Первая звезда Ушачской детской школы искусств Людмила Добровольская дала концерт в родной альма-матер

Ими гордятся Экономика и малый бизнес

Канцэрт быў разлічаны на навучэнцаў. У зале пераважна малодшакласнікі – не самая ўдзячная публіка, а дакладней – самая патрабавальная. І тым не менш – абсалютная цішыня, пакуль гучыць музыка, і шчырыя апладысменты, калі яна змаўкае.

На сцэне – Людміла Дабравольская – прэзідэнцкі стыпендыят па падтрымцы таленавітай моладзі, першая зорка Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў, якая заззяла не пасля заканчэння, а ў яе межах. На міжнародным конкурсе акардэаністаў у Латвіі ў гонар Люды ўзнімаўся сцяг Беларусі – яна была лепшай. Гэты момант яе выкладчыца Наталля Генадзьеўна Пашкевіч памятае як сёння. Неперадавальны момант абсалютнага шчасця. І вось Люда зноў у сценах роднай альма-матар. І хоць на афішы невядомае прозвішча Сямёнава – усе пазнаюць: гэта наша Люда Дабравольская.

– Ці варта было мяняць такое прыгожае і знакамітае прозвішча? – пытаецца Наталля Генадзьеўна ў вучаніцы, калі мы пасля канцэрта гутарым у іх класе. Усё ў тым жа маленькім класе з паўночнага боку, куды так часта прыбягала Люда пазаймацца і ў пазаўрочны час.

– Ну гэта толькі ва Ушацкай школе мастацтваў ведаюць гэта прозвішча, а ў Мінску… Ды і не ў прозвішчы справа, можна пры жаданні і гэтае праславіць, – парыруе Люда.

І верыцца, што так яно і будзе, паколькі яна заўсёды дабівалася пастаўленых мэт. Перамога на конкурсе імя Жыновіча, прэзідэнцкая стыпендыя і занясенне ў банк даных таленавітай моладзі. Заканчэнне Наваполацкага вучылішча і паступленне ў Акадэмію музыкі. А на другім курсе той лёсавызначальны ў яе жыцці дзень. Выдатны дзень. Другакурсніца  кансерваторыі Людміла Дабравольская атрымала золата на V Дэльфійскіх гульнях дзяржаў-удзельніц СНД і прыняла ўгаворы сябровак наведаць дыскатэку. Да гэтага дзяўчына забаўляльныя мерапрыемствы ігнаравала, як і не заўважала поглядаў прадстаўнікоў мужчынскага полу. У прыватнасці і старшакурсніка-трамбаніста Сяргея Сямёнава. З той дыскатэкі і пачалося іх каханне, якое праз год завяршылася вяселлем. У акадэмічны водпуск з нараджэннем дачушкі Люда таксама не пайшла. «Былі прыклады, калі ў інтэрнаце і без дапамогі дзяўчаты спраўляліся, а ў мяне муж, свякроў, было каму дапамагчы». І хоць складаней стала, яна па-ранейшаму паспяхова вучылася. «Будзем рыхтавацца да конкурсу», – сказаў выкладчык ужо старшакурсніцы, не ведаўшы, што ў Люды іншыя планы… Акадэмічны яна не ўзяла і падчас другой цяжарнасці, а Акадэмію музыкі скончыла ў тэрмін і з «адзнакай». Прычым, не з-за спагады, маўляў, ёй складана, а наадварот – насуперак – дэкан прынцыпова прыходзіў на ўсе яе экзамены.

– Ці памятаюць з цягам гадоў пра прэзідэнцкіх стыпендыятаў? – пытаюся ў Люды.

– Існуе ж банк даных, дзе запісаны нашы прозвішчы. Кожны год тэлефануюць, цікавяцца, чым займаюся. А раней была нават асобная чарга для лаўрэатаў на атрыманне жылля, і ў ёй па горадзе Мінску я значылася сёмай. Гэта ўсяляла  надзею. Праўда, зрухаў так і не заўважылі і зараз пачынаем з мужам будаваць дом у Мінскім раёне.

І хоць маладой маме яшчэ год можна знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцяці і не думаць пра работу, яна ўжо сёння працуе… над сабой. І падарожжа на радзіму – таксама не проста бесклапотная пабыўка ў мамы. Люда прыехала з акардэонам і загадзя падрыхтавала сольны канцэрт. Кожны нумар суправаджаўся даступным аповедам пра падставы напісання твору, аўтара, а калі ішлі замалёўкі пра жывёлу – нават паказвала спецыяльна прывезеныя малюнкі. Дзеці спачатку смяяліся, а потым ўважліва слухалі на здзіўленне выкладчыкаў школы. Я ж лавіла сябе на думцы, які яна выдатны педагог – без вопыту, але з такім адчуваннем дзяцей і залы.

– Я думаю, чым хацела б займацца. Яшчэ калі вучылася ў Акадэміі, меркавала паступаць у аспірантуру і нават тэму абірала. Мяне чакаюць у першай музычнай школе Мінска, дзе я выкладала на трэцім курсе. Толькі вось не надта многа дзяцей абіраюць зараз акардэон. Не ведаюць інструмента, не ведаюць, на што здольныя. Вось і хачу прапагандаваць перад дзецьмі яго магчымасці, зацікавіць. А паколькі не была на юбілеі школы, вырашыла выступіць з канцэртам зараз, паглядзець, ці атрымаецца, і назапашваць матэрыял на будучыню. Запісы канцэртаў, якія за год зраблю, потым пакажу ў філармоніі, бо менавіта там хацела б працаваць.

Вось так усё лагічна ў гэтай самаарганізаванай маладой дзяўчыны. У пачатку восені паставіла задачу і пачала падбіраць нумары. «У праграме не было таго, што мне падабалася, вось і напісала сама», – жартуе Люда наконт уласнага кампазітарства. Дарэчы, вельмі здзівіла тым, што піша, сваю выкладчыцу. «Ну што Вы, Наталля Генадзьеўна, гэта ж не першая спроба. У трэцім класе я паказала Вам свой вальс, так мне хацелася, каб Вы пахвалілі, ды пэўна ён Вас не ўразіў». Дзіцячая спроба была напісана для піяніна, а вось «Танга» – першы твор Люды для акардэона. Пакуль першы. А яшчэ яна спявае. Уважлівыя і пераборлівыя слухачкі – яе дочкі. Малодшая не кожную калыханку адобрыць, таму і ведае мама іх шмат. І радуецца, што музычнымі ў іх музычнай сям’і растуць дзяўчынкі.

Што датычыцца канцэрта, то ён быў настолькі разнапланавы і цікавы, што спадабаўся і малым, і дарослым. Лезгінка, вальс, танга, замалёўкі пра жывёлу і яе дыпломная работа, сур’ёзны твор «SOS» пра гібель падлодкі «Курск». Пазнавальна, цікава, лёгка для ўспрыняцця.

– Я памятаю, наколькі мне сумна было на канцэртах сур’ёзных выканаўцаў, імкнуся не паўтараць памылак калег.

Менавіта я ні на хвіліну не сумняваюся, што канцэрты Людмілы Сямёнавай будуць заўсёды праходзіць  пры запоўненай зале. І толькі адзін чалавек па-ранейшаму не расслабіцца пад бездакорныя гукі – Наталля Генадзьеўна Пашкевіч зноў хвалявалася як на чарговым конкурсе.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *