Место, куда хочется вернуться. Ушачане и гости района любят отдыхать на Вечелье

Общество

Вытрымаўшы даволі працяглую паўзу, лета ўрэшце рэшт вырашыла нагадаць пра сябе. І пакуль працавітыя агароднікі імкнуцца ўратаваць выгараючыя градкі, а нецярплівыя паляўнічыя бядуюць з-за адкладу дазволу на здабыццё вадаплаўнай дзічыны, аматары пляжна-турыстычнага адпачынку дружна кінуліся на берагі вадаёмаў. Не ўстаялі перад спакусай і мы, накіраваўшыся на адно з самых папулярных ва ўшачан і гасцей раёна месцаў – былую вадналыжную базу на возеры Вечалле.

“…А дзе Міша? Ці пакатае ён нас?” – гэтыя папулярныя пытанні то і справа гучаць на беразе. Так па-свойску называюць адпачываючыя цяперашняга ўладальніка базы Міхаіла Іванавіча Дуніка. І сапраўды, гаспадар пункту пракату водных атракцыёнаў у гэтыя дні ні хвілінкі не сядзіць на месцы: здаецца, толькі павёз людзей на катары на аглядальную экскурсію па Вечаллі, а ўжо няўрымслівая дзятва нецярпліва тузае яго за выратавальную камізэльку: “Дзядзя Міша, пакатай на скутары!” (Дарэчы, каштуе тутэйшы “водны экстрым” не так ужо і дорага – ад 30 тысяч за паслугу). Ды і дарослыя наведвальнікі базы, здаецца, усе ў сяброўскіх адносінах з яе гаспадаром – надзвычай прыветлівым і добразычлівым чалавекам, які і мангал для шашлыку пазычыць, і з дрывамі дапаможа, і прадуктаў з Ушач прывязе, калі папросяць.

“Хадземце, я вас вячэрай пачастую!” – прапанавала пры знаёмстве з намі мінчанка Валянціна Канстанцінаўна Шчарбакова. Адварная бульбачка з мясам і тушаным кабачком выглядалі па-дамашняму смачна, а жанчына патлумачыла, што гатуе тут нават клёцкі: складае спіс таго, што патрэбна, а гаспадары ўсё прывозяць прама на бераг. 66-гадовая Валянціна Канстанцінаўна – самы адметны жыхар базы, яе “фанат” і старажыл. “Летась упершыню адкрыла для сябе гэты райскі куточак і проста закахалася ў ваша Вечалле. Пражыла тут да верасня і ўсю зіму не магла дачакацца, калі зноў прыеду на базу. Вось і сёлета бязвыезна жыву тут усё лета – і не сумую, нават калі надвор’е неспрыяльнае”, – расказвае мінчанка.

Увогуле сталічных жыхароў сярод адпачываючых многа: малады чалавек Аляксандр, напрыклад, ужо быў на Вечаллі неаднойчы, зараз жа прывёз сюды і жонку з маленькім сынам. А вось Дзмітрый прыехаў у кампаніі сяброў, бо яго найперш прываблівае мясцовая рыбалка.

Давялося сустрэць на базе і старэйшую дачку добра вядомага ўшачанам спартсмена і трэнера Ігара Лешчанкі, жыццё якога было цесна звязана з гэтым месцам. Менавіта Ігару Віктаравічу, яго сябрам Барысу Акулёнку і Сяргею Фаміну належала ініцыятыва развіваць, а потым аднавіць на Вечаллі водны спорт, на працягу некалькіх год мужчына займаўся арганізацыяй адпачынку і пракату плавальных сродкаў, аднак, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця. Каб захаваць памяць пра гэтага выдатнага спартсмена і чалавека, на другім паверсе адміністрацыйнага будынку базы створаны невялікі музей з прыгожым сучасным стэндам, дзе выстаўлены ўзнагароды Ігара Віктаравіча, яго фатаграфіі, адлюстраваны слаўны шлях на спартыўнай і трэнерскай ніве. Маюцца тут і экспанаты, што датычацца яго выхаванцаў – фотаздымкі і ўзнагароды Мікалая Несцярэнкі, Аляксандра Ігнатовіча, іншых спартсменаў і нават шмат гадоў праляжаўшы ў вадзе фал Зіны Дапёркі, які абарваўся падчас трэніроўкі і быў выпадкова знойдзены на дне возера падчас вадалазных работ. Стэнд для гэтага мемарыяльнага куточка дачка Паліна спецыяльна заказала ў Мінску: дзяўчына працуе выкладчыкам у БНТУ, а ў вольны час абавязкова наведваецца ва Ушачы. “Тата паставіў мяне на лыжы ў пяць гадоў, і хоць я не стала прафесійнай спартсменкай, схільнасць да актыўнага ладу жыцця захавала: вось і зараз разам з мужам асвойваем вейкбордзінг”, – расказвае Паліна.

…“А мы прыедзем сюды яшчэ?” – давялося пачуць ад аднаго з малышоў, якога мама катала ў гамаку, пакуль іх тата гуляў з сябрамі ў валейбол. “Канечне, абавязкова прыедзем!” – адказала тая. І ў гэтым можна не сумнявацца, бо той, хто хоць аднойчы пабываў на нашым дзівосным Вечаллі, абавязкова вернецца сюды яшчэ не раз.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Место, куда хочется вернуться. Ушачане и гости района любят отдыхать на Вечелье

  1. Уважаемая редакция,перечитайте книгу «Память», и узнаете кому на самом деле спасла жизнь Мать Петруся Бровки.И измените вашу статью за 17.10.2015.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *