Решить проблему с длинными брюками и другой одеждой ушачанам помогает швея КБО Раиса Северин

Экономика и малый бизнес

У Беларусі жывуць толькі даўганогія топ­мадэлі – так здаецца, калі прыходзіш на рынак ці ў магазіны адзення. Большасць штаноў на некалькі сантыметраў даўжэй, чым патрэбна. Вырашыць гэту праблему ўшачанам не першы год дапамагае гераіня нашага сённяшняга аповеду.

У швейным цэху заўсёды працавалі людзі, для якіх прафесія краўца ці закройшчыка – не проста абавязак, а любімая справа, што ніколі не была ў цяжар. Сярод такіх – ураджэнка вёскі Павулле Р.У.Севярын, у працоўнай кніжцы якой за амаль 40 гадоў стажу быў толькі адзін запіс – швачка Ушацкага РКБА.

У правільнасці выбару прафесіі Раіса Уладзіміраўна ніколі не сумнявалася. Пасля заканчэння школы падала дакументы ў Полацкае прафесійна­тэхнічнае вучылішча і пазней вярнулася на малую радзіму, дзе ўладкавалася ў КБА.

– У тыя гады ўсё было па-­іншаму, – расказвае жанчына. – Напэўна, прадстаўнікі старэйшага пакалення памятаюць, якой папулярнасцю ва ўшачан карыстаўся пашыў адзення. Нас тады ў швейным цэху было пяцёра – і работы хапала кожнаму! Паступова патрэба ў паслугах краўцоў, закройшчыкаў губляла актуальнасць – зразумела, скарачаўся і наш штат. Да нядаўняга часу нас было двое. Калі ж КБА “трансфармаваўся” ў комплексны прыёмны пункт, які зараз працуе ў скарочаным рэжыме (тры дні на тыдзень), я засталася ўвогуле адна.

Дарэчы, апошняе ніяк не адбіваецца на ўзроўні абслугоўвання грамадзян. Раіса Уладзіміраўна працуе на сумленне, выконвае і нават перавыконвае норму. Звычайна на выкананне заказу ёй патрэбны дзень. Аднак бываюць і экстранныя выпадкі: скажам, апранаючы касцюм на важнае мерапрыемства, чалавек “сарваў” маланку ці, доўга не апранаючы рэч, нечакана для сябе “ўтапіўся” ў ёй. Тэрмінова выправіць падобную сітуацыю яму дапаможа Р.У.Севярын, якая з разуменнем адносіцца да кожнага кліента, затрымліваецца на рабочым месцы і пасля заканчэння вызначанага часу.

– Многія лічаць прадстаўнікоў маёй прафесіі апантанымі людзьмі, якія ні днём, ні ноччу не выпускаюць з рук іголку з ніткай, – з усмешкай зазначае Раіса Уладзіміраўна. – Гэта, канечне, памылковае меркаванне. Асабіста я ўсе “шавецкія” справы пакідаю выключна на рабоце, а вольны час праводжу з блізкімі людзьмі, езджу на дачу ў Павулле, дзе прайшло маё дзяцінства, займаюся апрацоўкай агароду і навядзеннем парадку на зямлі. Увогуле, лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо, адпаведна знакамітаму выслоўю, з аднолькава добрым настроем раніцай іду на работу, а ўвечары вяртаюся дадому.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *