Все при деле, а на самом деле… «Ушачскому райагросервису» дали неделю исправительного срока. Смогут ли специалисты остановить развал и исполнять свои обязаннности?

Выясняем ситуацию

Усяго толькі тыдзень папраўчага тэрміну даў старшыня райвыканкама спецыялістам “Ушацкага райаграсэрвіса”. Не маладым спецыялістам і не стажорам за гэты тыдзень неабходна будзе даказаць, што яны не страцілі кваліфікацыі і могуць адпавядаць тым пасадам, якія займаюць. Датычыцца гэта ў першую чаргу галоўных спецыялістаў прадпрыемства.

Мала часу? Улічваючы сітуацыю, якая пануе на гэтым валаўтвараючым прадпрыемстве раёна, – многа. А калі дакладней, яго няма зусім, паколькі любы новы дзень бяздзеяння толькі ўскладняе сітуацыю для людзей, якія працуюць і жадаюць атрымліваць ад гэтага годную зарплату. Ці, улічваючы рэаліі часу – хаця б атрымліваць своечасова.

Рыба гніе з галавы. Факт неаспрэчны, і мноства ўшацкіх сельгаспрадпрыемстваў ужо канула ў лету менавіта па гэтай прычыне. Адны не спраўляюцца з кіраваннем у сённяшніх вельмі няпростых умовах. Другіх проста няма кім замяніць, паколькі сапраўды далёка не кожны добры спецыяліст можа кіраваць іншымі людзьмі. Пры ўсім неблагім штаце “Ушацкага райаграсэрвіса” ўласных кіраўнікоў так і не вырасцілі. Ва ўсялякім разе літаральна ўсе з іх за апошнія гады выконвалі абавязкі дырэктара прадпрыемства, а галоўны інжынер С.Г.Юрчак – нават тройчы.

Так, цяперашняя больш чым няпростая сітуацыя складвалася гадамі і не адным папярэднім кіраўніком: вялікія даўгі, адсутнасць вольных сродкаў, нізкая прадукцыйнасць. І ніхто не патрабуе за гэты тыдзень ці нават месяц выправіць становішча – гэта нерэальна. А вось спыніць развал, прыступіць да элементарнага выканання сваіх абавязкаў і сацыяльна­эканамічных прагнозаў – можна і неабходна.

Пакуль што гэтага не назіралася. Ведаючы, што пытанне аб рабоце “Ушацкага райаграсэрвіса” вынесена на разгляд у райвыканкаме, нават не схамянуліся навесці элементарны парадак. Убачаныя фотаздымкі ўразілі. І сведчаць яны не пра дробязі, а пра агульны стан: з падрыхтоўкай тэхнікі – коўш трактара прыстасаваны пад складзіраванне тары; ніхто не ведае, што кожны акумулятар павінен быць пранумараваны, шматпакутны экскаватар так і не вярнуўся на базу; супрацьпажарны стан – скрыня для пяску сваёй некранутай чысцінёй сведчыць, што пяску там ніколі і не было…

Пералічаць можна многае, але галоўнае, што так і не спынены крадзеж усяго, што толькі можна, і факты сведчаць, што крадуць калі не самі работнікі сэрвісу, то з іх згоды ці для іх. Металічную агароджу, зніклую з комплексу “Завячэлле”, знайшлі на двары аднаго са спецыялістаў, салярку з тэрыторыі выносіла сужыцельніца вартаўніка. На гэтыя самыя апошнія крадзяжы пайшлі, пераканаўшыся, што за папярэднія ніхто не адказаў.

На пасяджэнні практычна кожнаму са спецыялістаў было дадзена слова. Яны маглі назваць і ўказвалі прычыны, якія перашкаджаюць працаваць. Адзін з іх спаслаўся на недахоп спецыялістаў і на адкрытую непатрэбную стаўку ідэолага. Жанчына шчыра выказалася з пункту бачання свайго вузкага ўчастка работы. А я б сказала, што менавіта ідэолага не хапае на дадзеным этапе прадпрыемству больш за ўсё. Ідэолага, які б паказаў, што выправіць сітуацыю магчыма, асабліва ў час адтэрміноўкі даўгоў і ўключэння прадпрыемства ў склад холдзінга. Што для гэтага трэба працаваць, як працуюць хаця б у суседніх “Вялікадолецкім”, “Дземенцы”, Ільюшынскім”. Што трэба быць камандай, якая працуе на агульны вынік, ад якога і залежыць заробак.

“Я не ведаю, што горш – бяздзеянне ці імітацыя дзеяння”, – сказаў на пасяджэнні, даючы ацэнку работы райаграсэрвіса, старшыня райвыканкама. Хаця пытанне гэта рытарычнае. Намнога горш менавіта імітацыя дзеяння, паколькі марнуюцца сродкі, ды і намнога складаней выявіць – хто ж цягне прадпрыемства назад. Вось і з райаграсэрвісам так жа. Узяць кожнага спецыяліста паасобку – цудоўныя людзі, кожны пры справе, а на справе…

Надой на карову – усяго 1676 кілаграмаў, на 647 ніжэй, чым у 2013 годзе. Ну а можна прыгадаць і недалёкі 2010­ты, калі менавіта “Ушацкі райаграсэрвіс” быў флагманам па вытворчасці і малака (3512 ад каровы), і мяса (733 грамы). Летась жа сярэднясутачныя прывагі – 543 грамы, пагалоўе ў параўнанні з 2013 годам знізілася на 1576 галоў, у тым ліку на 249 кароў. Забяспечанасць статкаў цялушкамі – толькі 48 працэнтаў. Зараз не маюць і паловы тых аб’ёмаў вытворчасці малака і мяса, якія мелі ў 2010­м. Гэта адзінае за мінулы год сельгаспрадпрыемства, якое пры спрыяльных умовах надвор’я мінулага года не забяспечыла па намалоце ўзровень 2013. Ды і за студзень­люты 2015 валавая вытворчасць склала толькі 44,5 працэнта да ўзроўню мінулага года.

А спецыялісты працуюць, іх наяўнасць, дарэчы, больш, чым у іншых гаспадарках. Прычым галоўны заатэхнік, тры ветэрынарныя ўрачы, галоўны інжынер і галоўны аграном, аграном­насеннявод, аграном­аграхімік, загадчык майстэрні і вядучы інжынер па аўтатранспарце – працуюць на працягу многіх гадоў, спасылацца проста няма на каго. Кіраўнікі мяняліся, аднак калі б працавала сістэма, кожны на сваім месцы – то ці такой адчувальнай была б яго адсутнасць. Зараз жа спецыялістам перш за ўсё трэба задумацца над тым, ці будзе заўважана на прадпрыемстве іх адсутнасць.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *