В Ушачах ночевал Наполеон. Изучаем историю своего края

Калейдоскоп Листая страницы истории

Гэты гістарычны факт ужо апеў у сваім вершы Рыгор Барадулін. Хоць усе мы, ушачане, мала што ведаем пра гэта.

У музей народнай славы прыйшоў ліст ад французскага прафесара, гісторыка Ф.Бакура з просьбай вызначыць на схеме Ушач месца, дзе начаваў Напалеон. У лісце змешчаны цікавыя гістарычныя факты, якія, акрамя агульнага інтарэсу, даюць некаторыя арыенціры на верагоднае месца начлегу Банапарта. Дарэчы, сам Ф.Бакур заязджаў аднойчы ва Ушачы, аглядаў горад, але старых будынкаў, зразумела, не ўбачыў. Вось пераклад ліста, дасланага ў музей.

“Напалеон праследваў Барклая дэ Толі з Вільні, потым былі Свянцяны, 17.07.1812 – Паставы, 18 ліпеня ён прыбыў у Глыбокае і спыніўся там у манастыры кармелітак, адтуль выехаў 21 ліпеня.

Армія Барклая дэ Толі адыходзіла да Дзвінскага лагера (Верхнядзвінск). Напалеон хацеў затрымаць яе на Дзвіне з супрацьлеглага боку, таму накіраваўся на Віцебск. 22 ліпеня быў ва Ушачах, 23 – у вёсцы Камень, 24 – накіраваўся ў Бешанковічы і потым на Віцебск.

Вядомы два лісты Напалеона з Ушачы, якія датаваны 23 ліпеня 1812 года. Адно – маршалу Удзіно ў Полацк, каб той сачыў за арміяй Вінгенштэйна і не дапусціў сутыкнення з ёй. Другое – маршалу Мюрату, у якім у пяць гадзін пасля поўдня інфармаваў яго, што накіроўваецца ў Камень, і перадаваў некаторую ваенную інфармацыю.

21 ліпеня Напалеон загадаў разбурыць шэсць вежаў манастыра ва Ушачах”.

Відаць, немагчыма зараз дакладна вызначыць месца, дзе спыняўся ва Ушачах Банапарт. Калі толькі не ўсплывуць з архіваў яшчэ якія­небудзь дакладныя звесткі. Пакуль што застаецца меркаваць.

На той час у нашым мястэчку была ратуша, вялізны судовы дом, драўляны манастыр базіліян 1672 года пабудовы і новы (1782 года) мураваны манастыр дамініканцаў. Не лічачы іншых малых пабудоў. Варыянт начлегу ў невялікіх дамах можна выключыць адразу, бо французскі генерал Міхаіл Сакальніцкі так характарызаваў у сваіх доследах мясцовае жыллё: «Невялікія дамы для раскватаравання не прыстасаваны – арміі давядзецца разбіваць бівакі. Прыстасавацца да ўмоў пражывання мясцовых жыхароў магчыма, калі маеш некаторы вопыт». Зразумела, што калі не падыходзілі дамы для салдат, тым больш не падыходзілі яны для Напалеона.

У Глыбокім, як сведчыць ліст, ён спыняўся ў манастыры. Хутчэй за ўсё, што ва Ушачах ён таксама павінен быў выбраць манастыр. У тэксце ліста гаворыцца, што Напалеон загадаў разбурыць шэсць вежаў манастыра 21 ліпеня, калі сам (як бачна з таго ж ліста) да Ушач яшчэ не даехаў. Манастыр дамініканцаў не меў вежаў, застаецца меркаваць, што быў разбураны манастыр базіліян. А паколькі ў разбураным манастыры начаваць не будзеш, застаецца здагадвацца, што ён выбраў вялізны мураваны манастыр дамініканцаў (цяпер прыблізна на гэтым месцы размешчаны РДК).

Аднак, усё гэта толькі меркаванні, здагадкі, зробленыя на падставе спасылак ліста і карты Ушач 1792 года, апісання пабудоў, зробленага С.Сяргеевым.

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *