Очередной концерт в школе искусств впечатлил ушачан

Общество

Хацелася б падзяліцца з чытачамі нашай газеты сваімі ўражаннямі аб канцэрце, які адбыўся ў школе мастацтваў 20 мая. Пачну з таго, што я вельмі паважаю “жывую” музыку. Калісьці вучылася ў музычнай школе, у студэнцкія гады часта хадзіла на канцэрты рок­-груп, а зараз рэгулярна наведваю канцэрты ў школе мастацтваў па даволі прыемнай прычыне – на іх выступае мой сын. Вось ужо год, як ён асвойвае цымбалы пад началам маладога, але вельмі таленавітага педагога Ірыны Коршун, а з некаторага часу яшчэ і іграе ва Узорным аркестры народных інструментаў пад кіраўніцтвам Маргарыты Андрэеўны Грынберг. Той, хто з ёй знаёмы, падпішацца пад маімі словамі: гэта вельмі інтэлігентная жанчына, прафесіянал, які па­сапраўднаму любіць МУЗЫКУ і ДЗЯЦЕЙ. І тое, як у яе на працягу 30 гадоў атрымоўваецца кіраваць калектывам, склад якога штогод змяняецца, варта бязмежнай павагі. Дык вось, на прыгаданым канцэрце аркестр пад кіраўніцтвам Маргарыты Андрэеўны выканаў такія творы, якія абвяргаюць агульнапрынятыя меркаванні аб народных інструментах. Чаго грэх утойваць, я таксама раней пры словах “цымбалы”, “балалайка”, “домра” ўяўляла сабе таўстушак у какошніках і вышыванках з адпаведным рэпертуарам тыпу “У полі бярозка стаяла” або “Валёнкі”. Але ж на народных інструментах можна выконваць і класічны вальс, і эстрадныя кампазіцыі, і нават музыку да кінафільма “Сямнац­цаць імгненняў вясны”.  Менавіта гэты твор, “Імгненні” М.Тарывердзіева, больш за ўсё спадабаўся майму сыну. А ён жа звычайны сучасны хлопчык, які неахвотна садзіцца за ўрокі, затое любіць гуляць у футбол і камп’ютар. Проста “ўзарвала” залу песня “Салавей, салавей, птушачка”, якую выканалі і нават праспявалі ўдзельнікі аркестра. Зусім нечакана для мяне загучалі цымбалы дуэтам з баянам, акардэонам, фартэпіяна. Аказваецца, гэта вельмі ўніверсальны інструмент, на ім нават класіку рока можна іграць! Некаторыя вучні школы выступалі разам са сваімі выкладчыкамі і гэта было так пранікнёна і кранальна.

Я глядзела канцэрт і думала вось пра што: як пашанцавала дзецям, якія маюць магчымасць не толькі слухаць музыку, але і выконваць яе. Як пашанцавала жыхарам нашага райцэнтра, якія могуць “пусціць” сваіх дзяцей, а разам з імі і сябе, у МУЗЫКУ. Ці, хутчэй, упусціць музыку ў сябе. А тым, хто скептычна ставіцца да інструментальнай музыкі, хачу нагадаць, што пры ўсёй разнастайнасці сучасных электронных, “сінтэтычных” рытмаў, фінал “Еўрабачання­2015” адкрываў сімфанічны аркестр.

Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць выкладчыку школы мастацтваў Алене Анатольеўне Сазонавай, якая ўсё ж пераканала мяне, што мой сын “павінен быць у музыцы”; выкладчыку па класе цымбал Ірыне Васільеўне Коршун, якая мужна дапамагае яму гэтую музыку выконваць; выкладчыку па сальфеджыа Вользе Генадзьеўне Косых; кіраўніку аркестра Маргарыце Андрэеўне Грынберг, якая сапраўды робіць цуды; а таксама дырэктару, усім выкладчыкам і навучэнцам школы мастацтваў, якія кожным сваім выступленнем дораць нам свята.

В.ХАМЯНОК, г.п.Ушачы.



3 комментария по теме “Очередной концерт в школе искусств впечатлил ушачан

  1. Ну так да !!! Умнички !!!
    Это Вам не Районный центр культуры и народного творчества, которому ещё расти и расти.

  2. А как же иначе. Так и должно быть. За пять — семь лет можно и медведя научить ездить на велосипеде!. А Маргарита Гринберг просто чудо!. Оркестр это вам не сольное исполнение. Творческих успехов, талантливых оркестрантов и крепко здоровья, тебе Маргарита Андреевна!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *