— Я не імкнуся капіраваць чужыя ідэі, — сцвярджае Мікалай Дзмітрыевіч, — у нашай справе важна індывідуальнасць. А вось арганізатарскім уменням уладальнікаў некаторых аграэкасядзіб можна і трэба вучыцца. Увогуле, лічу, што поспех сядзібы — не толькі ў камфортных умовах пражывання кліентаў, але і ў шчырасці, адкрытасці яе гаспадароў.

Акрамя асаблівай гасціннасці на фоне сваіх абласных канкурэнтаў аграэкасядзіба «Мікалаеўскі пасад» вылучаецца тым, што тут створаны ўмовы для здаровага і карыснага адпачынку. Праверыць свае спартыўныя здольнасці можна на футбольным полі ці паласе перашкод. Улетку адпачываючыя прывозяць з сабой батуты, тэнісныя сталы з неабходным абсталяваннем. Альпіністаў не пакідаюць раўнадушнымі высокія сосны, якімі багата наваколле: час ад часу «вырастаюць» скаладромы для трэніровак. Раздолле тут і для аматараў адпачынку на вадзе: побач знаходзіцца возера з абсталяваным пляжам, некаторыя групы прывозяць байдаркі. Наталіць жа смагу пасля актыўных гульняў і трэніровак можна смачным бярозавым і кляновым сокам, якімі частуе сваіх гасцей Мікалай Дзмітрыевіч. Ну а сагрэцца цёмнымі зімовымі вечарамі дапаможа гарбата з шыпшыны і лекавых траў.

Усё гэта не засталося па-за ўвагай арганізатараў конкурсу «Лепшая аграэкасядзіба 2013 года Віцебскай вобласці», якія прысудзілі «Мікалаеўскаму пасаду» званне лаўрэата ў намінацыі «Здаровы лад жыцця».

— Вельмі прыемна, што нашу аграэкасядзібу заўважылі і ацанілі, — адзначыў М.Д.Падрэз пасля цырымоніі падвядзення вынікаў конкурсу. — Першы блін не аказаўся камяком. Між іншым, спыняцца на дасягнутым не будзем — зробім усё, каб яшчэ лепш зарэкамендаваць сябе ў адпачываючых і, магчыма, у бліжэйшым будучым стаць пераможцам спаборніцтваў.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: М.Падрэз і інструктар-метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т.Шарына.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *