В Ушачском районе стартовала уборочная кампания

Сельское хозяйство

Нешматлікія жыхары Весніцка, не спешчаныя відовішчамі ўрачыстасцей раённага маштабу, у сераду прыйшлі на поле за вёскай задоўга да пачатку свята “Зажынкі”. Працаўнікі КУСГП “Вялікадолецкае”, як і належыць гасцінным гаспадарам, накрывалі сталы і праводзілі апошнія прыгатаванні да пачатку мерапрыемства. Паглядаючы на пахмурнае неба, нерваваўся і даваў камусьці ўказанні па мабільным тэлефоне дырэктар сельгаспрадпрыемства Іван Піліпавіч Дарошчанка, а мясцовыя жанчыны з павагай пазіралі на камбайнераў гаспадаркі, якія нешта горача абмяркоўвалі, ды таксама няспешна вялі гутарку. Зрэшты, тэмы выключна ўсіх размоў былі аднаго кшталту – пачалася ўборачная!

Трэба сказаць, што жніво стартавала яшчэ за некалькі дзён да правядзення ўрачыстасці – палова гаспадарак на той момант ужо вывела камбайны ў поле на збожжавыя культуры, яшчэ раней ішла ўборка рапсу. Таму свята “Зажынак” стала афіцыйнай кропкай адліку менавіта масавай уборачнай кампаніі, калі да гэтай справы падключыліся ўсе сельгаспрадпрыемствы. Надвор’е сёлета не вельмі спрыяе хлебаробам, але чакаць часу няма – аб гэтым казаў, адкрываючы мерапрыемства, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Леанід Аляксандравіч Лісоўскі, які пажадаў усім працаўнікам сяла паспяхова дасягнуць запланаваных намалотаў.

А ўбіраць на палях раёна ёсць што – нягледзячы на капрызы надвор’я збажына не прапала. Яе першы сімвалічны сноп быў зжаты ўручную, сярпамі, пад старажытныя песні і паклоны зямельцы­карміцельцы – як гэта рабілі нашы далёкія продкі сотні гадоў назад. Традыцыйны абрад выканалі ўдзельніцы фальклорнага калектыву “Матырынская спадчына”. Першы сноп быў уручаны “гаспадару” поля І.П.Дарошчанку.

Прывітаўшы гасцей, сярод якіх акрамя кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадарак, райсельгасхарча былі старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка, члены райвыканкама, Іван Піліпавіч коратка праінфармаваў удзельнікаў свята аб гатоўнасці да ўборачнай. Стану спраў у “Вялікадолецкім” большасць сельгаспрадпрыемстваў можа толькі пазайздросціць – допуск да жніва атрымалі ўсе восем камбайнаў, адзінаццаць адзінак тэхнікі бу­дуць ажыццяўляць адвозку зерня, прыведзены ў належны стан і тры сушылкі М­819. Немалаважна і тое, што вялікадальчане зноў будуць абыходзіцца ўласнымі кадрамі, без шэфскай дапамогі. На першы план выходзіць забеспячэнне палівам, яго рацыянальнае выкарыстанне. Таму і не сталі ў “Вялікадолецкім” дзеля прыгожага малюнка гнаць на поле ўсе камбайны, бо непасрэдна перад пачаткам свята на тэрыторыі гаспадаркі прайшоў дождж, ды і чатыры адзінкі тэхнікі яшчэ былі адрэгуляваны пад уборку рапсу. Толькі КЗС­1218 Васіля Рыгоравіча Алексяёнка займаў пачэснае месца на ўскрайку поля. Менавіта гэтаму механізатару пад дружныя апладысменты калег і прысутных перадаў сімвалічную эстафету пачатка жніва і павязаў ручнік мінулагодні пераможца спаборніцтваў на ўборачнай А.Д.Спірыдзёнак з ААТ “Ільюшынскі”. Анатоль Дзмітрыевіч пажадаў калегам па хлебаробскім цэху моцнага здароўя, каб не падводзіла тэхніка ды і надвор’е паспрыяла.

На ўскрайку прыгожага пшанічнага поля былі ў гэты дзень і астатнія нязменныя атрыбуты свята – вершамі, песнямі і танцамі радавалі ўдзельнікаў работнікі культуры. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах вынеслі каравай, ацаніць смак якога не прамінулі ўсе жадаючыя. І нават прырода злітавалася над хлебаробамі – рассунуліся хмары і надыходзячая навальніца толькі самым краем, адзінкавымі кроплямі прымусіла панервавацца гаспадароў і гасцей. Магчыма, паспрыяла гэтаму і малітва – хлебаробы і іх тэхніка атрымалі Боскае благаславенне ад благачыннага раёна протаіерэя Вячаслава Лобеца.

Шмат узнёслых і добрых слоў прагучала ў гэты дзень у адрас аграрыяў. І ў кожнага з іх быў адзін і той жа сэнс: хлеб – найкаштоўнейшае зямное багацце, жніво – гарачая пара, а якасная ўборка збажыны становіцца стратэгічнай дзяржаўнай задачай.

Канечне, гэты год не самы лепшы для хлебаробаў. Аднак ім асабліва няма калі перажываць па тым, што згублена, важна ўбраць і захаваць тое, што маецца. Такім быў лейтматыў семінара, які спецыялісты райсельгасхарча правялі адразу пасля завяршэння ўрачыстай часткі. Вельмі важна адразу настроіцца на выніковую работу, не затрымацца на старце. Кожнае жніво не падобна адно на адно і трэба быць гатовым да розных ускладненняў – тады і ўборка пройдзе паспяхова. Шанаваць тэхніку, забяспечыць правільную наладку камбайнаў, каб не дапусціць страт – задачы першачарговыя. Л.А.Лісоўскі і яго намеснік па раслінаводстве Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў закранулі такія важныя пытанні, як выкананне заказу па продажы хлеба дзяржаве, засыпка насеннага матэрыялу – над іх вырашэннем трэба працаваць з першага дня жніва.

Неабходна строга захоўваць тэхніку бяспекі. Лепш, да прыкладу, няхай камбайн пастаіць нейкіх 5­10 хвілін, але затое не будзе дапушчана людскіх страт, калецтва. Такія сумныя выпадкі, на жаль, у некаторых раёнах здараюцца.

Прадугледжаны, як заўсёды, меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання лепшых хлебаробаў. Адпаведная задача ў арганізацыі і аператыўным падвядзенні вынікаў спаборніцтва на жніве ўскладзена на прафсаюзы, ідэалагічных работнікаў.

Д.РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *